BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У першыя ж дні забілі святара з сям'ёй. Як 17 верасня змяніла жыццё хрысціян у Заходняй Беларусі

У Пінску падпалілі праваслаўны сабор, а епіскапа адправілі падмятаць вуліцы. Што яшчэ адбывалася з Праваслаўнай Царквой пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР

Да чарговай гадавіны ўводу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 года і далучэння Заходняй Беларусі да БССР мы падрыхтавалі матэрыял пра тое, як гэта падзея змяніла жыццё хрысціянскіх вернікаў рэгіёну. Мы адмыслова не будзем згадваць аб шматлікіх узарваных і спустошаных каталіцкіх храмах Заходняй Беларусі, арыштаваных святарах, рэпрэсаваных верніках. У гэтым матэрыяле мы толькі прывядзем вытрымкі з працы супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Аляксандра Цымбала «Становішча праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах» (Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна ў 1939-1941 гг.: людзі, падзеі, дакументы. СПб., 2011).

У выніку падзелу Польшчы паміж Нямеччынай і СССР Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі занятыя савецкімі войскамі, піша аўтар. І канстатуе, што «з усталяваннем савецкага рэжыму ў заходніх абласцях Беларусі ў верасні 1939 г. рэлігійнае жыццё зведала істотныя змены».

Ён распавядае толькі пра жыццё Праваслаўнай Царквы, якая пад польскай уладай дастаткова свабодна дзейнічала ў Заходняй Беларусі. «Бальшавікі заспелі ў Заходняй Беларусі рэлігійнае жыццё добра арганізаваным. У адрозненні ад усходніх абласцей, дзе былі зачыненыя ўсе цэрквы, не існавала ніводнай епархіі і не было ніводнага епіскапа, у заходніх абласцях у 1940 г. налічвалася 542 царквы і 606 святароў».

Зрывалі з храмаў крыжы, палілі на вогнішчах абразы

Канкрэтна аб Беларусі аўтар піша:

«Наступ на царкву савецкая ўлада пачала са знішчэння матэрыяльнай базы царквы і духавенства. Ужо 29 кастрычніка 1939 г. было абвешчана аб нацыяналізацыі царкоўнай уласнасці. У адпаведнасці з практыкай Усходняй Беларусі міжваеннага перыяду прадпрымаліся крокі па канфіскацыі храмавых каштоўнасцяў, званоў, абкладанні духавенства завышанымі падаткамі ( ... ) Ліквідаваліся пазіцыі царквы ў сферы адукацыі. Былі зачыненыя ўсе духоўныя навучальныя ўстановы, забаранялася выкладанне Закона Божага ў школе».

Адным з прыёмаў стала шальмаванне духавенства ў артыкулах, памфлетах і карыкатурах

Далей у тэксце: «Адным з прыёмаў атэістычнай атакі на рэлігію і царкву стала шальмаванне духавенства ў артыкулах, памфлетах і карыкатурах. Гэтая «традыцыя» пачалася ў 1930-я гады, калі «ваяўнічыя бязбожнікі», якія падаграваліся масіраванай сталінскай прапагандай, зрывалі з храмаў крыжы, палілі на вогнішчах абразы, богаслужбовыя кнігі, царкоўны посуд.

У 1940 г. Цэнтральны савет СВБ БССР сумесна з ЦК КП (Б)Б, ОК ЛКСМБ, ЦК ЛКСМБ правёў у заходніх абласцях Беларусі чатыры трохдзённыя семінары ў Беластоцкай, Брэсцкай і Баранавіцкай абласцях з ахопам 155 чалавек. Сюды была накіравана прапагандысцкая літаратура: «Царква панскай Польшчы», «15 гадоў СВБ», «Аб антырэлігійнай працы ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны», «Праваслаўныя абрады і іх шкода», «Місіянеры на службе імперыялізму».

Лічачы епіскапа Аляксандра дармаедам, прымушалі яго падмятаць вуліцы

Вось аб чым яшчэ кажа гісторык: «Нягледзячы на некаторую асцярожнасць у рэлігійнай палітыцы, савецкая ўлада ўжывала і рэпрэсіўныя метады барацьбы з рэлігіяй, а часам дзеянні партыйцаў, камсамольцаў і чырвонаармейцаў ўтрымлівалі ў сабе адкрыты здзек над духавенствам і вернікамі. Напрыклад, на другі дзень знаходжання ў Пінску чырвонаармейцы падпалілі Свята-Фёдараўскі сабор і стралялі ў яго са стрэльбаў. Ўдосталь наглуміўшыся над храмам, яны вырашылі адабраць царкоўную мэблю. Калі сябры царкоўнага камітэта Ганна Палюховіч, Барахава і Сыраватка (імёны невядомыя) запатрабавалі спыніць самаўпраўства або падаць дакументы на канфіскацыю маёмасці, іх арыштавалі. Здзекаваліся чырвонаармейцы і над епіскапам Аляксандрам. Лічачы яго дармаедам, яны прымушалі архіпастыра падмятаць вуліцы.

У першыя дні ўсталявання савецкай улады былі забітыя: протаіерэй Андрэй Куц з сям'ёй у Шылавічах, святар Бароўскі ў вёсцы Лашы ў Ляўшове, святар Камінскі забіты каля Свіслачы. У Жыжме Лідскага благачыння быў застрэлены святар Яўграф Бука».

Новая ўлада пазбавіла магчымасці праваслаўных вернікаў наведваць набажэнствы ў дні вялікіх святаў. Так, у Давыд-Гарадку, на мясцовым цагляным заводзе ў дзень Успення не выйшлі на працу 32 чалавекі. Матэрыял на гэтых людзей быў перададзены ў судовыя органы.

«Праводзіць агентурна-раскладальную працу, якая павінна прывесці да развалу царкоўнай працы»

Органы НКУС актыўна змагаліся з уплывам духавенства на народныя масы і самім духавенствам. У вёсцы Фасці Беластоцкай вобласці старшынёй сялянскага камітэта быў абраны дыякан Бакун. Неўзабаве святар быў арыштаваны.

2 снежня 1939 г. ва ўсе абласныя аддзяленні НКВД была разасланая «аператыўка», у якой паказвалася: «улічваючы, што царкоўны к-р. (контррэвалюцыйны) актыў - папы, ксяндзы, рабіны і іншыя служыцелі рэлігійнага культу будуць спрабаваць выкарыстоўваць рэлігійныя забабоны насельніцтва ў к-р. мэтах, НКВД БССР прапануе: 1. Неадкладна накіраваць агентуру на выяўленне і выкрыцце арганізаванай антысавецкай дзейнасці царкоўнікаў і іншага да-р элемента... 4. Разам з агентурна-аператыўнымі мерапрыемствамі па к-р. фарміраванням сярод царкоўнікаў і сектантаў, неабходна праводзіць агентурна-раскладальную працу, якая павінна прывесці да драбнення сект і развалу царкоўнай працы».

Аўтар пералічвае шматлікія рэпрэсіі ў дачыненні да святароў і завяршае працу: ужо ў 1940 г. дзяржаўная рэлігійная палітыка пачынае паступова ўзмацняць жорсткасць. А ў чэрвені 1941 г., за некалькі дзён да пачатку вайны, у артыкуле «патрыятызм і рэлігія» (апублікаваным у часопісе «бязбожнік») сцвярджалася: «Рэлігія з'яўляецца лютым ворагам савецкага патрыятызму...»

Last modified onАўторак, 14 Верасень 2021 10:25

Каментары   

+2 #2 Бука 2021-09-17 12:58
Толькі Яўграфа Буку, дзядзьку майго бацькі Вячаслава Буки не застрэлілі, а зьбілі да сьмерці КПЗБшнікі і цела кінулі ў багну.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
+1 #1 Думающий 2021-09-14 10:28
Да, неоднозначная дата. Скорее повод для скорби и покаяния...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць