BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Скаргі і паклёпы вядуць да напружання ў грамадстве». Пытаннем, ці біць званам у касцёле, займаецца пракуратура

Трое жыхароў Ляхавічаў ініцыявалі кампанію супраць гучання званоў мясцовага касцёла – пад калектыўнай скаргай прымушаюць ставіць подпісы. Некаторыя нават абвінавачваюць парафію ў «распальванні міжканфесійнай варожасці» боем званоў – у той час як у бок саміх вернікаў кіруюць абразы.

У нядаўна адроджанай у Ляхавічах каталіцкай парафіі святога Юзафа ўзніклі нечаканыя клопаты – тром жыхарам райцэнтра не спадабалася гучанне ўсталяванай у касцёле сістэмы электронных званоў, і яны ініцыявалі кампанію супраць работы сістэмы. «Пачаліся пастаянныя скаргі ў розныя інстанцыі, паклёпы, падман, што вядзе да напружання ў грамадстве», – гавораць Katolik.life парафіяне. Цяпер ім даводзіцца займацца перапіскамі з дзяржорганамі, каб адстаяць званы, а пробашча перыядычна выклікаюць у райвыканкам.

Раней званы ў храме не гучалі, але пасля таго, як біскуп Пінскі звярнуўся з пастырскім лістом, у якім падкрэсліў важную ролю касцёльных званоў і заахвоціў парафіі да іх аднаўлення, вернікі Ляхавічаў вырашылі ўсталяваць у касцёле электронную сістэму, бо на класічныя званы не хапала сродкаў.

Сістэму набылі і ўсталявалі. Паводле рашэння, прынятага на агульным сходзе парафіі, і касцёльнай традыцыі, а 8-й гадзіне стала гучаць мелодыя, якая ўводзіць у курс літургічнага дня (1-2 хвіліны), а 12-й гадзіне – бой званоў, які заклікае да малітвы за памерлых «Анёл Панскі» (да 3 хвілін), а 21-й гадзіне – мелодыя з заклікам да малітвы праз заступніцтва Божай Маці (да 2 хвілін). Таксама бой званоў гучыць за паўгадзіны да святой Імшы (каля 3 хвілін). Такім чынам за цэлы дзень сістэма званоў працуе максімальна 10 хвілін.

Аднак гэта не спадабалася тром жыхарам райцэнтра, распавялі ў парафіі. Яны пачалі пісаць скаргі, у тым ліку – у мясцовую пракуратуру. Адным са скаржнікаў аказаўся работнік адміністрацыі раённай лякарні. Паводле парафіянаў, ён прымушаў падначаленых падпісвацца пад калектыўным зваротам пра тое, што касцёльныя званы быццам бы перашкаджаюць працы медыкаў.

«Сярод персаналу лякарні нямала католікаў, і калі яны казалі, што званы ім не замінаюць і адмаўляліся падпісваць скаргу, начальнік абзываў іх «пшэчкамі» [абразлівае слова ў дачыненні да палякаў]. У адной са скаргаў парафію вінавацяць у тым, што боем званоў яна быццам бы «распальвае міжканфесійную варожасць». А хіба не наадварот – такія абразы і лаянкі ў бок католікаў ці не распальваюць тую самую міжканфесійную варожасць?» – задаюцца пытаннем у парафіі.

У снежні 2023 года раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выканаў замеры ўзроўню шуму ад гукавой сістэмы касцёла і паведаміў парафіі пра тое, што ў некаторых кабінетах і палатах лякарні ўзровень нязначна перавышае ўсталяваныя законам нормы. Ад парафіі запатрабавалі панізіць гук сістэмы.

Аднак у парафіі ўказваюць на неправамернасць такога патрабавання, бо паводле закону гігіенічны нарматыў не распаўсюджваецца на шум, абумоўлены правядзеннем набажэнстваў і іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній у рамках кананічных патрабаванняў канфесій.

У сувязі з гэтым патрабаванне Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў парафіі лічаць парушэннем Канстытуцыі і абмежаваннем правоў вернікаў. Таму парафія таксама падрыхтавала зварот у раённую пракуратуру з просьбай аднавіць законнасць і абараніць правы мясцовых вернікаў.

«Нават нягледзячы на незаконнасць патрабаванняў, гук сістэмы рабілі ніжэй ужо тройчы. Аднак скаржнікаў гэта не задавальняе. Некаторыя патрабуюць зрабіць яшчэ цішэй, хтосьці – увогуле выключыць. Калі яшчэ болей панізіць гук, то званы ўвогуле губляюць сэнс», – тлумачаць у парафіі.

Вернікі падкрэсліваюць, што адна з функцый касцёльнага звона – экзарцызм, выгнанне злога духа. Таму мяркуюць, што паўстанне супраць званоў магло стаць наступствам такога экзарцызму:

«Гук званоў ад даўніх часоў выконвае велізарную місію. Малітва, якая нагадвае чалавеку, што ў горадзе ёсць святыня, заклікае да сумлення чалавека, дае надзею тым, хто хварэе, выганяе злога духа. І, відаць, менавіта апошнюю функцыю нашы званы выконваюць на выдатна. Замест таго, каб узрадавацца, што знішчаны Саветамі касцёл адрэстаўраваны і нарэшце атрымаў «голас», некаторыя людзі паддаюцца намаўленню д'ябла. Зараз пытаннем займаецца пракуратура. Мы некалькі разоў прасілі пробашча дазволіць нам напісаць калектыўны зварот да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі, але ён не згаджаўся, кажучы, што не трэба раздзімаць з гэтага канфлікт, а назіраць, як зло есць само сябе».

Таксама парафіяне прадставілі шэраг станоўчых водгукаў, напрыклад:

«Я працую ў паліклініцы, што побач з касцёлам. Першы час было нязвыкла, затое цяпер, як толькі чуем у 8 гадзін раніцы званы, пачынаем прыём пацыентаў. Пачатак працоўнага дня».

«Некаторыя нашы хворыя, як толькі чуюць званы ці гук мелодыі, якая даносіцца з боку касцёла, адразу падыходзяць да акна, каб памаліцца. Нават некаторыя працэдуры для іх пераносім на пазней».

«Я лячылася ў стацыянары. Кожны раз, калі чула гук званоў, пачынала маліцца. Я сама праваслаўная, але Бог адзін».

Last modified onПятніца, 12 Студзень 2024 14:20
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць