BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Духоўныя практыкаванні на Адвэнт: паглядзі на сябе, знайдзі час і паслухай Бога і сваіх блізкіх!

«Задумайся над тым, як ты выконваеш сваю ролю, наколькі ты ўносіш любоў і мір, а наколькі раздражненне і прэтэнзіі».

У гомельскай рыма-каталіцкай парафіі пачаліся адвэнтовыя рэкалекцыі. Першае духоўнае практыкаванне прайшло падчас казання на нядзельнай святой Імшы.

- Толькі ты ведаеш, што трэба памяняць у тваім жыцці, дакладна ведаеш. Я толькі хацеў бы запрасіць вас, каб знайсці час задумацца над сабой, адкрыць сваё сэрца і свае вушы на тое, што хоча сказаць табе Бог і іншы чалавек. Бо самая галоўная запаведзь - любі Бога і бліжняга свайго, як самога сябе. Як слухаць Бога? - Адкрываць Святое Пісанне. Хтосьці скажа: я там нічога не разумею. Тым больш чытай яго, каб Бог звяртаўся да цябе, - заклікаў святар.

- Але з'яўляецца пытанне часу, якога табе заўсёды не хапае. Але не дай Бог, каб у цябе з'явілася шмат часу - тады ўжо будзе занадта позна: напрыклад, калі ты захварэеш і будзеш увесь час ляжаць у ложку. Не бывае такога, каб чалавек сказаў на парозе смерці: шкада, што так мала часу я аддаваў працы, а так шмат Богу і родным. Кожны з нас часта шкадуе, што аддаваў час не таму, што трэба. Таму прашу вас, каб вы знайшлі час. Самае кепскае, што мы робім у жыцці - забываем пра Бога і не слухаем Яго, - нагадаў ксёндз.

- Многія бяруць сабе такія пастановы на Адвэнт, на Калядны пост: не есці прысмакаў, не паліць. Але калі з-за гэтага ты станеш горшым, будзеш злы, будзеш крычаць на ўсіх вакол - кінь гэта. Паспрабуй лепш слухаць іншых людзей. Гэта значна складаней. Паспрабуй паслухаць - не каментаваць, не адказваць, не лезці са сваім, прамаўчаць - а проста паслухаць, што табе хочуць сказаць твае родныя і блізкія. Многія пакутуюць з-за таго, што іх няма каму паслухаць. Падумай пра іншага чалавека! Падумай пра тое, што блізкі - гэта той, хто жыве побач з табой, - настаўляў святар.

- Мы любім родных і блізкіх, але больш за ўсё ранім тых, каго мы любім. Калі ты любіш - пакажы, што любіш, скажы, што любіш. Калі ты любіш - прамаўчы часам. Я прашу, каб у гэты Адвэнт вы знайшлі час для Бога, для сябе, для сваіх блізкіх, каб іх паслухаць: не крычаць, не вучыць, а паслухаць. Гэта будуць добрыя духоўныя практыкаванні, - адзначыў ксёндз.

Таксама ён параіў:

- Задумайся над тым, як ты выконваеш сваю ролю: які ты бацька, якая ты бабуля ці дачка. Наколькі ты ўносіш любоў і мір, а наколькі раздражненні і прэтэнзіі. Паглядзіце кожны на сябе!

Нагадаем, працягнуцца рэкалекцыі ў панядзелак, 8 снежня, на Імшы ў 8.00 і 19.00. У аўторак, 9 снежня, - Літургія пакаяння ў 8.00 і 19.00. У сераду, 10 снежня, наведванне хворых і завяршэнне духоўных практыкаванняў на Імшы ў 8.00 і 19.00.

Last modified onНядзеля, 07 Снежань 2014 21:22
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць