Ірландскі рок-музыкант, лідэр гурту “U2” Бона, вядомы таксама сваёй гуманітарнай дзейнасцю, чарговы раз наведаў Ватыкан, каб падзякаваць Касцёлу за ўклад у кампанію па адмене знешняй пазыкі бедных краін.
Бона з’яўляецца адным з яе ініцыятараў. 17 лістапада спявак сустрэўся з кардыналам Пітэрам Тарксанам, старшынёй Папскай рады “Iustitia et pax”. У інтэрв’ю нашаму радыё ён расказаў, што падчас сустрэчы з іерархам, падзяліўся паспяховымі вынікамі якія былі дасягнуты ў барацьбе з беднасцю на працягу апошніх гадоў. “Сёння, паводле Сусветнага Банку, каля 52 млн. дзяцей ходзяць у школу. Без гэтай кампаніі яны б не маглі гэтага рабіць”, - сказаў музыкант. Акрамя таго, Бона цікавілі далейшыя планы Каталіцкага Касцёла ў гэтым накірунку.
“Касцёл быў у першых радах гэтага руху і гэта павінна быць высока ацэнена; Касцёл узначаліў рух, які з’яўляецца міжрэлігійным і міждысцыплінарным, бо ў яго ўключаны святары і законніцы, музыканты, людзі са свету спорта, футбалісты ... вельмі шырокае прадстаўніцтва. Касцёл быў тут; я думаю, тое, што Касцёл павінен рабіць зараз – гэта паведамляць пра дасягнутыя вынікі: мы прыбылі для таго, каб разам абмеркаваць, як гэта лепш зрабіць”, - адзначыў музыкант.
У 1999 г. Бона сустракаўся ў Ватыкане з бл. Янам Паўла ІІ, калі толькі пачынаў сусветную гуманітарную кампанію за адмену пазыкаў бедных краін. Ён адзначыў, што да сённяшняга дня носіць сярэбраны крыжык, які Папа падараваў яму тады.
be.radiovaticana.va/Articolo.asp?c=639940