BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У магілёўскі касцёл праз 100 гадоў вернецца механічны арган

Інструмент 1960-га года выпуску каталіцкая парафія набыла ў Галандыі.

Магілёўскі катэдральны касцёл Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава набыў механічны арган, паведамілі падчас канцэрту арганнай музыкі, арганізаванага амбасадай Германіі ў рамках Дзён нямецкай культуры ў Беларусі.

Ужо да канца кастрычніка інструмент 1960-га года выпуску, набыты ў Галандыі, павінен прыбыць у Магілёў, пасля чаго пачнуцца мерапрыемствы па яго ўсталёўцы і наладзе. І святкаваць Вялікдзень у будучым годзе ў галоўным касцёле Магілёва плануюць ужо з механічным арганам. А пакуль у каталіцкім храме функцыянуе электронны арган.

Як вядома, да прыходу ў горад савецкай улады падчас святых Імшаў у касцёле гучаў механічны арган. Па звестках мясцовых гісторыкаў, ён быў вельмі рэдкім: такіх інструментаў у свеце было ўсяго чатыры - акрамя Магілёва гэта Варшава, Рым і Мехіка. Пасля закрыцця храма бальшавікамі арган разабралі, і ён бясследна знік, паведамляе група «Life Магілёў».

Нагадаем, каталіцкі храм Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава быў пабудаваны ў стылі заходнееўрапейскага барока ў 1752 годзе. Вясной 2017 года падчас святкавання Вербнай нядзелі ў касцёле зноў загучалі званы. У савецкі час храм не разбурылі, але схавалі за новабудоўлямі, таму яго цяжка заўважыць з вуліцы. Касцёл зачынілі каля 70 гадоў таму, з тых часоў магілёўцы не чулі гук касцельных званоў.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць