BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Католікі прайшлі па Гомелю з працэсіяй Божага Цела [ФОТА]

«На вуліцу выходзіць Кароль каралёў - Ісус Хрыстос - і заклікае: прыйдзіце да Мяне!»

У нядзелю, 29 траўня, католікі ў многіх гарадах свету адзначаюць урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыстовых і праводзяць традыцыйныя працэсіі Божага Цела. У календары Каталіцкай царквы ў 2016 годзе гэтая ўрачыстасць выпала на 26 траўня, у гэты дзень таксама праводзяць святочныя шэсці - напрыклад, у Гродне на вуліцы выйшлі тысячы католікаў (гл. фота). Але дзеля таго, каб больш вернікаў мелі магчымасць удзельнічаць ва ўрачыстасці, многія пераносяць яе на бліжэйшую нядзелю. На прыклад, у Беларусі 29 траўня працэсія Божага Цела прайшла ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Пінску, Баранавічах.

Працэсія Божага Цела - гэта ўрачыстае шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах населенага пункта. Працэсія спявае, слухае чытанні з Евангелля і моліцца аб горадзе, аб краіне, аб усім свеце, аб дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Гасподзь зберагаў ад голаду і вайны. Па дарозе дзяўчынкі пасыпаюць пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пад выглядам хлеба.

- Мы даем сведчанне прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі б у горад прыехаў цар ці кароль - якая была б урачыстасць! Але цяпер па вуліцы ідзе Кароль каралёў - Ісус Хрыстос! Хто можа быць важнейшым за Яго? Ён кіруе не горадам, не дзяржавай, а ўсім светам і асабістым жыццём кожнага. Хай горад бачыць, што ёсць людзі, якія не толькі працуюць або вучацца, але яшчэ і моляцца. Наша жыццё мае паўнату ў нашай веры ў Бога. Шукайце найперш Валадарства Божага, і ўсё астатняе будзе дадзена вам. Калі б усе людзі маліліся, не было б войнаў, рэвалюцый і гэтага мноства страшных злачынстваў. Усё гэта адбываецца там, дзе няма малітвы, - падкрэсліў біскуп Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочную Імшу і працэсію Божага Цела ў Гомелі.

Католікі прайшлі ўрачыстым Хросным ходам ад храма да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. У шэсці ўдзельнічалі моладзь і дарослыя, бацькі з дзецьмі, пенсіянеры, законніцы. Усяго - паводле ацэнак супрацоўнікаў міліцыі, якія суправаджалі працэсію - каля 250-300 чалавек.

- Хрыстос ідзе і дабраслаўляе вуліцы, дзе так шмат п'яніц, наркаманаў, тых, хто вядзе распусны лад жыцця. Браты і сёстры, давайце ўсвядомім, для чаго нам патрэбен Гасподзь Бог - каб мы засталіся людзьмі, каб кожны быў чалавекам з вялікай літары, такімі, якімі нас задумаў Бог, - працягнуў біскуп. - Сказаў неразумны ў сэрцы сваім, што няма Бога. Давайце не будзем гэтымі неразумнымі, а наадварот будзем паглыбляцца ў веру, паказваць праўду веры нашым сябрам, знаёмым, калегам. Перш за ўсё - сваім жыццём.

Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў, што Хрыстос цялесна ўзышоў на Нябёсы, але і цялесна прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, калі мы прымаем Камунію.

- Усемагутны Бог, які стварыў увесь свет і кожнага з людзей, ёсць сярод нас у гэтым табернакулюме. Паглядзіце, які маленькі Бог! У якім маленькім доме знаходзіцца Цар цароў! Якая сціпласць! Які прыклад для нас! І Ён гаворыць нам: прыйдзіце да Мяне ўсе - са сваімі праблемамі ў асабістым жыцці, у здароўі, у працы, і Я дапамагу вам, вырашу вашыя праблемы так, як не зможа вырашыць ні адзін міністр ці прэзідэнт. Гэта не фантазія, не філасофія, гэта рэальнасць.

Last modified onНядзеля, 29 Май 2016 23:45
Каментары   
+3 #1 Павел 2016-05-30 00:08
Приобщаясь Тела и Крови нашего Господа, мы, в определенном смысле, выходим за предел земли и времени, чтобы уже сейчас быть с Ним в небесах, где Сам Христос утрет наши слезы и где не будет ни смерти, ни печали, ибо прежнее прошло. Св. Хосемария Эскрива

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць