BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Праваслаўныя і каталікі разам маліліся ў Гомелі з братам Бенуа з супольнасці Тэзэ [фота]

Уладыка Стэфан вітаў моладзь, а вернікаў розных канфесій нечакана згуртавала сумесная праца.

3 мая ўпершыню Гомель наведаў прадстаўнік экуменічнай хрысціянскай супольнасці Тэзэ брат Бенуа. Французскі госць пабываў у праваслаўным Петрапаўлаўскім саборы, Свята-Нікольскім манастыры, мясцовым рымска-каталіцкім касцёле Нараджэння Божай Маці і дзіцячай вёсцы, якую апякуюць каталіцкія сёстры-бэнэдыктынкі.

А ў Ніжнім храме Петрапаўлаўскага сабора адбылася сумесная сустрэча каталікоў і праваслаўных, на якой сабралася не толькі моладзь, але і вернікі старэйшага ўзросту, якія жадаюць развіваць дыялог паміж канфесіямі. На сустрэчы і сумеснай малітве прысутнічалі праваслаўныя святары на чале з ігуменам Савам і вікарый гомельскага рымска-каталіцкай парафіі айцец Дамінік.

Удзельнікаў сустрэчы вітаў праваслаўны епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, які падарыў брату Бенуа копію абраза Юравіцкай Божай Маці, ўшанаванай і праваслаўнымі, і каталікамі, а таксама заклікаў веруючую моладзь часцей збірацца разам.

Брат Бенуа запрасіў пабываць у Тэзэ, распавёў аб гэтай унікальнай супольнасці і адказаў на пытанні.

- Мы жадаем наладзіць адносіны паміж хрысціянамі рознымі канфесій, хочам, каб паміж намі было паразуменне, - падкрэсліў брат Бенуа. - Мы не новая царква або нейкі рух моладзі. Мы вельмі рады вітаць усіх, хто да нас прыходзіць, каб у іх аднавілася любоў да Бога. Мы запрашаем усіх у Тэзэ, каб там яны змаглі яшчэ больш адкрыць сваю ўласную веру, канфесію, і, вярнуўшыся дадому, паглыбіцца ў сваю традыцыю.

Братэрства Тэзэ, заснаванае братам Ражэ пасля Другой сусветнай вайны, знаходзіцца ў Францыі. Там сто манахаў з 30 краін моляцца разам аб прымірэнні паміж хрысціянамі розных канфесій.

- Суполка Тэзэ не імкнецца аб'яднаць усе канфесіі, узяўшы ад кожнай па троху. Але імкнецца да ўзаемаабмену прыгажосцю паміж усімі канфесіямі. Паважаецца кожная традыцыя. І прыязджаючы ў Тэзэ, хрысціянін застаецца ў сваёй канфесіі, мы просім толькі, каб госці адкрывалі свае сэрцы, - адзначыў брат Бенуа.

- Што самае галоўнае ў адносінах паміж вернікамі розных канфесій? - спыталі мы ў брата Бенуа.

- Мець дастатковую павагу адзін да аднаго, разумець, што святы іншых канфесій - гэта святы для ўсіх, гэтак жа як і праблемы іншых канфесій - праблемы для ўсіх. Калі мы можам прыйсці і зразумець адзін аднаго, калі пачуцці адзін да аднаго ўзрастаюць, тады з'яўляецца магчымасць адраджэння запаведзяў Гасподніх.

У канцы сустрэчы Уладыка Стэфан папрасіў мужчын дапамагчы пагрузіць на машыну спілаванае ў двары сабора дрэва. Так вернікаў розных канфесій нечакана згуртавала не толькі малітва, але і сумесная праца.

 

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць