BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Вялікі чацвер святары абмылі ногі парафіянам - ФОТА

Літургію абмывання ног у гомельскім касцёле здзейсніў біскуп Казімір Велікаселец.

2 красавіка католікі адзначылі Вялікі чацвер, якім пачаўся Святы Пасхальны Трыдуум. Традыцыйна ў Вялікі чацвер, калі Хрыстос устанавіў Сакрамэнт Эўхарыстыі і абмыў ногі сваім вучням, такія ж абрады выконваюць і святары - мыюць ногі 12 парафіянам-мужчынам. У Гомелі падчас Імшы Вялікага Чацвярга літургію абмывання ног здзейсніў біскуп Казімір Велікаселец.

- Хрыстос абмывае ногі вучням, паказваючы ім братнюю любоў. Але няма братняй любові там, дзе людзі адыходзяць ад Пана Бога, - сказаў біскуп падчас гаміліі. - Рабіце бізнес, кар'еру, заканчвайце ВНУ з чырвоным дыпломам - вера толькі садзейнічае гэтаму. Але на першым месцы заўсёды павінна быць малітва. Шукайце спачатку Божае Валадарства, і ўсё астатняе Ён дасць вам. Будзе на першым месцы малітва, святая служба - тады будзе і ўсё на сваіх месцах: асабістае жыццё, сям'я, кар'ера.

Пробашч парафіі айцец Славамір дадаў:

- Ісус сказаў: любіце, як Я палюбіў. Гэта значыць, як Ісус кожны з нас закліканы любіць сваіх сужэнцаў, дзяцей, бацькоў, даваць знакі любові на сваёй працы - быць рабом Божым, слугой іншых. Святар нагадвае, што Ісус прыйшоў не як гаспадар, а як слуга:

- У новазапаветныя часы ногі сваім гаспадарам мылі самыя апошнія людзі - рабы, слугі. Рабілі гэта па законе, па абавязку. А Хрыстос, будучы Богам, прынізіў сябе да апошняга, абмыўшы ногі вучням. Але паступіў так ужо не па законе, а з любові. Сваё Цела і Кроў Гасподзь дае нам і сёння, каб у нас была гэтая любоў, у якой мы можам служыць адзін аднаму - мыць ногі - кожны дзень. Святары, сёстры законныя, семінарысты, сужэнцы, маці, дзеці. І калі мы, прымаючы Святую Камунію, адказваем «Амэн», гэта значыць, кажам: я гатовы быць слугой. Умацоўвацца ў служэнні для любові, прыніжацца, а ня ўзвышацца, - гэта і ёсць таямніца хрысціянскага жыцця. Сыходзім з храма дадому - каб служыць. На працу - каб служыць. І рабіць гэта з паспешнасцю. Спяшацца любіць сваіх бацькоў, дзяцей, мужа і жонку, блізкіх. Спяшацца - бо жыццё чалавечае такое кароткае.

Святы Пасхальны Трыдуум - гэта галоўны сакрамэнт літургічнага года. Ён пачынаецца Імшой Вячэры Гасподняй ў Вялікі чацвер, а сканчаецца Другой Вячэрняй нядзелі Вялікадня. Выраз «Трыдуум» паказвае, у першую чаргу, не на часавы прамежак з трох дзён, а на тры паслядоўных фазы Велікоднага сакрамэнту: развітальную і, разам з тым, прароцкую Таемную Вячэру, смерць на крыжы, знаходжанне ў грабніцы і Уваскрасенне.

Last modified onПятніца, 03 Красавік 2015 22:34
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць