BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Скандзіравалі «Беларусь!» перад Папам, пачулі пра сваю місію, перажылі гістарычную падзею: 500 беларускіх католікаў у Рыме

У галоўнай ватыканскай базыліцы на цэнтральным алтары адбылася Імша на беларускай мове – верагодна, упершыню ў гісторыі.

Адбылася цэнтральная падзея пілігрымкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Рым з нагоды Юбілейнага году. 22 кастрычніка каля 500 беларускіх католікаў прысутнічалі на Генеральнай аўдыенцыі Папы Льва XIV. Калі Пантыфік аб'язджаў плошчу, група вернікаў з жоўтымі хусткамі скандзіравала перад ім «Бе-ла-русь!», а хтосьці нават закінуў у папамабіль адну з хустак [відэа глядзіце ніжэй]

Затым у базіліцы Святога Пятра на цэнтральным алтары адбылася Імша на беларускай мове – верагодна, упершыню ў гісторыі. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гамілію, якую можна назваць праграмнай, прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

«Сёння Беларусь перажывае складаную старонку сваёй гісторыі – час санкцый, недаверу, напружання і духоўнага пошуку. Гэта час, калі свет не заўсёды разумее нас, час, калі ўнутраныя раны, здараецца, баляць мацней, чым знешнія», – сказаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі апублікаваў сайт епіскапату, а мы прыводзім з яе вытрымкі.

Паводле біскупа Яшэўскага, менавіта ў такія часы Касцёл адкрывае сваё сапраўднае пакліканне – быць месцам сустрэчы, дзе чалавек не асуджаецца, а напаўняецца надзеяй, быць месцам дыялогу.

«Калі гаварыць пра нашую краіну і яе спакойны, але мужны народ, то можна сказаць, што Пан Бог даручыў нам быць яго дзецьмі, якія ва ўсіх самых небяспечных абставінах імкнуцца несці спакой, Хрыстовую радасць і надзею на захаванне традыцый веры», – так акрэсліў «місію» беларусаў у свеце іерарх.

І заўважыў, што іх малітва ў Рыме – гэта «заклік да духоўнага адраджэння кожнага з нас, каб Беларусь, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, стала не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, але і яе маральным сумленнем і прыкладам хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі».

Іерарх лічыць, што «Беларусь павінна быць не толькі краінай у геаграфічным сэнсе, але духоўным мастом, «дзе праўда сустракае спагаду, дзе рознасць ператвараецца ў адзінства».

Пры гэтым у публікацыі Vatican News адзначаецца, што біскуп заклікаў вернікаў стаць будаўнікамі «духоўнага мосту» паміж Усходам і Захадам, несучы мір і Божую праўду.

Для таго, каб гэта здзейснілася, на думку іерарха, тым, хто належыць да Касцёла ў Беларусі, неабходна быць «людзьмі камуніі» – «тымі, хто нясе еднасць туды, дзе яна страчана, хто ўмее дараваць і аднаўляць сувязі, нават калі яны страчаныя». А для гэтага, у сваю чаргу, патрэбна любоў.

Media

Last modified onЧацвер, 23 Кастрычнік 2025 11:51
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць