BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Калі я сядзеў на Валадарцы...» Выйшла кніга ўспамінаў кардынала Свёнтка

Першы і адзіны ў гісторыі сучаснай Беларусі кардынал, які 10 гадоў правёў у зняволенні, апісаў падзеі свайго жыцця і свайго служэння ў савецкі перыяд.

Кніга «Мелодыі драўлянай лыжкі. Мае ўспаміны» ("Melodie drewnianej łyżki") аўтарства беларускага кардынала Казіміра Свёнтка выйшла ў Польшчы. Іерарх апісвае падзеі свайго жыцця і свайго служэння ў практычна ўвесь савецкі перыяд — з 1918 па 1988 гады.

У прадмове гаворыцца пра тое, што пасля смерці кардынала ў 2011 годзе ў Пінску ў ягоных рэчах была знойдзена тэчка з машынапіснымі старонкамі, на якой было пазначана, што яе неабходна аддаць у рукі тагачаснага канцлера Курыі Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы ксяндза Станіслава Паўліны. Той для падрыхтоўкі кнігі да друку перадаў тэчку каталіцкаму выдавецтву Pro Christo ў Мінску. А адтуль матэрыялы паступілі для рэдактарскай работы прафесару Эльжбеце Смульковай — былой кіраўніцы аддзела беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, экс-амбасадару Польшчы ў Беларусі.

У выніку кніга выйшла ў польскім выдавецтве Apostolicum і даступная да куплі анлайн. Кніга — на польскай мове, на якой і пісаў свае ўспаміны аўтар: ён быў выхадцам з польскай сям'і, выхаваны ў патрыятычным польскім духу.

Пра планы перакласці кнігу на беларускую мову і выдаць яе ў Беларусі пакуль не паведамляецца. Таму для вернікаў у Беларусі пакуль ёсць толькі такі варыянт: набыць кнігу праз інтэрнэт (кошт — 45 злотых або каля 35 беларускіх рублёў) з указаннем для высылкі адраса ў Польшчы і папрасіць сваіх знаёмых альбо парафіяльнага святара пераслаць ці прывезці кнігу ў Беларусь.

Успаміны кардынала разбітыя на часткі па перыядах. Значны аб'ём тэксту прысвечана часу, праведзенаму пад арыштам і ў нечалавечых умовах сталінскіх лагераў.

«Калі я сядзеў на Валадарцы...» — з такіх словаў пачынаецца адзін з эпізодаў успамінаў святара. Так і цяпер называюць турму (СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага) у Мінску, праз якую, на жаль, і ў наш час праходзяць многія вернікі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

А назву кнізе даў іншы эпізод з успамінаў кардынала Свёнтка пра ягоны арышт — на гэты раз у «амерыканцы», таксама добра вядомай ў цяперашні час:

«Аднойчы нам прынеслі даволі гарачыя крупы ў металічных місках. Калі я паклаў у гэтую кашу драўляную лыжку, неўзабаве пачулася ціхае, але цалкам выразнае для вуха нейкае шыпенне, якое стварыла быццам бы поўныя шкадавання, смутку і меланхоліі мелодыі. Мы ўдваіх з цікавасцю слухалі гэтыя арыгінальныя гукі. І тут у маёй галаве раптам узнікла думка, якой я падзяліўся з прафесарам: «Вось гатовая назва для нашых успамінаў — мелодыі драўлянай лыжкі». Верны незабыўнаму адчуванню гэтых, я б сказаў, пяшчотных, сумных і тужлівых гукаў драўлянай лыжкі ў місцы з кашай у савецкай «амерыканцы» ў Мінску, калі я праз шмат-шмат гадоў прыступіў да ўвекавечання сваіх успамінаў, я не мог назваць іх інакш, як проста: мелодыі драўлянай лыжкі.

Я выкарыстаў гэтую назву для ўсіх фрагментарных успамінаў за ўсё маё жыццё. Лічу, што не толькі мае турэмныя і лагерныя перажыванні, але і ўсе іншыя перажыванні ад дзіцячых гадоў да нашых дзён насілі і нясуць абертоны мелодыі не вытанчанай, залатой, срэбнай ці хаця б металічнай, а менавіта простай драўлянай лыжкі».

Last modified onСубота, 26 Жнівень 2023 09:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць