BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Вярнуць з небыцця частку гісторыі». Католікам Стоўбцаў перадалі ўчастак зямлі, дзе стаяў гістарычны касцёл

Гэта адбылося праз два гады пасля адшукання парэшткаў Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага. Чаму гэта важна, і што плануюць зрабіць на гэтым участку, распавялі ў парафіі.

У кастрычніку 2023 года – праз два гады пасля адшукання ў Стоўбцах парэшткаў Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага – мясцовая каталіцкая парафія атрымала ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе былі знойдзены рэліквіі і дзе стаяў старадаўні касцёл. Пазней там знаходзіўся школьны стадыён.

Як даведаўся Katolik.life у стаўбцоўскай парафіі Святога Казіміра, на атрыманым участку пасля правядзення раскопак плануецца адбудаваць капліцу святога Дамініка – яна была прыбудавана да касцёла і ў яе склепах раней знаходзілася труна Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага. Гэтыя склепы, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў, таксама плануецца аднавіць.

Старадаўні касцёл, які ў выніку быў канчаткова зруйнаваны

А ўжо цяпер адноўлена частка былой касцёльнай агароджы і брама-званіца, адзначылі ў парафіі і распавялі падрабязнасці:

«7 кастрычніка 2021 года вернікі парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах сабраліся на стадыёне СШ №2, каб памаліцца святы Ружанец пры парэштках Слугі Божага а. Фабіяна Малішоўскага ОР. На гэтым месцы да 1953 года ўзвышаўся касцёл святога Казіміра, пярліна барочнай архітэктуры Стаўпецкай зямлі. У гэтым касцёле на працягу амаль 400 гадоў знаходзіўся “скарб стаўпецкі”, труна з целам Апостала наднёманскай зямлі, першага дамініканскага правінцыяла Правінцыі Рускай і будаўнічага мураванага касцёла і кляштара а. Фабіяна Малішоўскага ОР з Пшэмысля, які памер ў славе святасці ў Стоўбцах ў 1644 годзе».

Вернікі, якія выязджалі з сваіх дамоў, хаваючыся ад рэлігійнага і сацыяльнага пераследу пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчу, схавалі парэшткі ў сутарэннях касцёла і пакінулі адпаведны план ў курыі біскупа ў Драгічыне (Польшча). Доўгія гады ніхто не ведаў дзе знаходзіцца «святы Фабіян», пакуль не прыйшоў час.

З дазволу абласной і мясцовай уладаў, пасля таго як быў прадстаўлены план і адпаведныя архіўныя дакументы, 6 кастрычніка 2021 года вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Ігарам Лашуком прыступілі да раскопак. Пасля некалькіх шурфоў экскаватара з’явіліся на свет паўразбураныя склепы касцёла і ўвечары таго ж дня быў знойдзены «стаўпецкі скарб», парэшткі айца Фабіяна.

Ксёндз Ігар Лашук з адшуканай труной айца Фабіяна

«Добры пастыр ізноў захацеў матэрыяльна быць са сваімі авечкамі. Пасля дэтальнага даследавання парэшткаў абласным Следчым камітэтам 9 снежня 2022 года яны былі перададзены парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах на захаванне. Цяпер вядуцца працы дзеля ўзнаўлення кананізацыйнага працэсу, распачатага Слугой Божым Зыгмунтам Лазінскім, біскупам Пінскім у 1928 годзе».

Вернікі адзначылі, што адразу пасля раскопак пачалі клапаціцца пра вяртанне парафіі зямельнага ўчастка, дзе знаходзіўся гістарычны касцёл святога Казіміра і дзе былі знойдзены парэшткі Слугі Божага і «Цудатворцы Стаўпецкага»:

«Мінула амаль два гады, і прайшоўшы адпаведныя бюракратычныя працэдуры, мы атрымалі гэты кавалачак зямлі, так дарагі для нас. За гэты час, з дазволу мясцовай улады, мы аднавілі частку касцёльнай агароджы (пачатак XX стагоддзя), якая не была разбурана і з’яўлялася часткай сцен гаражоў, а таксама аднавілі браму-званіцу (збудаваную 1838 годзе) і якая, яшчэ у 20-х гадах мінулага стагоддзя, стала часткай сцяны кірмаша, а сёння велічна узвышаецца на плошчай, калісьці рыначнай (Старым рынкам), а цяпер Леніна.

Праект капліцы, якую плануецца пабудаваць

Пасля правядзення раскопак, мы плануем адбудаваць капліцу святога Дамініка, якая была прыбудавана да касцёла і ў падвалах якой знаходзілася да Другой сусветнай вайны труна Слугі Божага, адпаведна аднавіць склепы касцёла, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў – вярнуць з небыцця частку гісторыі Стоўбцаў і наднёманскага краю, якую так прыгожа і натхнёна апавялі Уладыслаў Сыракомля і Якуб Колас».

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onАўторак, 17 Кастрычнік 2023 13:52
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць