Бібліі 16 стагоддзя і «Апостала» ў пацерках выставілі ў Гомелі - ФОТА
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
У філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава «Пераплётных спраў майстры. Мастацтва ўпрыгожвання кнігі».
20 лютага ў гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый адкрылася выстава «Пераплётных спраў майстры. Мастацтва ўпрыгожвання кнігі». Невялікая экспазіцыя ўяўляе рукапісныя і старадрукаваныя кнігі 16 - пачатку 20 стагоддзяў у вокладках, упрыгожаных чаканкай, ліццём, эмалямі, пацеркавым шыццём. Адкрыла выставу галоўны захавальнік музея Святлана Лявонцьева:
- Як да вопраткі, здольнай не толькі ўпрыгожыць, але і абараніць кнігу, ставіліся да вокладкі ў стараверскім народным асяроддзі. Традыцыйная «адзежа» рукапісных і старадрукаваных кніг - гэта дубовыя дошкі, абцягнутыя скурай з арнаментальным цісненнем, і зашпількі. Багатымі і выдатнымі ўборамі адрозніваліся Евангеллі і Апосталы, якія ўдзельнічалі ў рытуале літургічных службаў. Евангелле апраналі ў аксаміт, парчу, упрыгожвалі камянямі, жэмчугам, каштоўнымі металамі. Знешняя прыгажосць была закліканая прыцягнуць увагу да тэкстаў кніг.
На жаль, багатае ўбранне Евангелля не захавалася - пасля рэвалюцыі ўсе каштоўнасці канфіскавалі ўлады бальшавікоў, таму да сучаснікаў дайшлі простыя «адзежы».
Сярод выстаўленых кніг - рукапіснае Евангелле 1-й чвэрці 16 стагоддзя, а таксама Евангелле беларускага друкара Пятра Мсціслаўца, выпушчанае ў Вільні у 1575 годзе. Яшчэ адзін рарытэт - «Апостал» 1635 году, «апрануты» ў зялёны аксаміт з пацеркавай вышыўкай.
Related items
-
Чаму Ватыкан падтрымлівае сувязь з аўтарытарнымі дзяржавамі, патлумачыў Папа Рымскі
-
Цяпер – і ў Дзень працы. Католікам у Беларусі дазволілі не трымаць пятнічны пост 1 мая
-
Фестываль арганнай музыкі Ars Magna Organi 2026 пройдзе ў касцёлах Беларусі
-
Асноўную частку некаторых парафій у РФ складаюць замежнікі. Чаму гэта можа стаць праблемай?
-
Папа Рымскі адказаў на крытыку: «Я не баюся адміністрацыі Трампа»