BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пяты гамяльчанін стаў каталіцкім святаром [ФОТА]

Віктар Прыходзька правёў сваю першую Імшу ў родным касцёле і не змог стрымаць слёз радасці.

У нядзелю, 10 ліпеня, малады каталіцкі святар Віктар Прыходзька правёў сваю прыміцыйную Імшу ў роднай гомельскай парафіі - Нараджэння Божай Маці. 25 чэрвеня ў Жытоміры айцец Віктар, ураджэнец Гомеля, прыняў святарскае пасвячэнне ад Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці. Айцец Віктар скончыў Дыяцэзіяльную місіянерскую семінарыю «Redemptoris Маter» ў Кіеве, якая адносіцца да Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай царквы ва Украіне. Таму ён будзе служыць у гэтай дыяцэзіі ва Украіне, а ў родны Гомель ён прыехаў правесці сваю першую Імшу, блаславіць родных і парафіянаў, папрасіць аб малітве за яго плённае служэнне Богу.

Яшчэ не так даўно Віктар быў простым вернікам, а ўжо зараз ён атрымаў права ад імя Бога адпускаць грахі, цэлебраваць Эўхарыстыю. З гэтай найважнейшай падзеяй жыцця новапрэзбітэра павіншаваў не толькі пробашч айцец Славамір, але і ўся сям'я Віктара. Па традыцыі бацька і маці дабраславілі маладога святара, а пасля службы ўжо ён сам дабраславіў сваіх родных, пры гэтым не змог стрымаць слёз радасці, і ўсіх вернікаў.

Айца Віктара павіншавалі з тым, што ён адгукнуўся на пакліканне, але значна цяжэй у ім вытрымаць да канца жыцця - гэтага і пажадалі маладому святару. Айца Віктара заклікалі па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга, быць Добрым Самаранінам, Евангелле пра якога як раз чыталася падчас службы.

"У той час: Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш? Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць. Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні? Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў? Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама".

Віктар Прыходзька - ужо пяты гамяльчанін, які стаў каталіцкім святаром. З мясцовай парафіі, утворанай каля 25 гадоў таму, раней выйшлі чатыры каталіцкіх святара. Гэта Павел Халяўкін, а таксама члены Неакатэхуменальнай супольнасці Аляксандр Каліноўскі, Аляксандр Драбышэўскі і Генадзь Казлоў. Нядаўна на першы курс семінарыі ў Кіеве паступіў яшчэ адзін гамяльчанін.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць