BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Першы ў Беларусі міжнародны аўтапрабег Ананімных Алкаголікаў пачаўся з Гомеля [фота]

Міліцыянты будуць раздаваць візітоўкі АА п'яным дэбашырам, а сацслужбы - запрашаць у групы абавязаных асоб.

 Сябры супольнасці Ананімных Алкаголікаў з Украіны, Расіі і Літвы 22 сакавіка прыбылі ў Гомель, каб правесці адкрыты сход і падзяліцца вопытам выздараўлення з усімі, хто сутыкнуўся з праблемай алкагалізму, а таксама іх блізкімі. Перад сходам ўдзельнікі аўтапрабегу правялі круглы стол з лекарамі, святарамі, сацыяльнымі работнікамі і прадстаўнікамі ўлады з мэтай данесці ідэі АА па іх 12-крокавай праграме.

У сустрэчы ўдзельнічалі загадчык дыспансэрным аддзяленнем Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансера Ігар Луханін, намеснік начальніка аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама Павел Літвінаў, начальнік медвыцвярэзніка Андрэй Курленка, спецыялісты аддзелаў па працы з моладдзю, працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ідэалагічнай работы, адукацыі і іншыя спецыялісты. Таксама на круглы стол запрасілі пробашча гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці Славаміра Ласкоўскага і святара Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора Аляксандра Масейчука.

Падчас круглага стала ўдзельнікі аўтапрабегу распавялі аб прынцыпах і метадах дзейнасці Ананімных Алкаголікаў і аб асабістым досведзе. Многія спрабавалі перамагчы свой алкагалізм усімі магчымымі спосабамі - лячэннем, кадаваннем, а таксама зменай працы і месцажыхарства. Аднак нічога не дапамагала, і адзін з удзельнікаў аўтапрабегу прызнаўся ў тым, што ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да грузчыка, у выніку, страціўшы ўсё.

Сябры супольнасці АА адзначылі, што кожнага алкаголіка выдатна разумеюць у групе, бо гісторыі хворых на алкагалізм, па сутнасці, аднолькавыя. Госці падкрэслілі, што менавіта з дапамогай груп АА некаторыя з іх застаюцца цвярозымі ўжо больш за 10 гадоў, зараз маюць сем'і і добрую працу, вярнуліся да паўнавартаснага жыцця.

Кінуць піць - гэта толькі першы крок, які робяць Ананімныя Алкаголікі. Наступныя крокі накіраваны на духоўнае ператварэнне чалавека, дзякуючы якому жаданне выпіць у яго больш не ўзнікае.

Ідэі АА падтрымалі ўсе ўдзельнікі круглага стала: лекары, міліцыянты, работнікі гарвыканкама і святары. А прадстаўнікі УУС заявілі, што праз ўчастковых інспектараў міліцыі будуць раздаваць візітоўкі з кантактамі гомельскай групы АА п'яным дэбашырам. Таксама мясцовых Ананімных Алкаголікаў запрасілі выступіць у калектывах, дзе працуюць абавязаныя асобы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў з-за п'янства. Інфармацыю пра АА будуць распаўсюджваць і сярод моладзі ў навучальных установах. Дарэчы, украінскія ўдзельнікі аўтапрабегу адзначылі, што ўсё больш у групы пачалі прыходзіць маладыя людзі і жанчыны.

Каталіцкі святар айцец Славамір Ласкоўскі падкрэсліў, што важна не хаваць маштабаў алкагалізму - нацыянальнага бедства - і праз прэсу, дзяржаўную падтрымку адкрываць шлях у АА. Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы, якія падзяліліся сваім досведам, выказалі ўпэўненасць, што прыйшлі ў АА і атрымалі збаўленне праз сілу Госпада.

Госці папрасілі не фатаграфаваць іх не здымаць на відэа дзеля захавання прынцыпу ананімнасці. Яго прытрымліваюцца дзеля таго, каб алкаголікі не баяліся прыходзіць у групы і быць абсмяянымі сваімі калегамі і знаёмымі, а таксама для таго, каб тыя, хто выздараўлівае, не аддзялялі сябе ад іншых таварышаў па няшчасці.

На адкрытым сходзе для ўсіх, хто цікавіцца праблемай алкагалізму, які праходзіў у актавай зале ЖЭУ-25, сабраліся больш за 50 гомельцаў. Госці падзяліліся з імі сваім досведам, раздалі візітоўкі з кантактамі, а потым, па традыцыі, усе разам папілі гарбаты. Далей Ананімныя Алкаголікі адправяцца з аўтапрабегам ў Магілёў, Віцебск, Барысаў і Мінск, дзе таксама правядуць адкрытыя сходы.

Аўтапрабег «Белыя росы» - так яго назвалі арганізатары - першае падобнае мерапрыемства ў Беларусі. Ва Украіне аўтапрабегі АА ладзяць рэгулярна, і вось зараз вырашана было зрабіць міжнародны аўтапрабег.

Супольнасць Ананімных Алкаголікаў зарадзілася ў ЗША ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, і дапамагае заставацца цвярозымі мільёнам алкаголікаў ва ўсім свеце. Наогул, АА - гэта супольнасць, што аб'ядноўвае мужчын і жанчын, якія дзеляцца адзін з адным сваім вопытам, сіламі і надзеямі. Адзіная ўмова для членства - гэта жаданне кінуць піць. Члены АА не плацяць ніякіх унёскаў, яны самі сябе ўтрымліваюць на свае добраахвотныя ахвяраванні.

У Гомелі АА ладзяць рэгулярныя сустрэчы ў саццэнтрах і рыма-каталіцкай царкве. Пры падтрымцы такіх груп узаемадапамогі алкаголікі са стажам застаюцца цвярозымі ўжо на працягу многіх гадоў.

 

Last modified onПятніца, 22 Сакавік 2013 20:54
Каментары   
0 #1 Павел 2013-04-26 14:58
Интересную заметку написала моя минская коллега: Владелица столичного кафе: «За десять лет на банкетах с проверяющими я так спилась, что превратилась в настоящего бомжа» www.kp.by/daily/26069/2975632/
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць