BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Раздзірайце сэрцы вашыя, а не вопратку вашую: католікі пачалі Вялікі пост

ФОТА: пасыпанне галавы попелам з'яўляецца традыцыйным знакам пакаяння.

10 лютага, у Папяльцовую сераду, католікі ўсяго свету збіраюцца ў храмах, каб пачаць Вялікі пост. Пасыпанне галавы попелам, якое адбываецца падчас Імшы, - напамін таго, што чалавек - прах, з'яўляецца традыцыйным знакам пакаяння, прымірэння з Богам праз скруху сэрца. У Папяльцовую сераду католікі трымаюць строгі пост, многія праводзяць гэты дзень толькі на хлебе і вадзе.

У Папяльцовую сераду ў касцёлах чытаюць кнігу прарока Ёіля: «Раздзірайце сэрцы вашыя, а не вопратку вашую, і навярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны».

- Уступаючы ў Вялікі пост, трэба разумець, для чаго мы абмяжоўваем сваю плоць - каб змяншаць доступ злога духа да душы. Кожны ведае свае слабасці: якія грахі паўтарае часцей за ўсё, і праз што злы дух дзейнічае на яго - праз вочы, язык, вушы, дотыкі... На гэта і трэба звяртаць найбольшую ўвагу падчас посту. І так мы змагаемся са злым духам, Хрыстос у нас змагаецца і перамагае, - патлумачыў падчас казання адміністратар гомельскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Андрэй Шут.

Таксама ў літургічным чытанні Апостал Павел сёння звяртаецца да вернікаў: «Бо сказана: «у час спрыяльны Я пачуў цябе, і ў дзень выратавання дапамог табе». Вось, цяпер час спрыяльны, вось, цяпер дзень выратавання».

У чытанні з Евангелля Каталіцкая Царква нагадвае вернікам, як вучыць выконваць пост сам Хрыстос: "Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе". Мц 6, 1–6. 16–18

- Ісус папярэджвае, што і малітва, і пост, і міласціна могуць стаць крывадушнасцю. Мы посцімся не для таго, каб потым хваліцца перад іншымі, як шмат мы сябе абмяжоўвалі, але каб стаць у праўдзе перад сабой і перад Богам, дасягнуць большай духоўнай сталасці. Няхай час Вялікага посту будзе для нас часам чування і нашай духоўнай актыўнасці, каб мы больш разумелі, хто такі хрысціянін і да чаго мы павінны імкнуцца, - дадаў святар.

Вялікі пост папярэднічае святу Вялікадня і доўжыцца 40 дзён, аднак па календары гэта большы тэрмін, бо ўсе нядзелі і святы не ўлічваюцца, і пост у гэтыя дні перарываецца. Нагадаем, Пасху ў 2016 годзе католікі адзначаць 27 сакавіка.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА, як правільна праводзіць Вялікі пост, што есці, як маліцца і даваць міласціну: Пост - гэта не замена мяса на яшчэ больш смачную рыбу! >>>

Last modified onСерада, 10 Люты 2016 11:10
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць