BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Схавала сімку і з'ехала да манахінь: сталічная айцішніца месяц дапамагала бедным, каб падрыхтавацца да Раства

Дзяўчына правяла водпуск у Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы.

Незвычайна правяла гэты Адвэнт маладая мінчанка Наста Харкевіч. Дзяўчына - каталіцкая верніца, актыўная скаўтка - наведвае парафію Маці Божай Ружанцовай у Мінску. Але каб падрыхтавацца да свята Нараджэння Пана, дзяўчына прыехала ў Гомель - у адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці сясцёр Місіянерак Любові (сясцёр Маці Тэрэзы), дзе не толькі шмат малілася, але і служыла разам з манахінямі бяздомным і патрабуючым.

- У маім жыцці наступіў такі перыяд, калі я зразумела, што мае жывыя адносіны з Езусам Хрыстом пачалі астываць, што ёсць праблема. Таму я захацела нешта зрабіць, каб паспрабаваць вырашыць гэтую праблему. Узнікла ідэя проста ўзяць свае рэчы і прыехаць на Адвэнт, такі класны час, да сясцёр Маці Тэрэзы, каб памаліцца, паслужыць, паразважаць над сабою. Я ведала, што тут можна будзе не толькі добра памаліцца, але і добра паслужыць, пазбавіцца сваёй ляноты, бо апошнім часам гэты грэх занадта квітнеў у маёй душы.

Наста абрала менавіта Дом міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы, бо даўно цікавілася гэтым манаскім ордэнам, тым, як тут жывуць і што робяць. Датэлефанавацца ў Гомель было няпроста, бо сёстры часта вельмі занятыя. Але аднойчы тут узялі слухаўку, запыталіся, на які час дзяўчына хацела б прыехаць, і адразу пагадзіліся на тое, каб прыняць госцю. «Калі Бог нешта хоча ад цябе, Ён дае магчымасць, каб ты здолеў гэта зрабіць», - гаворыць Наста. Яна працуе ў сталічнай IT-кампаніі, і так атрымалася, што шэф дзяўчыны - таксама католік, таму зразумеў памкненні Насты і дазволіў на час Адвэнту пакінуць працу.

- Мяне ўразіла, што сёстры тут жывуць і працуюць без тэлебачання і радыё, увогуле без нейкай тэхнікі, да якой мы даўно прывыклі, уручную пяруць вопратку. І я зрабіла сабе пастанову адмовіцца ад тэлефона. Толькі двойчы тэлефанавала бацькам, не заходзіла ў «кантакт», не карысталася інтэрнэтам і ўвогуле сваю сімку схавала далёка-далёка. І мне супер, я не сумую па гэтым! А найбольш цяжка, напэўна, было рана прачынацца. Калі мы хадзілі на святую Імшу, якая пачыналася ў 6.45 раніцы, даводзілася ўставаць у 5.50. Спачатку для мяне гэта было вельмі цяжка, я нават праспала некалькі разоў, але з цягам часу характар выгартоўваецца і гэта дапамагло ўзяць волю ў кулак. І зараз ужо прачынацца так рана зусім не цяжка.

Таксама Наста крыху сумавала па роднай мове, бо сёстры, якія прыехалі ў Гомель з розных краін, моляцца па-ангельску:

- Цяпер я задумваюся аб тым, ці змагла б я надоўга патрапіць у такое асяроддзе: не маліцца, не чытаць Слова Божае па-беларуску. Затое ўсе гэтыя дні для мяне сталі сапраўднымі рэкалекцыямі, бо казанні мясцовага пробашча айца Славаміра былі такімі моцнымі і адважнымі, з такой сілай пранікалі ў маю душу, што мне здавалася быццам святар гаворыць канкрэтна пра мяне і для мяне. Таму праз гэта Бог таксама мяне рэальна ўзнімаў і штурхаў ісці далей.

Свой час у Доме міласэрнасці Наста ацэньвае вельмі станоўча: яна змагла адказаць на свае пытанні, хоць пакуль і не на ўсе:

- Нават узніклі некаторыя новыя пытанні, напрыклад, наконт свайго паклікання ў жыцці. Але свае жывыя адносіны з Езусам я сапраўды аднавіла. Тут я змагла не толькі паслужыць бедным: гатаваць ежу, прыбіраць, мыць посуд, праць бялізну, але і паставіць з дзецьмі калядную сцэнку, бо маю прафесію рэжысёра. Насамрэч хапіла і працы, і малітвы - атрымала тое, што чакала, нават больш.

Last modified onПятніца, 25 Снежань 2015 12:24
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць