Родам з глыбінкі, вучыўся ў Рыме, служыў у Афрыцы. Хто цяпер прадстаўляе Ватыкан у Беларусі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Ксёндз Кшыштаф Сэрока хадзіў у пілігрымкі з 16 гадоў, граў на бас-гітары, скончыў чатыры вну.
У перыяд, калі папярэдні Апостальскі нунцый склаў свае паўнамоцтвы, а новы пакуль не прызначаны, ватыканскім дыпламатам у Беларусі з'яўляецца Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ксёндз Кшыштаф Сэрока. Як прадстаўнік Ватыкану ён удзельнічае ў касцёльных мерапрыемствах, наведвае парафіі (напрыклад, у Заслаўі ў мінулую нядзелю).
Паколькі ў афіцыйнай прэсе аб ім няшмат інфармацыі, мы сабралі дадзеныя з адкрытых крыніцаў, каб бліжэй пазнаёміць вернікаў з часовым прадстаўніком Ватыкана ў Беларусі.
Монсіньёр Кшыштаф Сэрока родам з маленькага мястэчка Бяла-Піска ў глыбінцы Польшчы. Выйшаў з простай шматдзетнай сям'і. Ягоны бацька працаваў кіроўцам аўтобусу, пасля выхаду на пенсію быў кандыдатам на мясцовых выбарах у гарадскую раду. Маці працавала настаўніцай.
Пра гэта мы даведаліся са старонкі святара ў Фэйсбуку. Таксама там пазначана, што ён скончыў духоўную семінарыю ў горадзе Элк і прыняў святарскае пасвячэнне ў 2010 годзе. Пасля трох гадоў служэння паступіў у Папскі універсітэт Святога Крыжа, які адносіцца да персанальнай прэлатуры Opus Dei, затым – у Папскі Латэранскі універсітэт, дзе вучыў кананічнае права, і адначасова – у Папскую касцёльную акадэмію ў Рыме, якая рыхтуе дыпламатаў.
Адразу пасля заканчэння акадэміі ў 2020 годзе маладога дыпламата накіравалі на служэнне сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ва Угандзе на усходзе Афрыкі. Затым, у 2023 годдзе, яго прызначылі сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі.
Дарэчы, з 16 гадоў Кшыштаф пачаў удзельнічаць у штогадовых пешых пілігрымках на Ясную Гару, якія доўжыліся два тыдні, за якія паломнікі праходзілі звыш 500 кіламетраў. Гэтыя пілігрымкі ён лічыць галоўным момантам на шляху да паклікання.
Як прызнаваўся святар, у семінарыю ён паступіў адразу пасля заканчэння школы, бо быў упэўнены з дзяцінства, што гэтага ад яго чакае Бог. У семінарыі быў бас-гітарыстам у гурце Effatha, які граў рок-музыку і рэггі. Любіць паходы ў горы і велападарожжы.
Media
Related items
- На адкрыцці Нотр-Дам прэзідэнту Францыі не дазволілі выступіць унутры сабора
- Каталіцкія біскупы РФ «падзяляюць асцярогі» з-за праекта новага закона
- Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання
- 1000 дзён вайны: іерархі Ватыкана – пра голас сумлення, надзею і дзеянні
- «Спадзяемся, адпусцяць да Раства». Год як ксёндз Генрых Акалатовіч за кратамі