Кардынал Гуджэроці звярнуўся да дзяржслужачых і ўсіх жыхароў Беларусі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
«Шукайце еднасці і любові ў гэтым народзе».
Спецыяльны Пасланнік Папы Рымскага кардынал Клаўдыё Гуджэроці падчас святой Імшы падзякі за 100 год дыяцэзіі 25 кастрычніка ў пінскім катэдральным касцёле звярнуўся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады Беларусі.
Ён заўважыў, што дзяржслужачыя прысутнічаюць на ўрачыстасці, і адзначыў, што хоча звярнуцца асабліва да прадстаўнікоў улады:
«Шукайце любові, шукайце дабра ў гэтым свеце. Шукайце еднасці і любові ў гэтым народзе. Вы – народ ціхі, спакойны, і ў гэтым ваша моц. Таму што вы пакорныя, сціплыя, працавітыя, і людзі з народаў па-за Беларуссю таксама вас любяць такімі якімі вы ёсць. Таму што вы шчырыя, праўдзівыя, адкрытыя».
Кардынал заклікаў чыноўнікаў «дапамагаць гэтаму народу развіваць гэтыя ягоныя найлепшыя якасці».

Таксама падчас гаміліі Пасланнік Папы звярнуўся з заклікам да ўсіх беларусаў і адзначыў, што «служыць Богу – гэта тое, што павінна нас аб'яднаць».
Ён нагадаў пра каталіцкага святога Андрэя Баболю, жорстка забітага казакамі, і папрасіў:
«Будзьма разам усе мы, якія з’яўляемся паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста. Будзем жа працаваць разам, каб Касцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню».
Кардынал выказаў надзею, што Папа Рымскі «ў будучыні зможа асабіста вас убачыць і ўбачыць тое, што бачыў я», пры гэтым згадаў Чырвоны касцёл у Мінску [ён закрыты ўжо болей за тры гады]:
«Я жыў непадалёк ад Чырвонага касцёла [калі быў Апостальскім нунцыем у Беларусі], ведаю, што лепш не ўзгадваць гэтую назву, але я там жыў побач. І калі я праходзіў каля яго, заходзіў, заўсёды там былі людзі, якія маліліся не толькі падчас Імшы, часта самі, адны, часта са слязамі на вачах. Гэтыя малітвы – як узнятыя рукі Майсея, якія запэўніваюць добрую будучыню для гэтага народа».
Media
Related items
-
Знойдзеныя парэшткі ў Мінску пакуль не перадалі парафіі, будоўля працягваецца
-
Знакаміты касцёл у Кіеве абавязалі вярнуць вернікам – прынята канчатковае рашэнне
-
Святар з горыччу выказаўся пра сваё новае прызначэнне – вернікі адрэагавалі
-
У «Гомельскіх Курапатах» адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, – зноў не
-
На будоўлі ў Мінску знайшлі чалавечыя парэшткі – тут былі каталіцкія могілкі