RUS
†Бог любит тебя таким, какой ты есть! †Христос добровольно пошел на крест за твои грехи †Смерть побеждена! †Самый прямой путь к спасению - не осуждай! †Иисус ищет и ждет тебя! †Христос воскрес! †Дьявол не может сделать ад привлекательным, поэтому он делает привлекательной дорогу туда

Размышления над Божьим словом

На этой странице публикуются размышления над Божьим Словом, которые готовит настоятель гомельского римско-католического прихода Рождества Божьей Матери отец Славомир Ласковски для культурно-религиозного журнала «Диалог». Чтения на каждый день можно найти здесь >>>

1 лютага
4-я нядзеля звычайная, год В

Слова Бога дае святло

1 чытанне — Дрг 18, 15-20.
Пс 95, 1-2, 6-9.   
2 чыт. — 1 Кар 7, 32-35.
Евангелле — Мк 1, 21-28.

“Чаго хочаш ад нас, Езус Назарэтанскі?”
Колькі разоў збіраецца супольнасць Касцёла, каб цэлебраваць Пасху Хрыста ў дзень Панскі, столькі разоў  Ён сам прыходзіць. Паўтараецца здарэнне, аб якім чуем з Евангелля. Хрыстус зайшоў у сінагогу, сёння хоча ўвайсці ў тваё сэрца. Яго цікавіць сэрца чалавека, чаму? Бо з сэрца паходзяць усякія добрыя або злыя ўчынкі, там ёсць месца, дзе нараджаюцца нашыя думкі, адтуль паходзіць таксама ўсялякі грэх. У сэрцы завяршаецца ўнутраны дыялог паміж старым і новым чалавекам. Не раз можа з’явіцца ў сэрцы кожнага з нас той дэманічны крык: “Прыйшоў нас згубіць!”. Гледзячы на бег гісторыі і падзей, не раз паддаёмся гэтай спакусе. Разгублены, бо прыйшла хвароба, бо не здаў экзамен, бо зачалося чарговае дзіця, бо ўкралі мае грошы, бо мяне абразілі, бо адкінулі мае пачуцці, бо страціў працу, бо…
Божы чалавек, чалавек веры, глядзіць на сваё жыццё вачыма самога Бога і ўмее распазнаваць прывіды.Дзеянні злога духа заўсёды палягаюць на махлярстве. Таму першае прыказанне гучыць: “Слухай, Ізраэль, бо Слова Бога дае святло і разуменне спробаў дэмана. Яно – крыніца мудрасці, а мудрасць будуецца на праўдзе». Праўда, якую ведаем,  дазваляе  выкрываць  махлярства шатана, якое ён нам хоча змясціць у сэрца. Здабытая мудрасць становіцца найвышэйшым скарбам, які не мае цаны.
Гісторыя ведае многа хрысціян, якія  аддалі жыццё за  вернасць Мудрасці. Здабытая аднойчы, яна кіравала ўсім іх жыццём. Кандыдаты да хросту неаднакратна зменьвалі свае прафесіі, якія не адпавядалі веры або хрысціянскай этыцы. І толькі пасля змены стылю жыцця былі дапушчаныя да хросту. Сведчанне жыцця  павінна было быць ясным. Варта і сёння паставіць сабе пытанне: ці  мая праца адпавядае Евангеллю і ці маё жыццё з’яўляецца празрыстым сведчаннем  аб Змёртвыхпаўсталым?
Мысленне чалавека Божага заўсёды ўпэўнена ў тым, што  ўваход Хрыстуса да майго жыцця ёсць збаўленнем. Ён ніколі не прыходзіць, каб згубіць мяне.  Калі хоча што знішчыць, то толькі “старога” чалавека, які ў сваім мысленні і дзеянні ёсць вораг Бога!
І чаго хоча ад нас Назарэтанін? Нашага сэрца, каб зрабіць яго святыняю Сваёй прысутнасці.


8 лютага
5-я нядзеля звычайная, год В

Аддаць Хрысту

1 чытанне — Ёв 7, 1-4. 6-7.
Пс 147, 1-6.    
2 чыт. — 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Евангелле — Мк 1, 29-39.

“Ці жыццё ёсць марнасць?”
Святы муж Божы Ёв сведчыць сёння аб марнасці людскога жыцця. Яго стан духу можна апісаць моваю псіхіатрыі – дэпрэсія. Слова зараз моднае, часта ўжыванае. Гаворым прыяцелям, што маем дэпрэсію: ніхто мяне не разумее, сам нічога не разумею, нічога мне не хочацца. Стан мукі духу, унутранай барацьбы, безсэнсоўнасць пераменаў – ці гэта не блізка нам?
Хто не пазнаў такой барацьбы, ёсць у веры яшчэ немаўляткам, а нават і не дзіцём.  Дарослыя ў веры ўдзельнічаюць  у гэтай містычнай барацьбе, бо для таго і паклікаў іх Хрыстос. Святы Павел адкрывае гэтую таямніцу  ў Лісце да Карынцянаў: “Для нядужых  я стаў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго са-ўдзельнікам”.Сведчыць аб гэтым таксама псалміст, калі гаворыць: “Пане, ты ацаляеш зламаных у духу”. Ён таксама  заахвочвае нас прынізіцца, а Пан нас адродзіць.
У Евангеллі паўтараецца гісторыя з выгнаннем дэмана, як і ты-дзень таму назад. Канешне, так бывае і з намі, многакратна трапляем ў лапы злога духу. Цікава, колькі злых духаў  уцячэ  сёння пасля спаткання з Езусам на той святой  цэлебрацыі Эўхарыстыі?
Нашую ўвагу можа прыкаваць яшчэ слова аб тым, дзе і калі  ма-ліўся Езус. Гэтае слова не толькі для ксяндзоў ці манахаў, але і для ўсіх нас. Уразіла мяне калісьці  сведчанне аб малітве людзей свецкіх, канкрэтна маладых сужонкаў. Каб маліцца ранішняй малітвай Касцёла, малітвай Ютрані, устаюць у 4.30, пакуль яшчэ цёмна, і ідуць на “месца пустыннае”. У такую пару ніхто не перашкаджае, каб маліцца разам з Касцёлам за цэлы свет, а не толькі ў інтэнцыі сваёй сям’і.
Жыццё – не марнасць, яно дорага каштуе, і яго варта аддаць Хрысту. Бяда мне, паўторым за святым Паўлам, калі б не абвяшчаў Евангелля, бяда.


15 лютага
6-я нядзеля звычайная, год В

Будзь ачышчаны

1 чытанне — Лв 13, 1-2. 45-46.
Пс 32, 1-2. 5. 11.   
2 чыт. — 1 Кар 10, 31-11, 1.
Евангелле — Мк 1, 40-45.

“Ты ж мой уцёк і мая радасць”
У першым чытанні з Кнігі святарскай аўтар паднімае праблему  асоб, хворых на праказу. Гэтая  хвароба ў часы Езуса была як прыгавор смерці для  найгоршага злачынцы. Хворага  чакала адасабленне і выгнанне за абшар жыхарства людской супольнасці і паступовае, павольнае паміранне цела і яшчэ страшней – цярпенне сэрца.  Для людзей Старога Запавету захворванне праказаю было караю, якую Бог пасылаў на грэшнікаў. Была яна знакам пракляцця і непрыняцця.  Ці ёсць якая-небудзь надзея для чалавека, знішчанага праказаю?
Цуд аздараўлення, які  ажыццяўляе  Езус у сённяшнім Евангеллі, узрушвае нашае сэрца.  У чарговы раз Бог імкнецца запэўніць нас у сваёй бязмежнай міласэрнасці. Тая сцэна прыпамінаецца нам кожны раз, калі прыступаем да сакрамэнту пакуты і прымірэння.  Праказа  ёсць адлюстраванне стану сэрца пасля граху, канешне, пасля здарэння цяжкага граху,  граху смяротнага. А пачынаецца ўсё з нявіннай высыпкі ці плямаў на скуры. Што страшнага ў тым, што  крыху “паблукаю”  у Інтэрнэце. Пагляджу тут, там. Якісьці  “нявінны” тэлефон да сімпатычнай мне, а чужой жонкі, якісьці пахабны жарт. Калі хутка распазнаем хваробу, то  і яе наступствы не такія страшныя для арганізма. Адзіным паратункам для  грэшніка  ёсць выратаванне ўцёкамі да міласэрнасці Божай. Яно не мае межаў. Езус учыніў сябе “пракажоным”, прыняў на сябе ўсе грахі і стаў ахвяраю адкуплення  за іх, Баранкам Божым, які ўзяў на сябе грахі свету.
Пачуйма сёння, што Езус вылечваў усе людскія хваробы. У многія хваробы пападае людское сэрца. Найгоршая  з іх – “скляроз сэрца”, калі забываемся пра міласць  Божую. У такім  стане духу няма ўжо ўцёкаў, застаецца безнадзейная  горыч і  цынізм. Езус адназначна  адказаў  пракажонаму, які ўпаў перад  Ім на калені і прасіў аб дапамозе: “Хачу, будзь ачышчаным”. Не раз трэба прымусіць сваё сэрца, нават калі яно гэтага не хоча, каб яно “упала на калені”. Гэта вельмі добры стан духу, бо адначасова тады нас па-кідае “праказа” граху. Калі мы адчуваем вызваленне, нічога не дасць забарона Езуса на маўчанне. Той уратаваны “асуджаны” не мог замаўчаць, бо павярнуўся да жыцця, а быў мёртвы. Нават перашкодзіў Езусу тымі сваімі паводзінамі, але хто б з нас паступіў іначай? Яго шчырая радасць і запал у еванге-лізацыі прывялі да Езуса многіх людзей.


22 лютага
1-я нядзеля Вялікага Посту, год В

Прыгатаванне

1 чытанне — Быц 9, 8-15.
Пс 25, 4-9.    
2 чыт. — 1 П 3, 18-22.
Евангелле — Мк 1, 12-15.

“Твае дарогі, Пане, гэта ласка і вернасць”
Усе нядзелі Вялікага Посту  Касцёл прызначае да непасрэднага  прыгатавання катэхуменаў да Святога Хросту. Хрысціянскае ўтаямнічанне  азначае  працэс   хрысці-янізацыі або “станаўлення” хрысціянінам.  Складзены ён з многіх этапаў і расцягнуты па часе. Заключаецца на дасягненні  сталасці ў навяртанні і веры, а ў далейшым – уцягненні чалавека ў містэрыю Хрыста і Касцёла (пар. ККЦ 1248). Для дарослых яно адбываецца  падчас катэхуменату, які  працягваецца некалькі гадоў, пры дапамозе строга акрэсленых Касцёлам чынаў і абрадаў публічнага і сімвалічнага характару. Галоўнае месца займаюць сакрамэнты хросту, бежмавання і Эўхарыстыі – фундаменты ўсяго хрысціянскага  жыцця. Таму з усіх кропак гледжання пажадана было рашэнне II Ватыканскага Сабору, каб катэхуменат аднавіць. Катэхуменат  завершыцца перыядам ачышчэння, асвячэння і выбрання, а збягаецца гэта па часе звычайна з Вялікім Постам.
Першая Нядзеля Вялікага Посту  называецца нядзеляю “выбрання”. Пакуль  мы  яшчэ  не “выбралі”, ад   катэхуменаў  патрабуецца навяртанне сэрца і змена абычаяў,  дастатковае  знаёмства з хрысціянскаю  навукай,  а  таксама дух веры і любові. А  як  гэта праверыць?  Адказам ёсць Евангелле. Так, як  наш  Пан  пераадолеў спробы шатанскіх спакусаў, так і катэхумен павінен у працэсе навяртання прайсці “40-дзённую пустыню” і напрыканцы быць выпрабаваным гэтаю спакусаю.
Першая спакуса – гэта спакуса “хлеба”. Яна павінна дапамагчы нам убачыць, што з’яўляецца са-праўдным забеспячэннем майго жыцця, што з’яўляецца маім “хлебам”, які насычае мяне кожны дзень. Ці толькі Слова Божае і выкананне волі Пана?
Другая спакуса – гэта спакуса “гісторыі”. Быць мудрэйшым за Бога,  быць больш інтэлігентным за Яго. Кольк і ж  разоў  паўтараем мы  фразы  – “не згодны,  не падабаецца  мне  тое,  не падабаецца мне сёе, ці яшчэ там, ці яшчэ сям”. Як многа разоў скардзімся і не задаволены жыццём. Скоч з вежы, павераць, што ты – Сын Божы. Ці згаджаюся з маім статусам сацыяльным, жыццёвым, як Езус – сын плотніка?
Трэцяя спакуса – гэта спакуса “багацця”.  Ідэалізацыя грошай, улады, знаёмстваў,  уласнай  асобы і прагненне бясконцых поспехаў. Гэта толькі некаторыя  багацці нашага  сэрца. Якое  з іх твой удзел? Калі адкажам “ніякае”, то значыць  махлюем  і не маглі б прыняць хрост.
Спакусы  для  таго, каб паказаць нам праўду ўбогага сэрца і прывесці нас да Езуса, які за нас перамог д’ябла і хоча падарыць нам жыццё новае, вызваленае ад старога  чалавека граху, жыццё, заснаванае  на ласцы.

----------------------------------------------------------------------------------------------------

4 студзеня
2-я нядзеля
пасля Нараджэння Пана, год В

Дзе набрацца мудрасці?

1 чытанне — Сір 24, 1-2, 8-12.
Пс 147, 1-15, 19-20.   
2 чыт. — Эф 1, 3-6, 15-18.
Евангелле — Ян 1, 1-18.

“Мудрасць пусціла карэнні ў праслаўленым  народзе” (Сір 24, 13)
Чаму Касцёл штогод дае нам у якасці прадмета для разважання пра Нараджэння Пана фрагмент з кнігі Сіраха, які гаворыць аб мудрасці?  Бо “ з’яўляецца  яна дыханнем моцы Божай і  прачыстым уплывам хвалы  Усемагутнага (…) Бог любіць толькі таго, хто прабывае з Мудрасцю”. Іншымі словамі,  мудрасць з’яўляецца незаменным элементам жыцця, годнага хрысціян. І адкуль яе “узяць”, дзе яе шукаць, што з’яўляецца яе зместам?  На  гэтае пытанне адказвае нам святы Ян, аўтар сённяшняй Добрай Навіны.  “На пачатку было Слова (…) Усё праз яго сталася, а без Яго  не сталася б нічога з таго, што сталася”. З нашага боку патрэбна адно – мы павінны Яго прыняць, бо Слова ёсць  Мудрасць, бо Слова  ёсць Богам, у Ім ёсць мудрасць. І яна робіць нас святымі і незаплямлянымі, як чытаем сёння у св. Паўла. Апостал радуецца сведчанню аб жыцці каталіцкай супольнасці ў Эфесе, якое ён пачуў з вуснаў таго, хто  быў сведкаю іх жыцця. Можа і сёння вядомыя такія сведчанні аб нашых парафіяльных супольнасцях.  Можа людзі збоку былі  ў захапленні ад стылю  нашага жыцця, дзе валадарыць любоў.
Любоў у адносінах да Езуса Хрыста натхняе да больш глыбокага пазнання Яго самога.  Пазнанне на мове Бібліі прадугледжвае спатканне.  Бо як можна пазнаць кагосьці, не спатыкаючыся з ім? Хрысціянін хадатайнічае аб такім спатканні, якім спосабам?  Такія спатканні мелі месца ў старажытным Касцёле. Праз доўгі час Эўхарыстыя  адбывалася адзін раз у нядзелю, затое біблійнае набажэнства, злучанае з малітваю, са спевам псальмаў і гімнаў, а таксама чытанне натхнёных тэкстаў, магло адбывацца кожны дзень.  Калі ахрышчаны не мог удзельнічаць у такім  аб’яднанні, то чытаў Святое Пісанне сам або з іншым ахрышчаным, пераважна ў кругу сямейным.
Ці можа Мудрасць сёння запусціць карэнні ў нашым жыцці, у нашых сем’ях і супольнасцях іншым спосабам? Не будзем сабе хлусіць, няма іншай дарогі як тая, якую паказвае нам  Касцёл і сёння, у казаннях Папы. Гэта вымагае працы, але  пад сілу яна толькі тым, хто паверыў і ў сэрцы перажывае спатканне з Мудрасцю і ёй паслушны.  Мудрасць збудавала сабе дом, якім з’яўляецца супольнасць Касцёла; дадам – не ананімная.


11 студзеня
Нядзеля Хросту Пана, год В

Брама, праз якую ўвайходзім у Валадарства Божае

1 чытанне — Іс 42, 1-4, 6-7.
Пс 29,1-4,3, 9-10.  
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Мц 3, 13-17.

“Гэта Сын Мой  умілаваны, якога Я ўпадабаў“ (Мц 3, 17)gr-chleb-01-2015
У  традыцыі Касцёла  Нараджэнне Пана, Аб’яўленне Пана і Хрост Езуса – гэта цыкл аднаго свята – Эпіфаніі. Такім, а не іншым спосабам уваходзіць у гісторыю свету  Адзіны і Ўсемагутны, любячы чалавека Бог. Аб’яўляецца чалавеку з воляю вызвалення распусных сыноў Адама з межаў  смерці. Таму аўтар сённяшняга псальму заахвочвае нас, каб аддалі хвалу Пану і ставілі Яго магутнасць на святое месца, якім з’яўляецца супольнасць Касцёла і адначасова  сэрца чалавека веры.
Чаму Езус прыняў Хрост з рук  Яна Хрысціцеля? Сам Ян дае сведчанне аб тым, што “ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць Духам Святым”. Да гэтага тэксту  сустракаем многа каментарыяў. Езус з’яўляецца  Юдэйчыкам і хоча прыняць хрост, атаясамліваючыся з якім-небудзь чалавекам. Прыходзіць, паслушны волі Айца,  рэалізуючы гісторыю збаўлення, якая замышлялася спрадвеку. Усе, хто прымаў хрост ад Яна,  спавядаліся за свае грахі, а Езус імгненна выйшаў з вады, як чытаем у св.  Мацвея, які піша  Евангелле для габрэяў. Выйшаў імгненна, бо не мусіў спавядацца за грахі, будучы падобны да нас ва ўсім, апроч граху. Сведкамі прыйсця Месіі з’яўляецца Ян Хрысціцель і “голас з неба”, таму сведчанне ёсць сапраўднае.
Важна таксама паслуга  Пятра  адносна язычніка  Карнэліуша. Ён прыгатаваў яго да хросту, з’яўляецца яго айцом хросным. Дакументы старажытнага Касцёла  падкрэсліваюць, якое вялікае значэнне мела паслуга верных, якія былі адказнымі за прыгатаванне языч-нікаў да хросту. Цікава, наколькі мы сёння заангажаваныя, каб перадаць веру нашым дзецям? Наколькі ангажуемся  ў жыцці і ва ўзросце веры ў нашых хрэснікаў?
І яшчэ адна важная справа – Езус прыйшоў, аздараўляючы ўсіх, хто знаходзіўся пад уладаю д’ябла. Не забываймася, што ён, вораг нашага жыцця,  заўсёды вырабляе засады супраць нас. Хрыстус яго перамог і дае нам удзел у той перамозе. Першым сакрамэнтам, праз які маем удзел у гэтым цудзе, з’яўляецца сам хрост. Гэты сакрамэнт – брама, праз якую ўваходзім  у Валадарства Божае.


18 студзеня
2-я звычайная нядзеля, год В

Ці чуеш словы Бога?

1 чытанне — І Вал 3, 36-10, 19.
Пс 40, 2, 4а 6,7- 8а.  
2 чыт. — 1 Кар 6, 13b-15a. 17-20.
Евангелле — Ян 1, 35-42.

“Жадаю выканаць волю Тваю, мой Божа” (Пс 40, 2, 9)
Таямніца паклікання – праблема, якую вырашае кожны, хто абраны праз Пана. У першым чытанні сустракаем Самуэля, які не ў стане пачуць голас Бога. Чуе словы, але не разумее, што гэта Бог кліча. Патрэбны быў Ілля, каб  Самуэль мог адкрыць сваё жыццё для Бога.
Таямніца паклікання – не адзіны выбар паміж духоўнай семінарыяй, кляштарам ці сужэнствам, як прывыклі гэта разумець. Гэта намнога складаней, гэта праца пошуку паклікання ў пакліканні. Калі ўжо Бог адкрыў мне свае планы, і ведаю, да чаго пакліканы, то застаецца пытанне,  як павінна быць яно рэалізавана. Тут адкрываецца патрэба прысутнасці  ў нашым жыцці людзей тыпу Іллі. Можна б сказаць – старэйшых братоў па веры, якія могуць нам падказаць, як Ілля Самуэлю, што да нас прамаўляе Пан, і як павінны адказаць на Яго голас.
Ян Хрысціцель указаў на Езуса, Баранка Божага, і Андрэй з іншым вучнем пайшлі за Ім. Пазналі Яго асабіста, засталіся на адзін дзень у Яго. Потым Андрэй быў правад-ніком для Пятра, які б сам не знайшоў  Езуса. Якая прыгожая гэта паслуга  евангелізацыі – паслуга абвяшчэння Езуса Хрыста іншым, Яго Добрай Навіны і прывядзення  іншых да Яго. Не выконваюць гэтай  місіі паасобку ні ксяндзы, ні законніцы.  Хрыстос патрабуе многа апосталаў, каб рэалізаваць  свае мэты. Дазволім Яму, каб наша жыццё належала толькі Яму. І ксяндза, і кансэкраванай асобы, і сужонкаў, і моладзі, і нават дзяцей.  Давайце прасіць аб гэтай ласцы ў таямніцы паклікання, давайце маліцца, каб знайсці яе і рэалізаваць. Самуэль “не дазволіць ні аднаму слову ўпасці на зямлю”.  Што сёння зробім з пачутым Словам? Ці даверым Богу, ці лічымся з Яго  выбарам  і планамі? Адважна адкажам за псалміста: “Жадаю выканаць волю тваю, мой Божа!”.


25 студзеня
3-я звычайная нядзеля, год В

Пойдзем за Езусам!

1 чытанне — Ён 3, 1-5. 10.
Пс 25, 4-5b, 8-9.  
2 чыт. — 1 Кар 7, 29-31.
Евангелле — Мк 1, 14-20.

“Кажу вам, браты, што заканчваецца час” (1 Кар 7, 29)
Тыдзень назад  са старонак Святога Пісання Пан пацвердзіў нам  справу нашага паклікання да рэа-лізацыі Божых планаў. Сёння ад-крывае глыбіню і значэнне гэтай паслугі.
Ёна не хацеў згадзіцца на паслугу прарока. Супраціўляўся намерам Бога, уцякаў, насамрэч амаль страціў жыццё. Стаў сведкаю  міласэрнасці з боку Пана, згадзіўся са сваім пакліканнем і ў канцы пайшоў у Нініві. Яго паслуга прынесла збаўленне жыхарам горада, які насялялі язычнікі. Для Бога жыццё кожнага чалавека цэннае, за яго Хрыстус праліў сваю кроў.
Прароцкая місія Касцёла актуальная ў кожным пакаленні. Для нас, на дзень сённяшні,  тэрыторыяй “Нініві” з’яўляецца Беларусь, наш горад або вёска, дзе жывём.  Заўсёды існуе рэальная спакуса ўцёку ад нашага паклікання. Гэтага хоча, перадусім, дэман, ён  аўтар нашых бунтаў, адыходу і нявернасці. Шатан не хоча, каб Богам выбраны народ вёў святое жыццё.
Калі ў сэрцах язычнікаў ці халодных у веры не з’явіцца інтрыгуючае пытанне “адкуль бярэцца іх узаемная любоў?”, калі асяроддзе хрысціян не пасылае на акружэнне промні высокім узроўнем маральнага жыцця, то можна сцвярджаць з невялікай рызыкай, што няма на тэрыторыі нашай “Нініві” вучняў Езуса. Так, ёсць асобы  натуральнай рэлігійнасці, але няма хрысціян. Вучні Хрыста запаўняюць свет моцай і багаццем жыцця.  Гаворыць старажытны аўтар ліста да  Дыягнета: “Чым з’яўляецца душа ў целе, тым з’яўляюцца хрысціяне ў свеце”. Сам Бог ад нас патрабуе, каб з’явілася “душа” ў асяроддзі, у якім жывём. Заданне ёсць супер, а Божая ласка робіць магчымым яго выкананне.
Час сапраўды кароткі. Валадарства Божае блізка. Каб была прынята намі ласка паклікання. Каб ніхто з нас не адазваўся на спакусу дэмана, які нам пакажа больш цікавае “пакліканне”. Будзе яно адзінай  карыкатурай, марнасцю, нічым. А планы Бога – цудоўныя. Устаньма і пойдзем за Езусам, час кароткі. У штодзённай малітве давайце пакорна прасіць, каб Пан даў нам  пазнаць свае дарогі. Галоўным зместам абвяшчэння Валадарства Божага павінна быць міласэрнасць і дабрата Пана. Навяртанне ёсць вынікам пакорнага сэрца чалавека, які пазнаў сваю мізэрнасць і папрасіў дапамогі ў Пана.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------

7 снежня
2-я нядзеля Адвэнту,год В

Выпроствайце сцежкіgr-str-30

1 чытанне — Іс 40, 1-5. 9-11.
Пс 85 (84), 9ab-10. 11-14.
2 чыт. — 2 П 3, 8-14.
Евангелле — Мк 1, 1-8.

“Гэта Пан Бог прыходзіць з сілаю”(Іс 40, 10)
Прарок Ісая прыпамінае нам фундаментальную думку Адвэнту – Бог прыходзіць да чалавека. Гэта феномен на плоскасці рэлігійнай і філасофскай. Бог філосафаў  адносіцца прынцыпова  толькі да сябе, гэта чыстая кантэмпляцыя самога сябе думкаю.  Мысленне – справа  боская.  Бог веры  акрэсліваецца ў асноўным праз катэгорыі  рэляцыі (адносіны), Ён любоў. Логас (слова) усяго свету, задумка Створцы, адначасова любоў. Праўда і любоў паказваюцца ідэнтычнымі ў логасе. Такім з’яўляецца Бог, які прыходзіць да свайго народа. Хто адчуў умяшанне Бога  ў сваё жыццё, перажыў фундаментальную рэвалюцыю.
Бог філосафаў ёсць абсалютна не такі, якім яго прыдумалі філосафы.  Бог як добры пастыр, які не затрымліваецца з  выкананнем  абяцанняў. Ён бесперарыўна зацікаўлены нашым лёсам, хоча ўсіх давясці да навяртання. Аднак жа павінны памятаць, што “дзень Панскі” надыйдзе нечакана. Тая святая хвіліна, якой не баіцца той, хто спаткаўся з любоўю і міласэрнасцю Пана, застане нас без плямаў і недахопаў. Нашы святыя паступкі  і пабожнасць указваюць на паставу чування, бо Пан, напэўна, прыйдзе і то, як злодзей, нечакана.
Псалміст падказвае нам, каб слухаць тоё, што гаворыць нам Пан Бог. Маем добры час для прыгатавання “дарогі для Пана”. Давайце прымем рашэнне, каб у акрэсе Адвэнту знайсці час для чытання і слухання Слова Божага, нават у “вясковай” самотнасці. Бо гэта Бог  усяго свету  зрабіў крок у людское жыццё ў Бэтлееме, не ў Ерузалеме, як чакалі  ўсе пабожныя кніжнікі. Выпростваць сцежкі для Пана, гэта, між іншым, стаць простым чалавекам, вызваленым ў моцы Хрыстуса з таго, што было пышна і надменна.


14 снежня
3-я нядзеля Адвэнту,год В

Узбагаціцца  тым, што паходзіць ад Бога

1 чытанне — Іс 61, 1-2а. 10-11.
Пс Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54.
2 чыт. — 1 Тэс 5, 16-24.
Евангелле — Ян 1, 6-8. 19-28.

“Узрадуецца душа мая пра Бога майго” (Іс 61, 10)
Тое, што запаведаў прарок Ісая і яго вучні, споўнілася ў Хрысце – Добрая Навіна аглашаецца ўбогім. Аглашае яе самы ўбогі з убогіх – сам Збаўца. Будучы Богам, сам сябе ўчыніў “пустым”, так гаворыць непасрэдны пераклад з грэцкай мовы. Толькі Святы Дух можа даць нам такую адвагу, каб стаць пустым, адрачыся ад свайго бачання свету, гісторыі і самога сябе, а ўзбагаціцца тым, што паходзіць  ад  Бога.
Прарок Ісая і святы Павел  заахвочваюць нас да радасці, якая выплывае з цуду навяртання, з цуду новага жыцця. Новы чалавек носіць шаты збаўлення і плашч справядлівасці, які з’яўляецца дарам Бога. Маці Божая, якая з’яўляецца іконаю Адвэнту, дзеліцца з намі сваёю радасцю, нават больш – сваім пакланеннем Богу Збавіцелю. Гэта не пустая пабожнасць, але  захапленне справамі, учыненымі праз Пана. Як ведаем,  тыя справы не былі шлейфам поспехаў. Там цяжкасцей болей, чым нам здаецца. Марыя ўсё даследвала і разважала.
Святы Дух  указвае на тое, што шляхетнае. Душа і цела павінны быць захаваныя на прыйсце Пана Езуса. Як ведаем, не датычыцца гэта адзінага – канца свету.  Пасха Езуса Хрыста адчыніла ўжо “час астатні”, які датычыцца хрысціян.  Чалавек веры служыць  Пану і душою, і целам, кожны, згодна з мераю Духа і згодна з пакліканнем. Хто дае радаснае сведчанне ўтрымліваючага цэлібат,  хто прымае чарговае патомства, а хто  рассявае радасць жыцця ў старасці або крануты калецтвам.
У лісце да Тэсаланікійцаў святы Павел заахвочвае маладую у веры супольнасць братоў да таго, каб пазбягалі ўсяго, у чым ёсць хоць кропля зла. Неразумны жарт, бестактоўныя паводзіны, злоўжыванне ўладаю, грубасць у паводзінах і пры размовах – гэта толькі некаторыя прыклады, якія могуць абразіць іншых. А якая вялікая і адказная  за жыццё іншых любоў, якая паходзіць ад Духа Святога. Ян Хрысціцель дапамагае зразумець, кім павінен быць чалавек перад людзьмі – марным воклічам ў пустыні. Некім такім, хто не прэтэндуе называцца прарокам ці вялікім настаўнікам. Павінен быць простым пакорным чалавекам, які ведае, што ўсё тое, што звязана са збаўленнем  чалавека, завяршае Езус Хрыстус. Мая работа для Хрыста – гэта  радаснае  абвяшчэнне Добрай Навіны і малітва.


21 снежня
4-я нядзеля Адвэнту,год В

Рыхтуем сэрца

1 чытанне — 2 Cам 7,  1-5. 8b-12. 14а. 16.
Пс 89 (88), 2-3. 4-5. 27 і 29.
2 чыт. — Рым 16.
Евангелле -Лк 1, 26-38.

“А Валадарству Яго не будзе канца” (Лк 1, 33)
Сённяшнія паводзіны Бога могуць нас моцна здзівіць. Не дазваляе Давіду  збудаваць святыню. Такі прыгожы замер  ад-кінуты Панам. Чаму? Давід – Божы выбраннік, але няма благаславенства  для будавання святыні, чаму? Быў час, калі ўзвы-сіўся па-над Богам, запляміў свае рукі невіннай крывёю.
Здавалася б, такая сур’ёзная мэта магла б стаць сродкам выпраўлення крыўды і шкоды, аднак Бог кіруе бегам гісторыі іначай. Не адмаўляе Давіду, які перажыў навяртанне,  у сваёй апецы і благаслаўленні, а Давід узаемна пакорна прымае волю Бога за святую. Праз Прарока гаворыць, што сам збудуе святыню і прыняў гэтае рашэнне ў непакаляным лоне Маці Божай. Замерам Усемагутнага з’яўляецца пабудова жывой святыні. Да канца замер гэты завершаны ў Змёртвыхпаўстанні Пана. Марыя вучыць нас, як важна ёсць прыніжэнне сэрца і прыняцце сваёй убогасці,  згодна з замерамі Бога, яны нас заўсёды падвышаюць і не ў меру нашых магчымасцей. Застаецца адзіны адказ на планы Божыя – як гэта адбудзецца? І заўсёды нас суцешыць Добрая Навіна, якую пачула Марыя – “Не бойся, Марыя, знайшла ты ласку ў Бога (…) Дух Святы сыйдзе на цябе і моц Найвышэйшага ахіне цябе”. І тут ёсць укрытая таямніца жыцця супольнасці  Касцёла і яго членаў: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”.
Застаецца яшчэ некалькі дзён, каб добра падрыхтаваць нашае сэрца, наш дом для радаснага перажывання свят Божага Нараджэння. Выкарыстайма гэты час мудра і ператворым наш дом у прыгожы “Бэтлеем”.


28 снежня
Нядзеля Святой Сям’і,год Вgr-str-31

Выхоўвайце,як прарокаў

1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 128 (127), 1-2. 3. 4-5.
2 чыт. — Клс 3, 12-21.
Евангелле — Лк 2, 22-40.

“Апраніцеся ў міласэрнасць Божую” (Клс 3, 12)
У кастрычніку скончыўся Надзвычайны Сінод Біскупаў, які сканцэнтрыраваў сваю ўвагу на праблемах вакол сям’і, для чаго? Свет, а менавіта той, што мае еўрапейскія карані, можна сказаць, поўнасцю страціў рассудак у разуменні таямніцы сужэнства і сям’і. Разгляданне праблемаў сінадальнымі айцамі  суправаджалася многатысячнымі  маніфестацыямі, якія прайшлі вуліцамі Парыжа і Бордо,  у абарону сужэнскіх і сямейных вартасцей. У абоіх выпадках маніфестанты выступалі супраць легалізаваных ва Францыі аднаполых брачных саюзаў, а таксама супраць сурагатнага мацярынства і дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій. Справы тыя маюць не толькі французскае, але агульнаеўрапейскае вымярэнне. Праз сінадальных айцоў Бог даў прароцкі адказ, каб мы сталі “салдатамі” справы Божай. Сёння прыгледзімся да стылю жыцця Святой Сям’і.  Яна жыла Словам Бога, якое запісана на старонках Святога Пісання і на старонках гісторыі. Бацькі хрысціяне змогуць распазнаць планы Божыя, што маюць быць зместам іх жыцця,  калі будуць “харчавацца” словам Святога Пісання, часта прыпамінае аб гэтым  Папа Фран-цішак. Варта б у дамашняй шопцы пакласці замест фігуркі Нованароджанага  ці збоку каля Яго Біблію. Прыгожы знак, але няхай паявіцца тады, калі мы фактычна  пажадаем, каб Слова сталася Целам у нашым жыцці. Тады бацькі будуць здольныя выхаваць дзяцей, як сапраўдных прарокаў, як Анну выхаваў Фануэль, або людзей правых і пабожных, якім быў старац Сімяён.

---------------------------------------------------------------

2 лістапада
31-я звычайная  нядзеля, год А

Клопат аб памерлых

1 чытанне — (сш 16) Ёв 19,1. 23-27а.
Пс 27 (26), 1.4. 7 і 8b і 9а. 13-14. 15-16. 19-20.
 2 чыт. — 1 Кар 15, 20-24а.25-28.
Евангелле — Лк 23, 44-46. 50. 52-53; 24, 1-6а.

“Збаўленне правых паходзіць ад Пана” (Пс 37)
Наколькі важная малітва  за тых, хто скончыў сваю пілігрымку на зямлі, сведчыць сённяшняя ўрачыстасць.
Касцёл дазваляе кожнаму ксяндзу ў гэты дзень цэлебраваць тры святыя Імшы. Такое вялікае значэнне мае малітва супольнасці Касцёла і такая вялікая ласка выплывае для памерлых з праведзенай Эўхарыстыі. Гэты клопат аб памерлых мае свае карані ў мудрасці хрысціянскай  – кожны з нас ёсць грэшнік, які збаўлены праз бясконцую міласэрнасць Божую.
Не смерць ёсць галоўным клопатам сённяшніх чытанняў, а жыццё, і жыццё новае, жыццё для Бога і ў Богу. Супольнасць жыцця  з Хрыстусам  Змёртвыхпаўсталым – гэта штодзённасць  чалавека веры.  Смерць ужо не мае ўлады над намі, яна прайграла бітву з Езусам, дарыцелем жыцця.  Бог прагне, каб кожны з нас меў удзел у вялікіх дабротах, прыгатаваных праз Хрыстуса. Наш Бог – Бог жывых, а не мёртвых. У Евангеллі, паводле святога Яна, Езус нам прыпамінае, каб нашыя сэрцы не турбаваліся. Ён прыгатаваў для нас памяшканняў многа, прыйдзе і  забярэ нас да сябе.  Хрыстус пасля дару сваёй Пасхі  поўнасцю змяніў перспектыву смерці! З ворага перамяніў на нашу сястру, як гаварыў пра яе святы Францішак. Адзіная ўмова, якую нам ставіць Бог, – гэта крочанне дарогаю, якая кіруецца праўдаю, і удзел у жыцці, якім ёсць сам Езус Хрыстус. Святы Павел вучыць нас  глядзець на жыццё рэа-лістычна – тое, што бачнае, пра-мінае. Нашае цела абнішчаецца, але маем дом трывалы, не рукамі зроблены.  
Феномен жыцця – гэта жыццё вечнае, якое даруе нам Пан, на дарозе навяртання. Апостал язычнікаў  гаворыць ясна – Езус вызваліў нас з няволі граху. Рашэнне аб жыцці або аб смерці павінна быць паднята ў нашым сэрцы! На якую смерць вырашаецца чалавек веры – на смерць для граху. А якое жыццё яго цікавіць –  тое, за якое сёння просім Пана маліцца за нашых памерлых.


9 лістапада
32-я звычайная нядзеля, год А

Майце аліву ў лямпе
 1 чытанне — Мдр, 6,  12-16.
 Пс 63 (62), 2. 3-4. 5-6. 7-8.
 2 чыт. — 1 Тэс 4, 13-18.
Евангелле — Мц 25, 1-13.

“Мудрасць знойдуць тыя, хто яе шукае”  (Мдр 6,12)
Святы Аўгустын, святая Эдзіта Штэйн – прыклады асобаў, якія шчыра шукалі праўду і знайшлі яе. Іх дарогі жыцця не былі простымі. Змагаліся супраць розных сумненняў, пазналі змрокі атэізму. У канцы тых пошукаў чакаў іх Змёртвыхпаўсталы. Спатканне з Ім  перамяніла іх жыццё, якое стала вялікім дарам для Касцёла.
Аўтар Кнігі Мудрасці  заахвочвае вас да пошукаў  Божай праўды. Пра яе разважаць – гэта шчыт мудрасці. Не ведаю, колькі з нас сапраўды знаходзіць час на разважанне, на паважнае разважанне аб жыцці.  Так часта жывём наогул без рэфлексій, быццам усё і так зразумела.
Псалміст паказвае нам свае адносіны з Богам. Ён Яго шукае, прагне Яго знайсці,  сумуе  па Ім, углядаецца у Яго ў святыні, Яго ласку цэніць даражэй, чым жыццё. Ці можа быць іначай у жыцці вучняў Езуса? Абсалютна не можа! Хто вядзе іншы лад жыцця, той не ў стане падняць імкненне да святасці.
У Евангеллі Езус прыпамінае нам аб паставе чування, гэта значыць, жыцці з адкрытымі вачамі. Чуваць – гэта значыць быць благаразумным,  які клапоціцца аб жыцці ў ласцы.  Мець аліву ў лямпе – значыць жыць у моцы Святога Духа.
Занядбанне Божых прыказанняў – глупства.Трацячы аліву – Святога Духа, выстаўляем сябе на небяспечнасць; не ўвойдзем на вясельнае свята, не будзе для нас месца ў доме Айца. Калі жыццё ў Духу трацім – трацім  запал. Удзел у нядзельнай святой Імшы – гэта пабожны, але не абавязкова штотыднёвы рытуал. Харчаванне Целам Пана – адзіны рытуал для пабожных бабулек. Малітва асабістая, а тым больш сямейная, – гэта тэорыя.  На пошукі волі Божай няма месца ў нашым сэрцы. Такое жыццё можа давясці нас да страшнага канца, калі ў дзень астатні Езус скажа нам: сапраўды вам скажу, не ведаю вас.
Дзякуйма Пану, што яшчэ дае нам  час для навяртання. Хто страціў аліву – няхай ідзе і возьме яе задарма – у Касцёле.


16 лістапада

33-я звычайная нядзеля, год А

Каб ноч не агарнула
1 чытанне — Прып 31, 10-13. 19-20. 30-31.
 Пс 128 (127), 1-5.
 2 чыт. — 1 Тэс 5, 1-6.
Евангелле — Мц 25, 14-30.

“Дзень Панскі надыйдзе неспадзявана” (1 Тэс 5, 2)
Заканчэнне літургічнага года – гэта напамінак аб абавязковасці чування.  Пан набліжаецца, зямное жыццё скончыцца  ў момант, які найменьш чакаем. Езус  нас просіць, каб мы чувалі і вялі жыццё цвярозае, гэта значыць – поўнае веры і  любові. Давер наш – міласэрнасць Божая.
Псалміст прызывае, каб страх Божы гасціў у нашым сэрцы. Ён павядзе нас па правільнай дарозе, на якой з’явяцца плады  хрысціянскага жыцця – па-першае, руплівасць ў абвяшчэнні Евангелля, аб чым гаворыць Хрыстус у прыпавесці аб талентах. Наступнае – дом хрысціянскі, у якім поўніцца воля Божая і дзе пануе любоў сужэнская, якая заўжды плодная, аб чым напамінае нам аўтар псальму.
Рухае нас таксама  сімволіка цемры і святла. Дзеці ночы – гэта тыя, хто не ведае Змёртвыхпаўсталага, падданыя князю цемры. Дэман не хоча, каб чалавек  застаўся  асвечаным бляскам Змёртвыхпаўстання. Ён прагне, каб егіпецкія цямноты панавалі ў нашым мысленні. Тыя, хто любіць цемру, – гэта зладзеі, блудніцы, забойцы. Ноч небяспечная, таму патрэбна ўстойлівае чуванне, каб нас яна не агарнула.


23 лістапада
Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год А

Вочы павінны быць адкрытымі
 1 чытанне — Эзх 34, 11-12. 15-17.
 Пс 23 (22), 1-2а. 2b-3. 5. 6.
 2 чыт. — 1 Кар 15, 20-26. 28.
Евангелле — Мц 25, 31-46.

“Як апошні вораг будзе знішчана смерць” (1 Кар 15, 26)
У жыцці часта вядзём  барацьбу, неаднакратна перамагаем, але ніхто не атрымаў перамогу над смерцю, апроч аднаго выпадку. Ведаем таго пагромшчыка смерці – Езус Хрыстус.
Прарок Эзэхіэль прыпамінае нам  пра клопат, які ёсць у сэрцы Пана. Ён як пастыр, які наглядае за сваім статкам. Бачачы, што авечка заблудзілася, адшукае яе і верне назад у статак. Якім спосабам? Праз паслугу вучняў.  Кожны з нас патрэбен Езусу, каб стаць Ягонымі вуснамі, рукамі і нагамі. Мы, містычнае  цела  Змёртвыхпаўсталага, павінны быць ў пастаянным евангелізацыйным руху. Вочы кожнага з нас павінны быць адкрытымі, каб распазнаць авечку, якая заблудзілася.  Такі клопат магчымы толькі ў адным выпадку, калі гасцюе ў нашым сэрцы міласэрнасць. Ніякае права, ніякае мара-лізаванне не прымушае нас да такога клопату – адзіная міласэрнасць Хрыста.  Ён усё зрабіў для сваіх братоў найменьшых – гэта значыць, для кожнага з нас.  Цяпер патрабуе добрых пастыраў. Працуе над сэрцам кожнага з нас, каб было яно напоўнена любоўю.
Нам засталося адказаць сабе на пытанне: хто я – казёл ці авечка? Ад добрага адказу залежыць наш лёс. Калісьці група людзей, заінтрыгаваная тым фрагментам Евангелля, прыйшла з падобным пытаннем да старога манаха. Запыталі яго: скажы нам, хто мы – авечкі ці казлы? Пакорны манах адказаў: не ведаю, кім вы ёсць. Затое ведаю, хто я – казёл. І я таксама знаходжу сябе ў гэтай фігуры. Чаму? Пастаянна, штодзённа патрабую  навяртання. Неразумны, як казёл.


30 лістапада
I -я нядзеля Адвэнту, год В

Нам час падараваны

1 чытанне — Іс 63, 16b-17. 19b; 64, 2b-7.
Пс 80 (79), 2ас і 3b. 15-16. 18-19.
2 чыт. — 1 Кар 1, 3-9.
Евангелле — Мк 13, 33-37.

“Аднаві нас, Божа, і дай нам збаўленне” (80 (79))
“Глядзіце, трывайце без сну”. Так можна найпрасцейшым спосабам растлумачыць з грэчаскага языка першыя словы сённяшняга Евангелля. Некаторыя рукапісы дадаюць словы: “І маліцеся”. На пачатку новага літургічнага года Езус заахвочвае нас да  паважнага і адказнага трактавання свайго жыцця. Для хрысціяніна гэта перш за ўсё пазіцыя “адкрытых вачэй”, якая шукае знакаў прысутнасці Пана ў гісторыі збаўлення. Усе знакі – гэта аб’яўленне таго, што называем “Воля Божая”. Гляджу, што робіцца вакол мяне і са мною, і стараюся прачытаць замысел Бога. У тым  духу  зацвярджае нас сёння святы Павел, калі  гаворыць, што наша пакліканне – гэта жыць  у супольнасці з Езусам Хрыстусам. Няма горшага стану духа для веруючага чалавека, чым неразуменне замыслаў Бога. Прарок Ісая жаліцца, што “чаму ж, Пане, дазваляеш нам  блудзіць здалёку ад Тваіх дарог”. Неразуменне планаў Божых вядзе да нячуласці сэрца і браку страху Божага. У сваю чаргу гэта прыводзіць да гонару, бунту і да папаўнення  многіх іншых грахоў.  Прарок разумее, што Бог, жадаючы прывесці свой народ  да навяртання, аддае яго “у моц нашай віны”. І гэта ёсць найгоршая кара. Яна прывядзе да скрухі і навяртання. Таму прарок ласкава  звяртаецца да Бога: “Ты ж, Пане, наш Айцец, “Адкупіцель наш” – Тваё імя. Знаходжанне чалавека ў стане граху  робіць яго няздольным да таго, каб “глядзець”, ён знаходзіцца ў стане “сну”. І таму непрыдатны  для спраў Божых, бо не заўважае, калі і якім спосабам прыходзіць да яго жыцця “Пан дому”. І гэта самае важнае – аддаць сваё жыццё ў рукі Хрыста, Ён з’яўляецца яго Панам.  Час Адвэнту нам падараваны, каб нанава перагледзець паставы свайго жыцця і ўсё аддаць пад уладу Пана дому. Давайце зробім рахунак сумлення у першую нядзелю Адвэнту, каб добра распачаць такі радасны  перыяд прыгатавання да свята Божага Нараджэння. А можа гэта ўжо апошні Адвэнт, Пан блізка, напэўна на адлегласці аднаго года. 

 

 

5 кастрычніка
27-я звычайная нядзеля, год А

У супольнасці з вінаграднікам

1 чытанне — Іс 5, 1-7.
 Пс 80 (79), 9 і 12. 13-14. 15-16. 19-20.
 2 чыт. — Флп 4, 6-9.
Евангелле — Мц 21, 33-43.

“Чаму навучыліся, тое чыніце”  (Флп 4, 9)
Колькі ж  разоў Бог са старонак Святога Пісання, як і сёння, прыпамінае нам аб сваёй любові да абранніцы, якая многа разоў аказалася нявернай. Прарокі, між іншымі  Ісая,  неаднаразова звяртаюцца  да  сімвалу  закаханых, якія ў Песні Песняў спяваюць пра  таямніцу кахання. Супольнасць Касцёла  – сёння вобраз плоднай абранніцы, якая рыхтуецца прыносіць  салодкія  плёны. Езус Хрыстус  даў  Богу  тое, чаго  не мог даць  Богу  Ізраэль. Езус – той вінаграднік, які прыносіць плады. Які  гэта плод? Езус аддае сваё жыццё  і  пралівае сваю  кроў, выдае  найбагацейшы плод, найвышэйшай любові.
Што можам мы зрабіць, каб прыносіць добрыя плёны? Павінны трываць у супольнасці з Ім, з адзіным  пладародным  вінаграднікам. З Ім – значыць таксама з супольнасцю  Касцёла. Іначай  нічога не можам зрабіць.
Гэта  пакліканне  абсалютна бясплатнае! Езус адназначна прамаўляе сёння да нас: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас, і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён”. Гэта значыць Бог клапоціцца  аб тым, каб кожны з нас і нашыя  супольнасці  прыносілі  плён у дастатку, як Ён гэта робіць.   
Слуга Божы, кс.Францішак Блахніцкі гаворыць аб трох навяртаннях: навяртанні веры, навяртанні даверу, навяртанні любові.
Першае  навяртанне  заснавана на асабістым пазнанні, так званым спатканні са Змёртвыхпаўсталым  Езусам і  адданні Яму свайго жыцця.
Другое навяртанне – адказ ад прагнення  збаўлення  сябе  і  ачышчэння  ўласнымі  стараннямі, разумення, што толькі Бог збаўляе! Вера ў адпушчэнне грахоў, новае стаўленне да сваіх недасканаласцей,  якія  пераношу з цярплівасцю. Яно  мае  свой  пазітыўны ўплыў на  выпрацаванне пакоры і сапраўды маркотнага  сэрца.
Трэцяе навяртанне. Навяртанне  любові! Гэта этап крыку і засмучэння, за ім ідзе смерць! Што значыць гэта смерць? Смерць старога  чалавека, а ён не можа быць аб’ектам любові – ён павінен памерці. Гэты  этап ёсць часам глыбокага пазнання, ці любімы я чалавек. Пазнання сваіх грахоў,  сваёй грэшнасці ў вачах Любові, якая агортвае маю грэшнасць, – і пасля стыд, боль і прагненне, каб болей любіць, бо мне многае даравана. І менавіта тады становімся здольнымі да любові іншых у любові Хрыста!
Такая  дарога навяртання няхай будзе нам у дапамогу ў разуменні Хрыста, які кажа: “Адымецца  ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго”.  Маю надзею, нашыя сэрцы  праглі пладоў з вінаградніка Жаніха, Ён ведае нашыя скрухі і прагненні.


12 кастрычніка
28-я звычайная нядзеля, год А

Адкрыць малітву нанава

1 чытанне — Іс 25, 6-10а.
 Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
 2 чыт. — Флп 4, 12-14. 19-20.
Евангелле — Мц 22, 1-14.

“Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне” (Флп 4, 13)
Нядаўна прачытаў вельмі хвалюючую гісторыю Анэсі Муканкака, родам  з  Рванды. Перажыла з чатырма дзецьмі  масавае забойства ў1994 г., якое агарнула два племені – Хуту і Тутсі. Пасля заканчэння  тых страшных здарэнняў  вымушана  была перажыць намнога цяжэйшую  барацьбу, каб прабачыць мясцоваму душпастыру, а таксама забойцам яе мужа, чацвярых дзяцей і яе блізкіх.
“У касцёле  ў Нянге страціла ўсіх. На маіх вачах перад галоўнымі дзвярыма застрэлілі мужа, сына – пад  вокнамі,  калі спрабаваў яшчэ  ўскочыць  у  касцёл. Іншыя былі ў сярэдзіне. Усе за-гінулі. Не хацелі выйсці; бульдозерамі, у  прысутнасці  ксян-дза з парафіі  звалілі будынак на людзей, у ім ахрышчаных. Мяне там ужо  не было, уцякла разам з чацвярыма  ацалелымі  дзецьмі”, – пісала Анэся.       
Пасля  той  дэманічнай разні вярнулася  ў  родны  край і знайшла сваіх  чацвёра загінуўшых дзяцей. У сэрцы засталася  незалечная  рана, не патрафіла, як сама прызнавалася, да канца чытаць “Ойча наш”, бо гэта ёй моцна балела. Падчаc  хуткіх  рэкалекцый усе духоўныя сілы накіравала на просьбу аб ласцы адкрыцця нанава гэтай малітвы. Прамаўляла: “Дапамажы мне прабачыць, каб магла да Цябе маліцца”. Так крычала да Бога. Прабачыла ўсім, акрамя аднаго, – таго, хто ў яе на вачах застрэліў  яе сына.
“Падчас малітвы  (…) пачула  ўнутраны голас – прабач  яшчэ Тэлесфору.  Угледзела зноў твар забойцы майго сына, ведала яго, быў з мае вёскі. Крычала ўголас, што яму прабачыла. І з радасцю, як ніколі, прачытала  тры разы цэлую  малітву “Ойча наш”».


19 кастрычніка
29-я звычайная нядзеля, год А

Слухайце чыстым сэрцам

1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.
Пс 96 (95), 1 і 3. 4-5. 7-8. 9-10а і 10с.
2 чыт. — 1 Тэс 1, 1-5b.
Евангелле — Мц 22, 15-21.

“Я ёсць Пан і няма іншага” (Іс 45, 5)
У гісторыі Выбранага Народу  Бог  карыстаўся  паслугамі  не толькі асобаў, якія да яго належалі, але таксама і язычнікаў. Адным з  іх  быў  Цырус, пярсідскі цар. Гэта  дзякуючы яму  ў 538 г. да нараджэння Хрыста выгнаныя маглі вярнуцца з няволі вавілонскай  ў Ерузалем і адбудаваць разбураную святыню. Гісторыя  вельмі  павучальная  для многіх пакаленняў і правіцеляў. Мудры кіраўнік разумее пазітыўнае значэнне рэлігіі, якая  выхоўвае дух і мараль  грамадства. Сваімі пастановамі спрыяе яе развіццю. Мала разумны  кіраўнік, ці парламент абмяжоўвае  або  спрабуе маніпуліраваць жыццём рэлігійных супольнасцей. У выніку гэта ўсё не на карысць краю.
Гісторыя Касцёла – гэта працяглы клопат і рэўнасць аб аглашэнні Евангелля. Прыпамінае  нам аб гэтым святы Павел ў лісце да Тэсаланікійцаў, дзякуючы Богу за іх веру і сведчанне жыцця, якое было прычынаю для навяртання чарговых  язычнікаў з Македоніі і Ахаі.  Аб  гэтым даведваемся, чытаючы далей гэты ліст. Нягледзячы на ўсякія цяжкасці, маладыя супольнасці  гарэлі  любоўю ў аглашэнні  Добрай  Навіны, што ёсць  прычынаю  радасці Апостала язычніцкіх  народаў.
У Евангеллі Пан перасцерагае нас ад скажонасці сэрца пры слуханні Слова Божага. Вучні фарысеяў хочуць падлавіць Езуса на  якіх-небудзь памылках, каб абвінаваціць  яго  ў  недахопе прававернасці ў навучанні. Той новы Прарок  не застаўся праз іх памазаным, па якому праву асмельваецца  навучаць  іншых. Чалавек скажоны  не шукае праўды, ён аглашае сам  сябе, не церпіць супраціву, крывадушны  і  праўды Божай не ведае. Таму Езус аказаўся  ворагам  для  крывадушных  у фальшывай пабожнасці яўрэяў і     выкрывае   гэтую паставу ў дыялогу з вучнямі фарысейскімі.


26 кастрычніка
30-я звычайная нядзеля, год А

Навука Панская чутна ўсюды

1 чытанне — Зых 22, 20-26.

Пс 18 (17), 2-3а. 3bc-4. 47 і 51ab.
2 чыт. — 1 Тэс 1, 5с-10.
Евангелле — Мц 22, 34-40.

“Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё”  (Ян 14, 23)
Касцёл – супольнасць асобаў, якая з’явілася  ў гісторыі свету, як сведка  Змёртвыхпаўстання.  Жыццё  вызваленых са смерці граху ёсць  пацверджаннем  таго, што навука Панская становіцца чутна ўсюды.
Прыкладам  таму  можа служыць жыццё Эдуардо Вястэгі. Малады лацінаамерыканскі пясняр, мадэль, плэйбой і акцёр. Яго кар’ера  набірала “абароты”, падняўся  аж да Галівуда. Багацце, слава, жанчыны і некрывадушны поспех прывялі яго да вышыні багацця. Вёў разгульнае жыццё,  у  пэўны  момант  сустрэў  сведку Змёртвыхпаўстання Пана. Бог скарыстоўвае  слабае  веданне Эдуардо англійскай мовы. Настаўніца, адважная хрысціянка, пасля некалькі месяцаў  навучання, паставіла свайму вучню пытанні: Ці верыш у Бога? Ці любіш Яго? Ці кіруешся ў сваім жыцці Дэкалогам і ці верыш у тое, што цела тваё з’яўляецца святыняю Духа Святога?  Эдуардо  даў  на  ўсе пытанні  адказ: так. Тады гэтая адважная жанчына сказала: для чаго  абражаеш  Бога?  Чаму  ломіш прыказанні  і  прафануеш  святыню сваёй  душы? Плюеш  Богу ў твар!
Гэта быў момант зваротны – Эдуардо ў адну хвіліну зразумеў бессэнсоўнасць  свайго жыцця, упаў на калені і доўга плакаў. Акцёр змяніў сваё жыццё, Хрыстос для яго зараз –  Збавіцель. Ён служыць Яму, застаючыся акцёрам і рэжысёрам.  Любіць Яго і захоўвае Яго навуку. Годна ўдзельнічае ў руху “Pro life”, ад-крыў сучасную паліклініку, каб ратаваць жыццё. Стварае цудоўныя фільмы. Палюбіў, таму што застаўся любімым. Зараз ён супермэн з ружанцам у руцэ.
Дабро, якое зараз чыніць, ёсць вынікам  спаткання  з  любоўю  Змёртвыхпаўсталага Пана. Слухаючы  чытанні, з моцаю выспявайма рэфрэн Псальму: Мілуе Цябе, Пане, моц мая.

7 верасня
23-я звычайная нядзеля, год А

Супольная малітва кожны дзень

1 чытанне — Эзх 33, 7-9.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7а. 7b-9.
2 чыт. — Рым 13,  8-10.
Евангелле — Мц 18, 15-20.

“Нікому нічога не будзьце павінныя, акрамя ўзаемнай любові” (Рым 13, 8)
Большасць з нас пасля адпачынку вяртаецца да сваіх абавязкаў. І адразу ж павінны прызнацца Богу, як рэагавалі мы на чужыя грахі. Пэўна, лета спрыяе граху. Прарок Эзэхіэль прыпамінае нам, што нясём адказнасць і за свае, і за чужыя грахі. Часта кіруюць намі канфармізм, выгада, адносіны на працы, у сям’і, у палітыцы, страх, безадказнасць, людская глупота або брак кахання. Тыя ці іншыя матывы ўплываюць на нашыя дзеянні. Звязаныя, зняволеныя грахамі, мы не ў стане папракнуць каго-небудзь, хто паступае нядобра. Датычыцца гэта як душпастыраў, так і асобаў свецкіх. Папракаць павінны і малых, і тых вялікіх, хто мае ўладу, калі блудзяць і грашаць. Асабліва, калі робяць на шкоду  грамадству як духоўна, так і матэрыяльна. У Пасланні да Рымлянаў пачуем, што засада простая – любоў не прычыняе зла бліжняму!
Хрыстус вучыць нас, як павінны будаваць моцныя рэляцыі ў нашых касцёльных супольнасцях. Асноўнай супольнасцю з’яўляецца сям’я, потым парафія, потым розныя парафіяльныя групы, розныя супольнасці законныя і ўрэшце – грамадства. Усё павінна аба-пірацца на праўду і на прабачэнне. Адно і другое служыць для будавання  моцных сувязей людскіх і грамадскіх. Пан прыпамінае нам: супольная малітва павінна быць не толькі ў нядзелю, але кожны дзень.


14 верасня
24-я звычайная  нядзеля, год А

Свята Ўзвышэння Святога Крыжа

Прабачайце!
1 чытанне — Ліч 21, 4b -9.  Пс 78 (77), 1-2. 34-35. 36-37. 38
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Ян 3 13-17.

“Ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану” (Рым 14,8)
Memento Mori – гэтымі словамі ў некаторых  супольнасцях  да сённяшняга дня  вітаюць адзін другога манахі. Мудры чалавек – гэта той, які памятае пра рэчы апошнія – старасць, хваробу і смерць, і які штодзённа ў сваіх паступках кіруецца прыказаннем любові. Наша Маці Касцёл вучыць, што ў канцы жыцця чакае нас смерць, пасля смерці – суд Божы, а пасля яго – Неба або пекла. Каб не зблудзіць у нашым пілігрымаванні да Неба, мы павінны кіравацца простымі прынцыпамі – як мне Бог прабачыў усё, так і я павінен прабачаць. У супрацьлеглым выпадку не можам разлічваць на міласэрнасць Божую. Калі замышляе чалавек помсту, то помста чакае яго з боку Бога.  Псалміст накіроўвае нашыя  думкі да Пана, усхваляе неабсяжную таямніцу Божай міласэрнасці. Хто носіць у сваім сэрцы дары Святога Духа, той кіруецца  ў сваіх паступках  прынцыпамі  святога Паўла: жывём для Пана і паміраем для Пана. Любоў Бога і бліжняга вымагае “па-мірання  для сябе” – не жыву ўжо, як эгаіст, але жыву для Пана і бліжніх. Такія цуды адбываюцца, дзякуючы ласцы, якую ў дастатку прыгатаваў для нас Бог у Найсвяцейшай Эўхарыстыі.


21 верасня
25-я звычайная  нядзеля, год А 

Гарантыі з боку Пана

1 чытанне — Іс 55, 6-9.
Пс 145 (144), 2-3. 8-9. 17-18.
2 чыт. — Флп 1, 20с-24. 27а.
Евангелле — Мц 20, 1-16а.

“Думкі мае не вашыя думкі” (Іс 55, 8)
“Чым старэйшы станаўлюся і багацейшы вопытам, тым болей бачу, што самая верная дарога да асабістай святасці і служэння з большай карысцю Сталіцы Святой ёсць імкненне, каб звесці ўсё (…) да максімальнай прастаты і пакою, ачышчаючы мае вінаграднікі ад лішніх лісцяў і парасткаў і дабіваючыся толькі таго, што ёсць праўда, справядлівасць і любоў, перадусім любоў. Кожны іншы спосаб паступкаў ёсць толькі поза і пошук сябе (…). О, прастата Евангелля (…)”. Няхай гэтыя словы святога Яна ХХIII прывядуць нас да ўважлівага слухання сённяшняга чытання.
Бог прагне зрабіць наш спосаб мыслення і паступкаў годным дзяцей Бога. Тыя, хто з Бога  нарадзіўся, ва ўсім кіруюцца прастатою слоў  Добрай Навіны.  Не баяцца  ў сваіх дзеяннях крытыкі з боку  “мудрацоў таго свету”, бо ведаюць, што  “прастата справядлівага будзе высмеяна”. Сёння павінны праверыць свой спосаб мыслення і дзеяння, якім кіраваліся на астатнім тыдні. Усё тое, што ёсць  нямілае ў вачах Бога, павінны змяніць і аддаліць. Праца навяртання – гэта наша штодзённасць. Перасцерагае нас Хрыстус  словам з Евангелля. Аказваецца, што для нас прыгатаваны, як узнагарода, адзін дынар. Незалежна ад таго, якое месца займаем у супольнасці Касцёла. Усе маем гарантаваную любоў і міласэрнасць з боку Пана, якая нас суправаджае да жыцця вечнага.
Думаю, што маю многа яшчэ чаканняў, якія нас не ўводзяць, а наадварот “выво-дзяць” з вінаградніка Панскага і якія не ёсць па думках Хрыстуса. Быццё першым, кар’ера,  вымаганне  поспеху,  жыццё без крыжа, ці любоў да сябе –  гэтыя словы чужыя для працаўнікоў “вінаградніка Панскага”. Для таго прарок Ісая  заахвочвае нас да змены  спосабу мыслення. У іншым месцы проста  скажа нам – навяртайцеся. Маем зачарпнуць з крыніцы Эўхарыстыі моц ад Бога, якая зробіць нас здольнымі да таго, каб жыць у прастаце Евангелля.


28 верасня
26-я звычайная нядзеля, год А

Калі сэрца скажонае

1 чытанне — Эзх 18, 25-28.
Пс 25 (24), 4-5. 6-7. 8-9.
2 чыт. — Флп 2, 1-11.
Евангелле — Мц 21, 28-32.

“Успомні, Пане, пра сваю міласэрнасць” (Пс 25 (24), 6)
На мінулым тыдні мы з вамі слухалі Евангелле, у якім Езус завяраў нас, што “не чыніць нам крыўды”, паступаючы з намі не так, як думаем мы. Сёння прарок Эзэхіэль нас пытае ад імя Бога: “Ці мой спосаб паводзінаў для вас нячутны, ці  вашыя ўчынкі скажоныя?”.
Таямніца скажонага чалавечага сэрца – гісторыя жыцця кожнага з нас.  Можа, непрыемна з тым пагадзіцца, што маё сэрца ёсць скажонае. Лепей так сказаць пра каго-небудзь іншага, а не пра сябе. А мае грахі – гэта што? Хіба не ад скажонасці майго сэрца? Таму жадайма разам з аўтарам псальма: “Успомні, Пане, пра сваю міласэрнасць”.  
Так, нам патрэбна настой-ліва ўслухоўвацца ў Слова Божае, каб  пазнаць  дарогі Пана і імі крочыць. Псалміст нам падказвае:”Пан ёсць добры і справядлівы, таму ўказвае дарогі грэшнікам”. Адвага і пакора сэрца патрэбны, каб прагнуць толькі аднаго – любові Хрыста.  У грэчаскім тлумачэнні чытаем, што Езус  “сябе самога ўчыніў  пустым”. Пазбыўся ўсяго, стаўшы слугою Айца. Толькі Яго ласка можа ўчыніць нашае сэрца вольным ад скажонасці,  зрабіць нас гатовымі да службы, аб якой прыпамінае нам  святы Павел у Пасланні да Філіпянаў.
Важным ёсць апамятацца, гэта значыць, навярнуцца, як першы  з сыноў, герояў сённяшняга Евангелля. Нашае скажонае сэрца не схільнае быць паслушным волі Айца. Таму перасцерагае нас Езус, што мытнікі і прастытуткі перад намі ўвойдуць ў Валадарства Нябеснае. Для многіх з нас гэта будзе вялікім сюрпрызам, калі споўняцца словы гэтага Евангелля. Давайце прасіць Пана аб ласцы, каб мы апамяталіся, і аб ласцы ўверавання ва ўсё, што гаворыць нам Хрыстус, ва ўсё!

-------------------------------------------

6 ліпеня
14-я звычайная нядзеля, год А

Такая канкурэнцыя?
1 чытанне — Зах 9, 9-10.
Пс 145 (144), 1-2. 8-9. 10-11. 13cd-14.
2 чыт. — Рым 8, 9. 11-13.
Евангелле — Мц 11, 25-30.

“Айца ніхто не ведае, апроч Сына” (Мц 11, 27)
Святы Геранім выказаў невымерна важную сентэнцыю: хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Езуса. З гэтага  вынікае просты вывад,  які абапіраецца на  слова сённяшняга Евангелля, што нехта такі не ведае і Айца. Варта было б у кожнай парафіі зрабіць рахунак сумлення наконт ведання Пісання. Рызыкну сцвярджаць, што з тым не ёсць найлепей; а можа горш, а можа – добра? Гэта пытанне і да пастыраў, і да авец. Езус гаворыць, што мае авечкі ведаюць мой голас.  
У Евангеллі чуем: прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Для чалавека веры Святое Пісанне ёсць важнаю крыніцаю суцяшэння і супакою. Сёння назіраем вялікую канкурэнцыю паміж проста словам і, на жаль, Словам Божым, якое не знаходзіць месца ў нашым жыцці.
Прарок Захарыя заахвочвае нас да радасці, бо нястомны ў сваёй міласэрнасці  Цар пакорных. Ён і ў гэтую нядзелю прыходзіць ў таямніцы Слова і ў таямніцы Найсвяцейшай Эўхарыстыі, каб знішчыць ваенныя калясніцы і лукі, як зброю ворага, якую нам штодзённа ўручае дэман. Тую смяротную зброю  Хрыстус  знішчыў на крыжы і, змёртвыхпаўстаўшы, даў нам  зброю духоўную. Гэтая таямніца ажыццяўляецца  ў кожнай святой Імшы. Таму, хто ведае Збаўцу, не жыве ўжо паводле цела, не з’яўляецца нявольнікам моцы зла, але ёсць святыняю Духа.  Жыць у Духу азначае жыць у мудрасці сямі дароў, якія Ён прыносіць. Як распазнаць духі, якія жывуць у нас? Па плёнах.
Ёсць таксама сем “дароў” злога духа.  Адзін з іх – дар глупства. Гэты “дар”развівае нас у абыякавасці да Бога, дазваляе чалавеку  забыць пра даброты нябесныя. Ён не ў стане  пазнаваць дзеянні Бога, мае агіду да спраў духоўных.
Нашая прысутнасць на святой Імшы прызначана для таго, каб аднаўляць святыню Духа, якою ёсць нашае сэрца. Дзякуючы Яго моцы маем лагоднае і пакорнае сэрца і дазваляем праводзіць нас у таям-ніцу крыжа –  салодкага ярма. Што для цябе сёння гэтае ярмо?


13 ліпеня
15-я звычайная нядзеля, год А

Каму належыць твой час?
1 чытанне — Іс 55, 10-11.
 Пс 65 (64), 10abcd. 10e-11. 12-13. 14.
 2 чыт. — Рым 8, 18-23.
Евангелле — Мц 13, 1-23.

“Пасеянае на добрай зямлі прыносіць плён” (Мц 13, 23)
Надышоў час даспявання пасеянага зерня, час збіраць ураджай. Кожны год у поце ілба працуем мы на зямлі, каб сабраць плён працы людской. У нашай айчыне даўно забыліся, што гэта Бог навадняе зямлю і ўздымае ўраджаі. Барацьба за ўраджай на дачных і калгасных палях напамінае людзей заблуканых, няверуючых у Святы Провід. Розум, асвечаны верай, зможа гэта распазнаць і кіравацца святлом запаведзей.
Спакуса рацыяналізму, як чарговы з “дароў” злога духа, падрывае павагу да Бога і яе не прымае. Усё высмейвае або пазорыць некаторыя хрысціянскія праўды.
Сёння Пан заахвочвае нас да даверу  ў Яго кіраўніцтва.  Святочны дзень, нядзеля – дар для кожнага з нас. Хопіць часу на ўсё.  Калі твой час не належыць Богу, то хто з’яўляецца яго кіраўніком?
Чарговую  нядзелю  працягваем разважанні  пра  вес і значэнне Слова Божага. Прарок  Ісайя  гаворыць, што гэта як лівень і снег. Мае ве-лізарную моц і місію – узбудзіць багаты ўраджай новага жыцця ў гісторыі кожнага з нас. Езус  параўноўвае  яго  з  зярнятамі, якія  сейбіт  кідае  ў зямлю. Тая зямля ёсць сэрца кожнага чалавека. Каб сталася зямлёю добраю, патрэбна  ўважліва слухаць і разумець Слова. Якім  яшчэ  спосабам Пан робіць лепшым людское сэрца? Даючы нам ежу са святых сакрамэнтаў і ўзрыхляючы цвёрдую глебу – плугам крыжа.
І  яшчэ  раз  звернемся  да святога Гераніма – гаворыць ён, што, хто  не  прымае Слова Божага, не мае права прымаць Святую Камунію, чаму?  У першым  і  другім выпадку – прымаем  Хрыстуса!


20 ліпеня

16-я звычайная нядзеля, год А

Хто мае вушы…

1 чытанне — Мдр 12, 13. 16-19.
Пс 86 (85), 5-6. 9-10. 15-16а.
2 чыт. — Рым 8, 26-27.
Евангелле — Мц 13, 24-43.

“Праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца” (Мц 13, 43)
Езус многакратна выкарыстоўвае вобразы са штодзённага жыцця, каб нам дапамагчы зразумець праўды Божыя. Большасць з нас ведае, чым ёсць зелле, і як патрафляе яно загубіць нашу працу. Ніхто знас яго не сее, яно і так вырастае. Адкуль бярэцца? І гэтую сітуацыю Езус выкарыстоўвае, каб дапамагчы нам у разуменні жыцця.
 У нашым акружэнні, таксама і ў касцёле, нам непрыемныя людзі, якія дзейнічаюць пад уладаю д’ябла. Яны засяваюць насеннем ня-праўды, пляткарства, абгавораў і многім іншым махлярствам. Натуральная рэакцыя – жаданне вы-рваць зелле, каб не заглушала каласоў, поўных добрага зерня. Езус вучыць нас іншым паступкам – павінны чакаць да канца часоў. Анёлы  зробяць парадак з тымі, хто дапускаў неправату і сеяў пагаршэнне. Будуць укінуты ў пекла.
Гэтая навука  ёсць надта  паважнаю перасцярогаю, каб не пагарджалі ёю. Такая пастава ёсць адным з  “дароў” Злога. Вядзе яна да непавагі іншых асоб, у тым ліку Бога. Чалавек з такім станам духа лічыць, што яму належыць усё. Цана, якую гатовы заплаціць,  нават утрата  ласкі і Царства. Яго жыццё не мае адносінаў да Бога, цешыцца банальнасцю – усе так паступаюць.
Псалміст запрашае нас да даверлівай і трывалай малітвы.”Біблія гаворыць, што Майсей размаўляў з Богам твар у твар, як з прыяцелем (…) Такою павінна быць наша малітва: свабоднаю, пастаяннаю і мець падставу. І нават нічога не напамінаючы Пану: “Абяцаў мне тое, яшчэ тое…, а не зрабіў”, так, як размаўляеш з прыяцелем. Патрэбна адчыніць сэрца на тую малітву. Майсей ішоў з гары ўзмоцнены: “Лепей пазнаў Бога”, а тая моц, якую дала яму малітва,  уздымае справу правядзення народу на Зямлю Абетаваную. Малітва ажыўляе. Няхай Пан дасць  нам усім ласку, бо малітва ёсць ласка”, – падкрэсліў Святы Айцец.
І яшчэ адна мудрасць Евангелля, якая  можа  быць сёння суцяшэннем для  не аднаго пробашча, перадусім для тых, у каго нешматлікія супольнасці.  Царства нябеснае ёсць падобнае да зярняці гарчыцы і да квасу. Няма патрэбы прыводзіць статыстыку поспеху, якой ад нас многія дамагаюцца. Няма такога слова ў Святым Пісанні. Яго айцом не з’яўляецца Бог. Важным ёсць клопат аб тым, каб усё, што робім, мела пачатак ў Пану і да Яго нас вяло.
Хто мае вушы, няхай слухае сёння Добрую Навіну.


27 ліпеня
17-я звычайная нядзеля, год А

Крыж усё пераменіць
1 чытанне — 1 Вал 3, 5. 7-12.
 Пс 119 (118), 57 і 72. 76-77. 127-128. 129-130.
  2 чыт. — Рым 8, 28-30.
Евангелле — Мц 13, 44-52.

“Як жа люблю Тваё права, Пане” (Пс 119 (118))
Тое, што гаворыць Езус аб Царстве, ніяк не пасуе да нашых канцэпцый аб Касцёле. Як можна дазволіць, каб дрэнныя рыбы плавалі разам з добрымі? Ці не за-многа  вымагае Езус, гаворачы, што трэба прадаць усё, што маем, каб купіць зямлю ці адну драгацэнную  жамчужыну?  Не  многа, а ўсё?
І тут можа падыйсці Злы, каб прапанаваць нам чарговы  “дар”–  зухаватасці.  Чалавек зухаваты насмяхаецца з таго, што прапануе  яму Бог. Сам ведае лепей, што добра, а што дрэнна. Радыкалізм для яго – сінонім фанатызму. Ні ў якім выпадку так не паступае. Грашыць яму можна. Жыццё сваё тут, на зямлі, будуе без Бога: я і ніхто іначай – гэта пастулат яго паступкаў.
 Пан хваліць у першым чытанні паставу Саламона, які заахвочаны праз Бога,  каб прасіў аб тым, што хоча ад Яго атрымаць, – просіць аб сэрцы, поўным рассудку, каб адрозніць  дабро ад зла. Не просіць аб здароўі і багацці, а  гэтага  найчасцей жадаем ў выпадках розных урачыстасцей. Такая язычніцкая  пустата можа апанаваць нашае сэрца, што  нават гаварыць аб гэтым прыкра.
Апостал народаў нам прыпамінае, што Бог з тымі, хто Яго любіць і з Ім супрацоўнічае ва ўсім  для яго дабра. Тое, што абавязкова патрэбна сёння для нас, як дар гэтай Найсвяцейшай Ахвяры, – гэта  любоў. Яна  робіць  нас  такімі прастакамі, разумеючымі, што “крыж – такое шчасце, што ўсё пераменіць”. І ў гэтым – таямніца любові.


3 жніўня
18-я звычайная нядзеля, год А

Нішто не адлучыць ад любові Хрыстовай
1 чытанне — Іс 55, 1-3.
Пс 145 (144), 8-9. 15-16. 17-18.
2 чыт. — Рым 8, 35. 37-39.
Евангелле — Мц 14, 13-21.

“Ты, Пане, корміш нас “(Пс 145 (144), 15-16)
Колькі гаворыцца сёння аб стратэгіі развіцця, аб адпаведных інвестыцыях у бізнес, аб недарагіх крэдытах. Шукаем найвыгаднейшых прапаноў і фінансавай карысці. А Пан нас  закідае найлепшымі прапановамі і найбольш карыснай інвестыцыяй – усё дарэмна і  найлепшай якасці. Бог вуснамі прарока  Ісайі  лічыць за памылку выдачу грошай, бо набываем тое, што не  дае жыцця, што не насычае. Сам часта купляю не тое, што патрэбна, а перадусім купляю замнога. Можна сказаць, глупства. Так, гэта праўда, але Пан хоча, каб мы зразумелі, што хоць і купляем, усёроўна гэта нас не насыціць!  Слухай, Ізраэль – слухайце Мяне і знойдзеце тлустую ежу. Хто па-знаў смак пяці хлябоў і двух рыб, то ўжо не памяняе  іх ні на што іншае! Хрыстус нам прапануе найлепшую ежу, якая найболей насычае, – Слова Божае.
Псалміст прыпамінае нам, што Пан корміць нас у пэўным часе – значыць, не тады, калі мы таго  хочам. О, якая гэта вялікая ласка зразумець у прастаце сэрца, што інтэрвенцыя Бога, Яго прысутнасць непамылковыя. Працягвае гэтыя думкі святы Павел, калі гаворыць, што ніхто і нішто не можа адлучыць нас  ад любові Хрыстусовай. Бог для нашага дабра і нашага збаўлення можа прадбачыць  і прыгнёт, і пераслед, і голад, і меч, і іншую небяспечнасць. Колькі ж пакаленняў вымушаны былі  аб гэтым  сведчыць. Ці дастаткова нам  мудрасці ў навяртанні, каб гэта зразумець і трываць у любові Бога?! Хто ж нас можа адлучыць ад любові Хрыстуса? Святы Павел у другім лісце да Карынцянаў успамінае сваё спатканне са Змёртвыхпаўсталым, калі пачуў: “Хопіць табе мае ласкі. Бо моц Мая  чыніцца ў слабасці ”. І таму гаворыць далей, што мае задавальненне ў сваіх слабасцях, у абразах, у недахопах і ў прыгнётах з нагоды  Хрыстуса (…). Так, прыніжэнне і пакора, а не пыха і высакамернасць, могуць уратаваць нас ад трагедыі адлучэння ад любові Хрыстовай. Яна даступна для пакорных Пана.


10 жніўня
19-я звычайная нядзеля, год А

Чэрпайце жывую ваду
 1 чытанне — 1 Вал 19, 9а. 11-13а.
 Пс 85 (84), 9ab-10. 11-14.
 2 чыт. — Рым 9, 1-5.
Евангелле — Мц 14, 22-33.

“Буду слухаць тое, што Пан Бог гаворыць” (Пс, 85 (84), 9).
Якія мукі перажываў святы Павел, калі яго суайчыннікі  адракліся  ад Евангелля,  пачуем з ліста да Рымлянаў.
Які запал маем да прапаведвання  Добрай  Навіны? Ці хвалюе мяне збаўленне маіх блізкіх, майго народу?  Ці перажываю наконт гэтага якія-небудзь мукі? Такія пытанні паўстаюць пасля слухання ліста да Рымлянаў. А можа стан майго сэрца  абыякавасць? Найгоршы  стан, які паказвае брак ласкі Божай. А Касцёл нас вучыць, што без яе ніхто не можа быць збаўлены.
Неаднойчы можа з’явіцца спакуса горычы ад таго, што не відаць плёну нашай працы на ніве Пана. Сёння сустракаемся з Іллёю, які, страціўшы язычніцкіх прарокаў, ратуецца  ўцяканнем  ад помсты з боку каралеўны Ізабэлы. Тая жанчына хоча адпомсціць прароку, які сваёю дзейнасцю раскрывае ідалапаклонніцтва Ізраэля. Народ  замяніў веру ў Бога жывога на культ язычніцкіх бажкоў.Такая пастава вельмі часта сустракаецца і сёння.
У Евангеллі ў чарговы раз сустракаемся з Езусам, які моліцца  ў начны час, у адзіноце. Гэта школа малітвы не толькі для за-крытых манахаў, але і для сужэнцаў, для ксяндзоў ці моладзі. Калі час ёсць цяжкі, калі мы моцна засмучаныя, ставайма перад Панам у начной малітве. Псалміст нам падказвае, што нам рабіць: “Буду  слухаць тое, што Пан Бог гаворыць”. Якая гэта вялікая ласка ў начных чуваннях слухаць голас Бога. Ён узбуджае ў нас веру і робіць здольнымі  хадзіць па вадзе. Гэта абсурдна, з погляду людзей немагчыма. Пётр сведчыў пра цуд, калі  глядзеў на Збавіцеля і Яго слухаў. Калі падняўся моцны вецер, пачаў тануць, бо страх паралізаваў яго. Такая спакуса з’яўляецца часта. А вера – нічога іншага –  немагчымае, з погляду людзей, робіць магчымым!  Евангелле не існуе на мерку людскіх магчымасцей.Яно закладае рэальную прысутнасць у нашым жыцці  Змёртвыхпаўсталага Пана і Святога Духа. Кожная нядзельная цэлебрацыя святой Імшы з’яўляецца крыніцаю, да якой прыходзім, каб зачарпнуць “жывой вады”.


17 жніўня
20-я звычайная нядзеля, год А

Місійны запал
1 чытанне — Іс 56, 1. 6-7.
Пс 67 (66), 2-3.  5. 6 і 8.
2 чыт. — Рым 11, 13-15. 29-32.
Евангелле — Мц 15, 21-28.

“Дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў” (Мк 11, 17).
Запал да прапаведвання Добрай Навіны ёсць вызначальнікам узроўню прыналежнасці да кола вучняў Панскіх. Мера каталіцкасці і ёсць місійны запал! Лянівасць у гэтай справе вядзе да вялікай бяды – загублення  дароў Святога Духа, загублення скарбаў.  
Ва ўсякіх чытаннях мы заахвочаныя да адкрытасці на свет язычніцкі, гэта значыць на тых, хто яшчэ не ведае Хрыста. Такі сэнс нашага касцельнага жыцця – каб  іншым  прапаведваць Слова аб збаўленні! На ўсіх франтах – у сем’ях, на працы, на фабрыках і ў калгасах, у бюро і школах. Нішто, ніякае права, а тым болей страх перад пераследам, не можа нас у гэтым абмяжоўваць!  Молімся, каб  Пан устанавіў нам запал. Паўтарайма ў сваім сэрцы за святым Паўлам – “бяда мне, калі б не прапаведваў Евангелле, бяда мне”.
Разважайма над пакораю і верай жанчыны кананеянкі. Яна ведае, што яна пёс, папросту ніхто. Не абараняецца перад словамі Езуса. Яна сапраўды ведае сваю годнасць дзіцяці Божага  і таму не баіцца ўпасці на калені перад  Богам. Яна добра ведае, хто яе Айцец і дзе  патрэбна шукаць паратунку для сябе і сваіх дзяцей.
Нашыя дзеці – гэта тыя, каму прапаведваем Евангелле. Колькі ж авец загубілася  з дому Ізраэля, з Касцёла?! Заглянем у кнігі Хросту і кнігі дзяцей Першай камуніі, і будзе рэальная  “карцінка”. Дзеці веры патрабуюць вельмі вялікага клопату, асаблівага кармлення Словам і Эўхарыстыяй. І гэты клопат Касцёла павінен быць тым больш інтэнсіўны, чым больш падрастаюць “нашы дзеці”. А ў нас усё бывае наадварот.


24 жніўня
21-я звычайная нядзеля, год А

Пан хоча збавіць кожнага

1 чытанне — Іс 22, 19-23.
Пс 138 (137), 1-2а. 2bc-3.
2 чыт. — Рым 11, 33-36.
Евангелле — Мц 16, 13-20.

“Ці Езус – мой  Месія?”
Адказ  адназначны – напэўна, так.
У ваколіцах Цэзарыі Філіпавай, у часы Езуса Хрыста, знаходзіліся язычніцкія святыні, да якіх пілігрымавалі  язычнікі, каб шукаць дапамогу ў бажкоў. Гэта было месца многакратнага ідалапаклонніцтва. Язычнікі гэта тыя, хто верыць у Бога, але Яго не слухае і Яму не служыць. Гэта Ён павінен ім служыць і ім дапамагаць. Складаюць сваім бажкам розныя ахвяры, каб дапрасіцца ў іх благаслаўлення ў сваіх справах. Так было і ў часы Езуса, так ёсць і цяпер, без сумневу, і ў нашых касцёлах. Вельмі многа  асобаў прыходзяць, думаючы аб сабе, аб сваіх праблемах, просячы аб Божай інтэрвенцыі. Калі ўсё атрымоўваецца, вяртаемся да жыцця ў сваім свеце, у якім не ставіцца пытанне аб тым, што ёсць воля Божая. «Я ведаю лепей, што мне патрэбна».  Такая  пастава  раскрывае вельмі важную праблему  – Езус не з’яўляецца маім Месіяй!!!  
Тым самым чынам можа аказацца, што ўсё не ёсць так, як нам выдаецца. Не ёсць так увачавідкі. Месія азначае Збавіцель. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што Ён ведае, калі, якім спосабам, праз каго, як доўга, ці  наогул  патрэбна нам тое ці іншае!!! Іншымі словамі,  многакратна ўсё іначай, і ад таго цудоўна! Бо хто пазнаў мыслі Пана або хто быў Ягоным дарадцай?  З такой паставы выплывае  благаславенства, аб якім сёння  Езус  напамінае  Сымону.
Калі чалавек  супраціўляецца  волі Бога, Ён можа скінуць яго з пасады. Інтэрвенцыя  Бога  многакратна  мацнейшая, і не па нашым думкам. Датычыцца гэта жыцця вялікіх гэтага свету, як і тых найменьшых, бо Пан  хоча  збавіць  кожнага.


31 жніўня
22-я звычайная нядзеля, год А

Апрамененыя ласкаю
1 чытанне — Ер 20, 7-9.
 Пс 63 (62), 2. 3-4. 5-6. 8-9.
 2 чыт. — Рым 12, 1-2.
Евангелле — Мц 16, 21-27.

“Вёў мяне Пан, а я дазваляў сябе ўвесці”
Заканчэнне  адпачынку, вяртаемся да сваіх заняткаў і абавязкаў. Як і тыдзень таму, мы заахвочаныя праз святога Паўла да разумнай службы Божай, да распазнавання таго, што з’яўляецца Яго воляй. Нясе яна з сабою радасць і цяжкасці, якіх Хрыстус не ўкрывае ад нас. Быццё з Хрыстусам  звязана з таямніцаю крыжа, запісана ў гісторыю нашага жыцця. І гэтым спосабам аб’яўляецца для людзей з таго свету Добрая Навіна. Чалавек нябесны, хрысціянін, сведчыць аб неверагоднай  дапамозе з боку  Змёртвыхпаўсталага Пана. Апраменены ласкаю штодзённаю, распазнае, у чым воля Бога: што добра, што Богу  прыемна і што дасканалае.
На такой дарозе жыцця неаднойчы сведчым аб сваіх слабасцях, як прарок Ярэмія. Датычыцца яна і ксяндзоў, і сясцёр законных, і маладых сужэнцаў, і кожнага, хто вырашыў пайсці за Хрыстусам. Не баімся тых цяжкасцей; аўтар сённяшняга псальму запэў-нівае нас, што Божае права пад-трымае нас у тых змаганнях. Важна, каб не загасіць  у сваім  сэрцы агонь запалу ў службе Божай.

Последнее изменениеСреда, 18 февраля 2015 19:44
Комментарии   
0 #1 admin 11.09.2014 12:21
Разважанні на верасень і кастрычнік хутка будуць апублікаваны, прыносім прабачэнні за спазненне :-)
Цитировать | Сообщить модератору
Добавить комментарий

Защитный код
Обновить