BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У касцёлах асвячаюць аўтамабілі [+малітва кіроўцы]

Асвяціць можна не толькі аўто, але ровары і нават самакаты :)

25 ліпеня Каталіцкая Царква ўзгадвае святога Хрыстафора, які лічыцца апекуном кіроўцаў, маракоў, падарожнікаў і пілігрымаў, таму ў гэты дзень, а таксама напярэдадні ў нядзелю, у каталіцкіх парафіях адбываецца асвячэнне машын і дабраславенне вадзіцеляў.

Дарэчы, св. Крыштаф лічыцца таксама заступнікам ад неспадзяванай смерці, апекуном атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях.

Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да асвячэння аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу. Асвячэнне аўто - не гарант таго, что машына ніколі не трапіць у аварыю. Асвячоны - значыць, прысвечаны Богу. Асвячаючы машыну, як, зрэшты, і любую іншую рэч, Касцёл моліцца аб тым, каб яна стала для яе ўладальніка сродкам, які прыносіць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць.

Асвячэнне аўтамабіля накладае і пэўныя абавязкі. Напрыклад, кіроўца павінен імкнуцца не парушаць правілы дарожнага руху. Калі кіроўца вядзе сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху, рызыкуе бяспекай людзей - ён здзяйсняе грэх. І грэх можа быць яшчэ цяжэйшым, калі ўсе гэтыя парушэнні будуць здзяйсняцца ў асвячоным аўтамабілі.

Дэкалог кіроўцы

Кіроўца, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой - заўсёды памятай пра гэта.

1. Не забівай.

2. Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.

3. Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.

4. Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.

5. Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.

6. З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.

7. Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.

8. Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.

9. На дарозе аберагай слабейшага.

10. Адчувай сваю адказнасць за іншых.

Малітва кіроўцы

Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.

Last modified onСубота, 23 Ліпень 2022 21:07
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць