Бізнесовец аднаўляе ў Мазыры кляштар, а побач робіць культурную прастору
- Written by Katolik.life
- Published in Соцыум
- Add new comment
Група энтузіястаў збірае грошы на рэканструкцыю і просіць дапамагчы ў рэалізацыі ідэі.
Будынак былога мужчынскага кляштару цыстэрцыянаў у Мазыры пустуе ўжо каля васьмі гадоў. Каталіцкія манахі з'явіліся тут яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя, але праз 150 гадоў, у 1864 годзе - пасля народнага паўстання - расійскія ўлады зачынілі кляштар, храм пераабсталявалі пад праваслаўны, потым тут размясцілі запалкавую фабрыку. А ў апошнія гады ў старадаўнім будынку працавала мэблевая фабрыка. Аднак у 2010 годзе яна збанкрутавала. Мазырскія ўлады прапаноўвалі Каталіцкай Царкве прыняць будынак, аднак на яго рэстаўрацыю неабходна каля 1 млн. даляраў, пры гэтым дзяржава не прапаноўвала фінансавання. Таму Касцёлу прыйшлося адмовіцца ад прыняцця будынка (чытайце падрабязна >)

Комплекс быў выстаўлены на аўкцыён, і яго набыў мясцовы бізнэсмэн, кіраўнік аб'яднання «Спадчына Палесся» Аляксандр Баранаў. Ён католік, таму марыць аднавіць кляштар са святыняй і перадаць яго Касцёлу. А побач, у іншых будынках - арганізаваць буйную культурную прастору. Плануецца, што тут будуць працаваць мастакі, рамеснікі, музыканты. У некаторых памяшканнях ужо ладзяць канцэрты, выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы, распавялі Katolik.life ініцыятары:
- Мы хочам аддзяліць будынак касцёла для прывядзення ў першапачатковы выгляд і прысваення яму ахоўнай катэгорыі. А астатнія будынкі і збудаванні ператварыць у гарадок творчых людзей, аддаць рамеснікам пад майстэрні, музыкам і мастакам пад творчыя пляцоўкі, і нейкую частку прадаставіць пад вядзенне сацыяльнага прадпрымальніцтва.

Аўтары праекта лічаць, што яго важна рэалізаваць хаця б для таго, што б спыніць адток творчай моладзі ў сталіцу, дапамагчы тым, хто насуперак усяму жыве і творыць у Мазыры. Для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі пры жаданні пачаць нейкі свой бізнэс, не баючыся збяднець з-за арэнднай платы. Для таго, каб у горадзе было ўтульнае месца, дзе можна правесці цэлы дзень з сям'ёй. Пакуль гэтае месца замяняюць гандлёвыя цэнтры, але аўтары праекту спадзяюцца пераламаць сітуацыю.

Неафіцыйна гэты ўчастак клічуць Далінай анёлаў, такую назву далі і праекту па стварэнні культурнай прасторы. Зараз ідзе збор сродкаў на дэмантаж старога даху будынка, рэстаўрацыю кроквеннай сістэмы, набыццё дахавай бляхі, упарадкаванне вадасцёку. Гэта тое, што патрабуе неадкладных дзеянняў. Пакуль з неабходнай сумы 10 тыс. рублёў сабрана 4,2 тыс. Аўтары праекта просяць усіх неабыякавых да ідэі далучыцца да збору ахвяраванняў, які арганізаваны на краўдфандзінгавай платформе talaka.by >


Related items
-
У «Гомельскіх Курапатах» адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, – зноў не
-
Топ-7 фота: як у Беларусі адзначылі «Дзяды»
-
На будоўлі ў Мінску знайшлі чалавечыя парэшткі – тут былі каталіцкія могілкі
-
Нечаканыя падрабязнасці руйнавання капліцы на Смаргоншчыне распавёў мясцовы жыхар
-
У пілігрымцы ў Рым беларускія католікі не выкарыстоўвалі сімволіку краіны