BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Моцнае слова на Вялікі пост арцыбіскупа Кандрусевіча: пра гандаль часам і пакаленне ахвяр

Мы дазваляем часу дэвальвавацца. Пачуццё віны і граху страчана. 

Сёлета католікі пачалі Вялікі пост 18 лютага з Папяльцовай серады абрадам пасыпання галавы попелам (чытайце, што ён сімвалізуе). На пачатак гэтага важнага перыяду да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. 80-гадовы іерарх, якога многія лічаць галоўным духоўным і маральным аўтарытэтам, напісаў моцнае слова на Вялікі пост, у якім назваў праблемы сучаснага чалавека і паказаў, што з гэтым рабіць.

Поўны тэкст апублікаваны на сайце архідыяцэзіі. Мы выбралі галоўнае і прыводзім вытрымкі.

Як піша іерарх, паколькі ў вечнасць мы не возьмем з сабой ні рахунку ў банку, ні аўтамабіля, ні хаты – нічога, акрамя духоўнага багажу, большае значэнне, чым матэрыяльныя каштоўнасці і грошы, мае час.

Як абараніць свой час, разумна яго траціць і не гандляваць ім?

Правіла простае — або яго выкарыстоўваем, або губляем. На жаль, мы часта ставімся да часу так, быццам у нашым зямным жыцці ён будзе доўжыцца бясконца. Таму кажам: «Я зраблю гэта пазней, на наступным тыдні, або калі буду мець больш часу».

Уявім, што хтосьці кожную раніцу дае нам 86 400 рублёў (згодна з колькасцю секунд у сутках) і кажа: «Можаш траціць іх як заўгодна, але ўсё, што не выдаткуеш, знікне». Упэўнены, мы выкарыстаем кожную капейку. 

На жаль, мы дазваляем часу дэвальвавацца і нават выкарыстоўваць яго бессэнсоўна. Мы можам зарабіць больш грошай і выправіць памылку, але ніколі не зможам вярнуць час.

Свет крадзе наш час, асабліва праз сродкі масавай камунікацыі. Кожны сігнал тэлефона, кожнае паведамленне, кожнае новае відэа, кожная навіна, кожная рэклама, хоць і здаюцца бяскрыўднымі, тым не менш, адрываюць нашу ўвагу ад істотных спраў нашага фізічнага і духоўнага жыцця.

Вялікі пост з’яўляецца добрай нагодай, каб навучыцца кантраляваць наш час, перастаць гандляваць ім, разменьваць на справы, якія не маюць істотнага значэння.

Віртуальныя прыемнасці даюць нам часовае задавальненне, але не вырашаюць праблемы. Выбар за намі. Неабходна паважаць і шанаваць час. У паспяховых людзей столькі ж часу у сутках, як і ў кожнага з нас. Але розніца ў тым, што яны шануюць яго, бо ведаюць: калі ён скончыцца, то скончыцца назаўжды. 

Няма ідэальнага часу, каб нешта распачаць. Ёсць толькі тут і зараз. Таму нельга дазваляць ілюзіям украсці дадзены нам Богам час.

Каб абараніць свой час, мы павінны пазначыць межы яго выкарыстання. Межы — гэта не сцены, якія агароджваюць ад людзей ці падзей. Гэта вароты, якія вырашаюць, што ўваходзіць, а што застаецца звонку. 

Сучасны чалавек шмат часу прысвячае пагоні за багаццем і пошукам прыемнасцей. Ён заняты з раніцы да вечара і не мае часу памаліцца і прыняць удзел у нядзельнай Імшы. Такім чынам, ён губляе свабоду і становіцца рабом залежнасцяў. Свабоду можна зарабіць выбарам, кажучы «не» усяму таму, што адцягвае нашу ўвагу, каб не марнаваць час дарма, які з’яўляецца самай каштоўнай валютай.

Як мы выкарыстоўваем наш час? Што з’яўляецца нашым прыярытэтам? На што яго трацім?

Вялікі пост з’яўляецца добрай нагодай адказаць на гэтыя пытанні.

Кожная хвіліна, якую мы прысвячаем нейкай дзейнасці, адлюстроўвае нашы прыярытэты. Наш каляндар, звычкі і штодзённы выбар адлюстроўваюць тое, што сапраўды важна ў нашым жыцці. Калі наш графік не адпавядае нашым жыццёвым мэтам, то прыйшоў час нешта мяняць. 

Дадзены нам Богам час прызначаны не проста для выжывання, а для плённага жыцця, у тым ліку і духоўнага. У пачатку Вялікага посту мы павінны адказаць на пытанне: «Ці гэта час валодае намі, ці мы — часам?» Час — гэта багацце, якое нам даў Бог, але, на жаль, мы часта яго не выкарыстоўваем згодна з Божай воляй і займаемся пустым яго баўленнем.

Сучаснае пакаленне людзей — гэта пакаленне ахвяр. Мы апраўдваемся і кажам, што не вінаватыя ў той ці іншай праблеме, і сцвярджаем, што мы проста ахвяры. Што наш грэх — гэта не грэх, а хвароба і залежнасць. Мы не алкаголікі і не наркаманы — у нас толькі хімічная залежнасць. Мы не абжоры — у нас толькі харчовая залежнасць. Мы не сэксаманы — у нас толькі сэксуальная залежнасць. Гэта не наша віна, але кагосьці іншага.

Пачуццё віны і граху страчана. 

Менавіта таму сёння квітнее тэрапеўтычная індустрыя. Людзі плацяць вялікія грошы на тое, каб ім сказалі, што яны не грэшныя, а толькі хворыя і не вінаватыя: «Прыходзьце — і будзеце нашымі пацыентамі».

У чым праблема? У залежнасцях ад алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў, нікаціну, гневу, ад хатняга гвалту, распусных дзеянняў, ад даўгоў і зайздрасці, ад няўдач і пераядання, ці ад чаго заўгодна.

Калі мы паставім сабе няправільны дыягназ, то ніколі не вылечымся.

Езус памёр не за памылкі, а за нашыя грахі.

Даверым сябе, браты і сёстры, Божай міласэрнасці і Марыі як прытулку грэшнікаў, каб Вялікі пост сапраўды стаў для нас часам ласкі і навяртання, калі мы будзем цаніць і выкарыстоўваць дадзены нам Богам час згодна з Яго воляй, каб замест залежнасці ад сучасных паталогій падпарадкоўвацца Божаму закону, ў захаванні якога — наша перспектыва на радасць вечнага жыцця. 

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСерада, 18 Люты 2026 11:52
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць