Як праходзяць у рэгіёнах Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У Дзятлаве жанчыны з'язджаюцца на роварах да прыдарожнага крыжа.
На працягу траўня – месяца, які ў Каталіцкай Царкве асабліва прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, у касцёлах праходзяць Маёвыя (майскія) набажэнствы. На захадзе Беларусі распаўсюджаная традыцыя, асабліва сярод жанчын, збірацца на такія набажэнствы не толькі ў храмах, але і на вуліцы – ля прыдарожных крыжоў і капліц.
Свежыя здымкі з такой малітвы апублікавала парафія ў Дзятлаве [глядзіце ніжэй]. Тут жанчыны з'язджаюцца на роварах да прыдарожнага крыжа, ля якога побач з фігурай Марыі парафія ўсталявала памятны камень з нагоды 525-годдзя горада.
Верніцы спяваюць літанію да Багародзіцы ды іншыя рэлігійныя песні. Звяртае на сябе ўвагу, што тэкст песень на польскай мове напісаны кірыліцай.
Традыцыя Маёвых набажэнстваў, неад'емная частка якіх – літанія да Багародзіцы (ад грэцкага lite – «прашэнне, руплівая малітва») распаўсюдзілася ў Еўропе ў XIX стагоддзі. А сама літанія да Панны Марыі з'явілася яшчэ ў XIII стагоддзі. У яе існуе некалькі версій, сярод якіх самая папулярная – «Ларэтанская», якую зацвердзіў Папа Рымскі Сікст V ў 1587 годзе. Некаторыя крыніцы адзначаюць, што Маёвыя набажэнствы маюць багатую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў Егіпце. Ужо ў V стагоддзі хрысціяне (копты) на працягу ўсяго месяца спявалі песні ў гонар Багародзіцы.
Вось і цяпер вернікі збіраюцца на Маёвыя набажэнствы, а песні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі спяваюць не толькі ў касцёлах.
Media
Related items
-
Арцыбіскуп Кандрусевіч – зноў на службе пасля месяца лячэння
-
Першы пазітыўны прыклад: кусташ санктуарыя ў Браславе змог застацца служыць у Беларусі
-
Святару з Польшчы выдалі пажыццёвую забарону на ўезд у Расію
-
Вядомыя беларускія музыкі рыхтуюць новую праграму – па псальмах Давіда
-
Загадкавую капліцу пабудавалі на Міншчыне. Што пра яе вядома?