BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла

Цэнзуруюцца нават выказванні біскупаў, таму тое, што паказваецца, і тое, што схаванае, дае абсалютна розныя ўяўленні аб рэальным жыцці вернікаў у Беларусі.

У сваім апошнім відэа ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які пасля году на пенсіі быў прызначаны пробашчам у Барысаве, падзякаваў Мітрапаліту за прапанову аб новым месцы служэння і звярнуўся да вернікаў. Святар распавёў, што ў сувязі з новым прызначэннем больш не можа выконваць важную справу.

Аказалася, што ён рэгулярна маліўся, седзячы на лаўцы перад Чырвоным касцёлам у Мінску, аб Божай дапамозе для добрай і больш хуткай рэстаўрацыі касцёла святога Сымона і святой Алены. Таму былы пробашч Чырвонага касцёла заахвоціў да гэтай малітвы гледачоў і адзначыў, што «аб гэтым моліцца амаль уся каталіцкая Беларусь».

Сапраўды, закрыты больш за 3 гады храм – адна з праблем, якая найбольш турбуе беларускіх католікаў. Аднак на афіцыйным узроўні пра гэта нічога не гаворыцца і гэты прыклад ілюструе, як адрозніваецца жыццё Касцёла ў Беларусі знешняе і ўнутранае.

Гэты падзел, пачынаючы з 2020 году, паглыбляецца ўсё больш. Пры жаданні знайсці інфармацыю аб тым, чым цяпер жыве Касцёл у Беларусі, карыстальнікі трапляюць на сайты епіскапату і дыяцэзій і там бачаць публікацыі толькі пра некаторыя мерапрыемствы, звароты іерархаў, пастырскія лісты, віншаванні з дзяржаўнымі святамі.

Гэта стварае ўражанне, што беларускія католікі жывуць толькі ў такім афіцыйным полі. Напрыклад, тэма закрытага Чырвонага касцёла за апошнія два гады амаль ні разу не ўздымалася ў публікацыі рэсурсаў Касцёла, хоць «аб гэтым моліцца амаль уся каталіцкая Беларусь». Толькі аднойчы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзгадаў пра праблему, але ў інтэрв'ю Vatican News у адказе на прамое пытанне.

Такім чынам звесткі пра тое, што рэальна хвалюе беларускіх католікаў, застаюцца схаванымі ўнутры супольнасці. Знешняе жыццё Касцёла ў многім не адлюстроўвае ўнутранае. Толькі ў блогах, часам – у пабліках асобных парафій, святароў і біскупаў можна заўважыць згадкі аб праблемных пытаннях.

Што тычыцца Чырвонага касцёла – то толькі адна парафія, Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) рэгулярна нагадвае пра сітуацыю праз заклік да малітвы ў парафіяльных аб'явах.

Медыя дыяцэзій цэнзуруюць нават выказванні біскупаў – гэта відаць на прыкладзе тэмы вайны Расіі супраць Украіны, яшчэ адной найбольш балючай для вернікаў Беларусі. Аднак на гэту праблему накладзена табу і яна ніяк не прадстаўлена ў афіцыйным жыцці Касцёла – ствараецца ўражанне, што вайна яго не хвалюе.

Тое, што гэта не так, пацвярджае, напрыклад, допіс біскупа Андрэя Зноскі пра сустрэчу з Папам Рымскім у Ватыкане. Галоўнае, што ён сказаў Пантыфіку ў кароткай размове – тое, што «мы ўсе стомленыя вайной».

Але гэтыя словы не трапілі ні на адзін з афіцыйных рэсурсаў, у тым ліку і ў справаздачу аб паездцы на сайце Пінскай дыяцэзіі. У выніку тое, што паказваецца, і тое, што схаванае, даюць абсалютна розныя ўяўленні аб рэальным жыцці вернікаў у Беларусі. Тое ж тычыцца і асуджаных святароў, пра што ні разу не гаварылася афіцыйна.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Media

Last modified onПанядзелак, 06 Кастрычнік 2025 14:40
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць