У чым сакрэт? Упершыню за шмат гадоў хлопцы з Гомеля паступаюць у семінарыю, прычым, другі год запар
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Новы семінарыст з Гомеля – з праваслаўнай сям'і, а адзін з тых, хто паступіў летась, – служыў у праваслаўным саборы.
Сярод новых студэнтаў каталіцкай семінарыі ў Гродне сёлета зноў ёсць хлопец з Гомеля. Летась з гэтага гораду ў семінарыю паступілі двое чалавек. Такім чынам, другі год запар прадстаўнікі гомельскай парафіі адказваюць на пакліканні да святарства.
Гэта асаблівая з'ява. У Гомелі найменш каталіцкіх парафій сярод абласных цэнтраў Беларусі. У 500-тысячным горадзе ўсяго адзін касцёл і адна капліца. Адпаведна, і колькасць католікаў на Гомельшчыне вельмі невялікая ў параўнанні з Гродзенскай вобласцю, дзе жыве звыш паўмільёна католікаў, а ў семінарыю адтуль сёлета паступілі трое хлопцаў.
З Мінскай і Віцебскай абласцей, дзе таксама доля католікаў значна большая, чым на Гомельшчыне, – па адным чалавеку.
Як даведаліся вернікі, новы семінарыст з Гомеля – з праваслаўнай сям'і, а адзін з тых, хто паступіў летась, – служыў у праваслаўным саборы.
Гэта Аляксандр, які да таго, як прыйсці ў Каталіцкую царкву, скончыў праваслаўную духоўную семінарыю, стаў магістрам багаслоўя, некалькі гадоў служыў панамаром у кафедральным праваслаўным саборы Гомеля, прыслужваў архіепіскапу. Звесткі пра гэта мы знайшлі ў Сеціве.

Дзмітрый, які паступіў у семінарыю цяпер, – прыехаў у Гомель з Мінска, як даведаліся вернікі. Ён – з праваслаўнай сям'і, але ўжо некалькі гадоў як прыйшоў у каталіцтва, служыў міністрантам пры алтары і сёлета вырашыў адказаць на пакліканне да святарства.
Да гэтых выпадкаў шмат гадоў ніхто з Гомеля не паступаў у каталіцкую семінарыю ў Беларусі. А ранейшыя пакліканні былі асаблівымі – у асноўным, у семінарыю ішлі ўжо дарослыя людзі, якія сталі ўдзельнікамі Нэакатэхуменальнага шляху. Частка з іх скончыла Нэакатэхуменальныя семінарыі за мяжой, адпаведна, новыя святары траплялі ў распараджэнне замежных біскупаў.
Апошні такі выпадак быў у 2015 годзе, калі 66-гадовы парафіянін з Гомеля паступіў у семінарыю Redemptoris Mater у Кіеве.
Своеасаблівым феноменам можна назваць цяперашнія выпадкі, калі другі год запар маладыя людзі з гомельскай парафіі ідуць у мясцовую «традыцыйную» семінарыю. Думаецца, што да гэтага прывяла не нейкая сістэмная праца духавенства, але дзеянне Бога і асабістыя стасункі з Ім маладых людзей.
А яшчэ – заступніцтва святых. Ці не выпадкова Аляксандр і Дзмітрый сёлета ў Іванава неслі ікону каталіцкага місіянера Андрэя Баболі, забітага праваслаўнымі казакамі? [на галоўным фота]
У любым выпадку, вернікі мяркуюць, што на фоне вострага недахопу каталіцкіх святароў у Беларусі біскупы прааналізуюць кожны прыклад адказу на пакліканне, каб зрабіць высновы.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
«Імшы не будзе». Старадаўні касцёл у Ружанах застаўся без святара
-
Царква не можа маўчаць пры несправядлівасці ў грамадстве, але... Нюансы патлумачыў святар
-
На новы навучальны год дабраславілі ў касцёлах Беларусі – топ-5 фота і відэа
-
«Боль для ўсіх нас». Яшчэ адзін святар вымушана пакідае Беларусь – пасля 32 гадоў служэння
-
У Беларусі – яшчэ адно пакліканне, пра якое вы маглі не ведаць