BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса: 12 абяцанняў Хрыста

Урачыстасць выяўляе праўду, пра якую сказаў св. апостал Ян: Бог ёсць любоў.

У пятніцу пасля актавы Божага Цела Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтая ўрачыстасць выражае праўду, аб якой сказаў св. апостал Ян: “Бог ёсць любоў”.

Культ Сэрца Езуса быў вядомы яшчэ ў Сярэднявеччы, распаўсюдзіўся ў Касцёле і быў афіцыйна прызнаны пад уплывам аб’яўленняў, якія перажыла містычка XVII стагоддзя св. Маргарыта Марыя Алякок. Гэта ўрачыстасць кажа пра сімволіку сэрца, якая выражае любоў. Усе літургічныя тэксты гэтай урачыстасці звяртаюць увагу перадусім на Божую любоў, найбольш поўны сімвал якой – Сэрца Езуса.

Яшчэ старажытныя хрысціянскія пісьменнікі падкрэслівалі, што з прабітага Сэрца Езуса нарадзіўся Касцёл і сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя – сакрамэнт любові. Пачаткі культу Сэрца Езуса заўважныя ўжо ў Сярэднявеччы, калі незалежна адзін ад аднаго ў розных месцах з’явілася набажэнства да Сэрца Езуса. З XVII ст. культ Найсвяцейшага Сэрца пашырыўся на ўвесь Касцёл. Гэтаму паспрыялі асабліва двое святых: Маргарыта Марыя Алякок і яе спавяднік святар Жан Эд. Галоўная заслуга ў распаўсюджванні культу Найсвяцейшага Сэрца належыць св. Маргарыце Марыі Алякок (1647—1690) з кляштара візітак у Парэ-ле-Маньяле.

Пасля даследванняў Апостальская Сталіца прызнала верагоднасць аб’яўленняў святой. Першым гэтую ўрачыстасць зацвердзіў у 1765 г. Папа Клімент XIII. Днём урачыстасці была вызначана, згодна з задачай, якую Езус прадставіў св. Маргарыце Марыі, пятніца пасля актавы Божага Цела. Пій IX у 1856 г. пашырыў урачыстасць на ўвесь Касцёл.  Гэты ж Папа 31 снежня 1899 г. aддаў у апеку Сэрцу Езуса ўвесь Касцёл і чалавечы род. Пій ХІІ у 1956 г. выдаў спецыяльную энцыкліку „Haurietis aquas”, прысвечаную ўшанаванню Сэрца Езуса.

Найбольш папулярныя формы культу Сэрца Езуса, акрамя самой урачыстасці, – гэта набажэнства да Сэрца Езуса, якое адпраўляецца на працягу ўсяго чэрвеня, Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а таксама прысвячэнне роду людскога Сэрцу Езуса.

Па меры ўплыву часу і распаўсюджвання набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса былі вылучаны таксама “абяцанні” Хрыста, узятыя з лістоў св. Маргарыты Марыі Алякок.

Абяцанні Пана Езуса, зробленыя святой Маргарыце Марыі Алякок і шанавальнікам Яго Найсвяцейшага Сэрца:

  1. Дам ім усе ласкі, патрэбныя ў іх стане.
  2. Згода і супакой будуць панаваць у іх сем’ях.
  3. Буду суцяшаць іх ва ўсіх смутках.
  4. Буду ім бяспечным Прытулкам у жыцці, а асабліва пры смерці.
  5. Пралью шчодрыя благаслаўленні на ўсе іх намеры.
  6. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы Крыніцу Бясконцай Міласэрнасці.
  7. Душы прахалодныя стануць руплівымі.
  8. Душы руплівыя хутка дойдуць да дасканаласці.
  9. Благаслаўлёныя будуць дамы, дзе будзе ўшаноўвацца выява Майго Сэрца.
  10. Святарам дам дар скрушэння скамянелых сэрцаў.
  11. Імёны людзей, якія будуць пашыраць гэтае набажэнства, будуць запісаны ў Маім Сэрцы, і яны застануцца з Ім назаўжды.
  12. Перадам звыш меры Міласэрнасць Майго Сэрца, з Усемагутнасцю Маёй Любові, усім тым, хто прымае святую Камунію ў першыя пятніцы, на працягу дзевяці месяцаў запар, ласку пакаяння, што не памруць у Маёй няміласці або без святых сакрамэнтаў, а Маё Сэрца будзе ім самым найдзейным Прытулкам у апошнюю гадзіну іх жыцця.

 Сatholic.by

Last modified onПятніца, 19 Чэрвень 2020 10:12
Каментары   
+6 #1 Маша 2015-06-12 16:11
Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць