BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Ахвяраваў за тых, хто бязвінна церпіць у вязніцах». Біскуп Касабуцкі распавёў, як перанёс хваробу

Каталіцкі іерарх маліўся за народ, краіну, і дзякуе ўсім, хто маліўся за яго

Беларускі каталіцкі біскуп Юры Касабуцкі распавёў пра тое, што перанёс хваробу. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён падзякаваў усім за малітву і падтрымку падчас гэтага выпрабавання, не канкрэтызаваўшы, чым хварэў менавіта:

- Я адчуваў, што многія моляцца за мяне ў гэтым часе, і гэта давала мне палёгку. Няхай добры і міласэрны Бог шчодра ўсім узнагародзіць. А я вяртаюся да здароўя, і гэта таксама нагода падзякаваць Богу!

Іерарх таксама падаў свае разважанні аб тым, што хвароба - адно з выпрабаванняў, якія Бог дае на жыццёвым шляху чалавека.

- Мы адчуваем сябе кепска, нам цяжка рабіць нейкія справы, нялёгка размаўляць з іншымі людзьмі, мы пераасэнсоўваем свае погляды і жыццёвыя прыярытэты. У падобнай сітуацыі добры Госпад дае нам шанец задумацца і зразумець пэўныя рэчы, - піша біскуп.

Ён распавёў, што зразумеў падчас хваробы, што гэта дар Божы для яго, каб ён мог ахвяраваць яго за свой народ і сваю краіну:

- Калі падчас малітвы я прыйшоў да гэтай высновы, то пасля просьбы да Бога аб прыняцці гэтай ахвяры я адчуў неверагодны супакой і радасць. Думаю, што гэта было патрэбна. Я ахвяраваў свае цярпенні за тых людзей, каму найбольш патрэбная Божая падтрымка. Асаблівым чынам я маліўся за тых, хто бязвінна церпіць у вязніцах за свае погляды. Божа, дапамажы ўсім нам!

Таксама біскуп Юры Касабуцкі дадаў, што ў нядзелю, 31 студзеня, ахвяруе святую Імшу за ўсіх тых, хто духоўна быў з ім падчас хваробы, і за ўсіх, каму патрэбна Божая ласка у гэты складаны час жыцця.

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць