BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Будслаў прызначылі «духоўным цэнтрам» католікаў Беларусі. Што гэта значыць на практыцы?

Што будзе з заменай даху і як тут збіраюцца «аб'ядноўваць не толькі католікаў», канкрэтыкі пакуль няма.

Па распараджэнні дзяржаўных уладаў канфесіі Беларусі вызначылі свае «духоўныя цэнтры», для католікаў такім стаў Нацыянальны санктуарый у Будславе. На гэтую тэму для дзяржСМІ правялі прэс-канферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкай царквы.

Паколькі праз два дні на афіцыйных каталіцкіх рэсурсах пакуль так і не з'явіліся матэрыялы па выніках прэс-канферэнцыі, мы паглядзелі яе запіс і выбралі галоўнае – каб дапамагчы вернікам зразумець, што фактычна азначае прысваенне санктуарыю новага статусу, што гэта яму дасць і якіх зменаў можна чакаць.

Перш за ўсё адзначым, што касцёл у Будславе ўжо шмат гадоў з'яўляецца для католікаў «духоўным цэнтрам», бо ён мае статус Нацыянальнага санктуарыя. Афіцыйнае «прызначэнне» важнае для дзяржаўных уладаў, якія хочуць упісаць дзейнасць канфесій у сваю мадэль кіравання.

Улады зацвердзілі «комплекс мерапрыемстваў», згодна з якім у Будславе збіраюцца праводзіць канферэнцыі, чытанні, выставы, арганізаваць тут «музей канфесіі». Яшчэ Нацыянальны санктуарый разам з іншымі «духоўнымі цэнтрамі» будуць прэзентаваць на турыстычных выставах.

Таксама ў Будславе правядуць выязное пасяджэнне міжканфесійнай рады пры Ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў – першае такое пасяджэнне ужо прайшло ў мячэці ў Іўі, у «духоўным цэнтры» мусульман.

Задачу, якія ставяць улады канфесіям – «ствараць адзінства» – пацвердзіў на прэс-канферэнцыі ксёндз Юрый Ясевіч, прэс-сакратар архідыяцэзіі. Паводле яго, «Будслаў будзе развівацца ў такім кірунку, каб аб'ядноўваць не толькі католікаў, але і людзей іншых вызнанняў».

Як гэта будзе на практыцы, святар не патлумачыў.

«Будслаўскі касцёл, як духоўны цэнтр, павінен кіравацца ідэяй аб'яднання людзей у веры, і не толькі католікаў. Мы гаворым і пра цэнтры іншых канфесій. Мы павінны паказаць, што мы адзінае цэлае і імкнемся да дабра», – сказаў ксёндз Ясевіч.

Асцярожна, але больш канкрэтна выказаў сваё бачанне аб развіцці Будслава пробашч мясцовай парафіі ксёндз Аляксей Раманчук. Перш за ўсё ён нагадаў, што пасля пажару ў касцёле быў усталяваны часовы дах, які неабходна замяніць на сталы.

Святар выказаў надзею, што ў гэтым дапамогуць вернікі, людзі добрай волі і дзяржава. З гэтага вынікае, што дамоўленасці аб тым, што дах будынка, уключанага ў дзяржаўны спіс помнікаў архітэктуры, будзе фінансаваць дзяржава, няма.

Нагадаем, на першапачатковае аднаўленне пасля пажару Нацыянальны санктуарый збіраў ахвяраванні – тады грамадзяне і арганізацыі пералічылі амаль 1,5 млн рублёў.

Ранейшы пробашч паведамляў, што замяніць часовы дах на сталы планавалася да 2024 года, але гэтага не адбылося. Пазней, у 2024 годзе, святар казаў, што «надышоў момант», калі трэба падрыхтоўваць замену даху, што працы вельмі дарагія і толькі на праект і экспертызу патрабуецца больш за 100 тыс. рублёў. Тады ж ён нагадаў аб працягу збор ахвяраванняў.

Зараз на прэс-канферэнцыі новы пробашч таксама заўважыў, што для таго, каб Будслаў стаў «духоўным цэнтрам не намінальным, а рэальным», патрабуецца развіццё інфраструктуры вёскі. Ён сказаў пра неабходнасць стварыць годныя ўмовы, каб пілігрымы маглі з камфортам наведваць Будслаў, пераначаваць тут.

На пытанне, якія праграмы будуць развіваць у духоўным цэнтры, святар адзначыў, што спачатку трэба развіваць інфраструктуру пасёлка, а затым ужо казаць пра арганізацыю тут якіх-небудзь мерапрыемстваў.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Media

Last modified onПятніца, 12 Снежань 2025 13:43
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць