Пра штучныя кветкі на могілках і немагчымасць наведаць магілы родных далі парады святары
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Сёлета «Дзяды» зноў адзначаць у адзін дзень і католікі, і праваслаўныя. Што рабіць тым, хто знаходзіцца далёка ад могілак, дзе пахаваныя блізкія?
Дзмітрыеўская бацькоўская субота ў праваслаўных у 2025 годзе прыпадае на тую ж дату, што і ўрачыстасць Усіх святых у католікаў — 1 лістапада. У гэты дзень, а таксама назаўтра, 2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, прынята наведваць магілы родных і блізкіх.
У беларусаў гэтае свята мае народную назву «Дзяды» і да 1998 года яно было выходным, а затым было адменена ўказам прэзідэнта.
Напярэдадні гэтых дат прынята наводзіць парадак на магілах блізкіх: рабіць уборку, абнаўляць кветкі.
Але як паступіць тым, хто па розных прычынах апынуўся далёка ад магіл сваіх родных і не можа іх наведаць? Парады далі каталіцкія святары, а таксама патлумачылі, ці дарэчы штучныя кветкі на могілках.
Паводле аднаго са святароў, у выпадку, калі няма магчымасці наведаць магілы родных і блізкіх, можна падаглядаць за любой чужой закінутай магілай на могілках таго горада, дзе чалавек жыве цяпер:
«Гэта будзе вельмі добрым учынкам і выразам памяці пра нашых блізкіх, якія чакаюць уваскрашэння».
Іншы святар адзначыў, што выразам любові да бліжняга служыць таксама клопат пра беларусаў, магілы якіх ужо няма каму наведваць, і малітва за іх:
«Таму, нават калі мы жывем у месцы, дзе няма пахаванняў нашых сваякоў, мы можам наведаць прынамсі магілы тых людзей, якія блізкія нам па нацыянальнай прыкмеце».
У выпадку, калі ў акрузе няма магіл суайчыннікаў — гістарычных асоб, то аб'ектам клопату могуць стаць, напрыклад, воінскія пахаванні савецкіх або іншых салдат, альбо любыя магілы, якія патрабуюць навядзення парадку.

Але самае галоўнае — малітва аб вечным жыцці для родных і блізкіх у Валадарстве Нябесным (чытайце — навошта маліцца за памерлых).
У клопаце пра іх варта падаць запіску ў тым храме, які вы наведваеце, замовіць інтэнцыю святой Імшы аб іх, ахвяраваць поўны адпуст, які можна атрымаць з 1 па 8 лістапада (чытайце, як).
У парафіі ў Варнянах далі парады, як паводзіць сябе на могілках у гэтыя дні і ці варта выкарыстоўваць штучныя кветкі.
«Агледзьцеся вакол. Магчыма, побач — забытая магіла, дзе ўжо няма каму паставіць свечку, дзе родныя далёка або не маюць сілы прыйсці. Падайце руку любові — прыбярыце і гэтую магілу. Гэта будзе вашай малітвай, вашым учынкам міласэрнасці, вашым сведчаннем веры».
Другі момант:
«Памятайце таксама пра парадак і павагу да святасці гэтага месца: не пакідайце смецце побач з урнамі, не кідайце яго за кусты ці пад дрэвы; не заязджайце на аўтамабілях на тэрыторыю могілак — гэта месца спакою, дзе спяць нашы блізкія».
Наступнае:
«Калі адбываецца працэсія на могілкі, не заставайцеся ўбаку, не назірайце здалёк, з-за помніка свайго роднага. Прайдзіце разам з супольнасцю — як адзін народ Божы, як сям’я, што моліцца за сваіх памерлых. Гэта не проста шлях паміж магіламі — гэта шлях веры, надзеі і любові. Прымайце ўдзел у агульнай малітве, разам са святаром і вернікамі. Не адварочвайце сэрца, нават калі сустрэлі знаёмага — адкладзіце размову на пазней. Бо ў той момант гучыць малітва, і нашы душы пакліканы быць у еднасці з Богам».
Яшчэ адзін момант:
«Асобна просім звярнуць увагу: штучныя кветкі — гэта не ўпрыгожванне, а непатрэбны матэрыял, які засмечвае могілкі і прыроду вакол. Яны не нясуць духоўнага сэнсу, не дыхаюць малітвай. Лепш прынесці жывую кветку, свечку і малітву — тое, што сапраўды сведчыць пра любоў і памяць».
І галоўнае:
«У гэтыя дні асабліва важна не толькі паставіць свечку, але і быць на Імшы, удзельнічаць у святой літургіі, дзе Цела Хрыстова яднае нас з тымі, хто ўжо адышоў. Гэта не толькі знак памяці, але і жывая малітва, якая ўзносіцца да Неба».
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Нечаканыя падрабязнасці руйнавання капліцы на Смаргоншчыне распавёў мясцовы жыхар
-
Беларусь «не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай» – Папскі пасланнік
-
Кардынал Гуджэроці звярнуўся да дзяржслужачых і ўсіх жыхароў Беларусі
-
Святар распавёў пра здарэнне на трасе Мінск – Гродна і як яго ўратаваў Ружанец
-
Старадаўнюю капліцу знесла аўто ў Смаргонскім раёне: якой яна была