BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Фэйк, хлусня». Біскуп Касабуцкі - аб выкарыстанні католікаў у палітыцы

Іерарх распавёў, чаму злыя сілы змагаюцца з нацыянальнымі сімваламі. Таксама да вернікаў па відэа звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

29 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі падчас святой Імшы з нагоды свята Арханёла Міхала закрануў важныя пытанні ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі, якія тычацца і Каталіцкай царквы. Нагадаем, пакуль арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў незаконным выгнанні, біскуп Юрый Касабуцкі фактычна выконвае некаторыя ягоныя абавязкі.

Іерарх пракаментаваў звесткі пра знешняе ўмяшальніцтва ў жыццё каталіцкіх супольнасцяў у Беларусі і абверг звесткі пра тое, што Каталіцкая царква ў Беларусі нібы выкарыстоўваецца знешнімі сіламі ў палітычных мэтах.

- Фэйкавая інфармацыя, хлусня, якая не мае нічога супольнага з праўдай. Гэта інфармацыя, да якой варта ставіцца з доляй іроніі, - сказаў біскуп Юры Касабуцкі. Пазней у інтэр'ю Catholic.by ён адзначыў, што святары наогул не атрымліваюць ніякіх інструкцый ні ад каго, і не толькі палітычнага характару.

Таксама падчас гаміліі іерарх звярнуў увагу на хрысціянскае паходжанне беларускай нацыянальнай сімволікі:

- Якое вялікае ідзе змаганне з беларускай нацыянальнай сімволікай. Бел-чырвона-белы сцяг… Гэтае спалучэнне колераў у хрысціянстве з самага пачатку было сімвалам Уваскрослага Хрыста. Гэта - плашчаніца, у якую было загорнута Цела Хрыста, а чырвоная паласа - гэта Кроў Хрыста. Калі Ён уваскрасае - сцяг белы і крыж чырвоны. Так было на старажытных іконах. Гэта - хрысціянскі сімвал, які ўжо пазней, праз 1900 гадоў існавання хрысціянства, у Беларусі ў 1918 годзе ўзялі як сімволіку. Гэта - хрысціянская сімволіка. А хто змагаецца найбольш з хрысціянскай сімволікай?.. Каму перашкаджае Хрыстус Уваскрослы?..

Таксама ў свята святога Арханёла Міхала па відэасувязі да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

- Крызіс, з якім сутыкнулася наша Бацькаўшчына, для паспяховага вырашэння патрабуе не толькі чалавечых намаганняў, але і аднаўлення нашых адносін з Богам. А каб іх адбудаваць, неабходныя малітва, пакаянне і прабачэнне.

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, штодзённае жыццё паказвае, што свет і таксама наша краіна маральна хворыя. Пра гэта сведчыць не толькі грамадска-палітычны крызіс, але таксама і крызіс сям’і, Божага дару жыцця, маральнасці. Таму неабходна як мага хутчэй духоўна лячыць нашу Бацькаўшчыну, каб хвароба не стала летальнай.

- Будынак нашага грамадства павінен грунтавацца на духоўных прынцыпах, здольных не толькі яго падтрымліваць, але таксама асвятляць і ажыўляць. У выніку грамадска-палітычнага крызісу Беларусь падзелена. Грамадзяне той самай краіны знаходзяцца на розных баках барыкад. Святы арханёле Міхале, выпрасі ў Бога ласку нашаму падзеленаму народу паглядзець у вочы адзін аднаму і распачаць шчыры дыялог у праўдзе, зыходзячы з прынцыпу любові да Бога і бліжняга, з мэтай вырашэння крызісу, - памаліўся арцыпастыр. Ён дадаў, што штодзённа адчувае малітоўную падтрымку і салідарнасць вернікаў.

Media

Last modified onСерада, 30 Верасень 2020 17:04
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць