Да адкрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску засталося паўгода? Што пра гэта думаюць вернікі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Галоўнае пытанне – ці перадасць дзяржава храм у карыстанне парафіі.
У студзені 2027 года павінна быць завершана рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску. Гэта значыць, што да адкрыцця храма, закрытага ўжо амаль 4 гады, застаецца зусім няшмат – каля паўгода.
Аб пераносе тэрмінаў заканчэння работ не паведамлялася, больш за тое, нядаўна вернікам пацвярджалі, што рэканструкцыя ідзе па графіку і тэрміны не ссоўвалі. То бок, на дадзены момант чакаецца, што ў студзені касцёл сапраўды могуць адкрыць зноў.
Але галоўнае пытанне – ці дазволіць дзяржава, уласнік будынка, вярнуцца ў храм вернікам: рыма-каталіцкай парафіі святога Сымона і святой Алены.
Ніякай інфармацыі, заяў на гэты конт дагэтуль няма. Пробашч парафіі не закранае гэтую тэму публічна. У сувязі з гэтым сярод вернікаў распаўсюджваюцца розныя чуткі і здагадкі – напрыклад, пра тое, што касцёл плануюць ператварыць у музей.
Мы паспрабавалі разабрацца, ці маюць такія здагадкі падставы, і ці чакаць вернікам вяртання ў храм.

На гэтыя пытанні можа адказаць будаўнічы праект, згодна з якім ідзе рэканструкцыя храма. Мы перагледзелі яго і не знайшлі ў ім ніякіх прыкмет змены прызначэння будынка – такога як ператварэння яго ў музей.
Праект прадугледжвае богаслужбовую залу на больш за 400 чалавек, капліцу, памяшканні для служыцеляў касцёла і гуртковых заняткаў дарослых.
Пры праектаванні вентыляцыі разлік цеплавога балансу малельнай залы выкананы з улікам цеплапаступленняў ад людзей і свечак падчас набажэнстваў.
Разам з тым пры перапланіроўцы ліквідаваная саўна з басейнам, створаная ў 90-я гады пры будаўніцтве падвальнага паверха, паколькі саўна не дапушчальная ў будынку касцёла па супрацьпажарным нормам.
То бок праект рэканструкцыі прадугледжвае, што ў храме будзе функцыянаваць супольнасць вернікаў. Таму адказ на галоўнае пытанне, хутчэй, станоўчы – касцёл павінны перадаць у карыстанне парафіі. Іншае пытанне – на якіх умовах, і ці будзе супольнасць у стане прыняць гэтыя ўмовы.
Вернікі мяркуюць, што супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўладамі, якое цяпер практыкуюць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, не гарантуе таго, што ўмовы перадачы храма будуць лёгка выканальнымі для парафіі і архідыяцэзіі. Пра гэта кажуць факты не заўсёды спрыяльнага для католікаў вырашэння іншых пытанняў ва ўзаемаадносінах з уладамі. Напрыклад, пра непадаўжэнне дазволу на служэнне польскім святарам, пра сціплую дзяржпадтрымку ў аднаўленні храма ў Будславе.
Наколькі вядома вернікам, пра лёс Чырвонага касцёла і якія-небудзь дамоўленасці па перадачы храма архідыяцэзіі ніякай інфармацыі пакуль няма нават у духавенства, служачага ў Курыі.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Аднаўляць не было чаго. Чаму ў Навагрудку разабралі будынак кляштара, патлумачыў вернік
-
У «беларускім» касцёле ў Варшаве развіталіся з пісьменніцай Святланай Курс: «Яна шукала паяднання з Госпадам»
-
Гістарычны будынак кляштара знеслі ў Навагрудку – манахіні просяць дапамогі, каб пабудаваць новы
-
Вядомы святар з Мінска пераведзены ў мястэчка на перыферыі. Па якой прычыне?
-
Пра жыццё Тадэвуша Кандрусевіча выйшла кніга на беларускай мове