BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Рэкалекцыі на Вялікі пост: не бойся застацца ў цішыні!

Ёсць адзіны спосаб знайсці час на малітву: прачынацца раней хаця б на паўгадзіны і маліцца ў гэты час.

22 сакавіка ў гомельскай рыма-каталіцкай парафіі пачаліся вялікапосныя духоўныя практыкаванні. Вядзе рэкалекцыі пробашч вядомай сваёй багатай гісторыяй парафіі Перамянення Пана ў вёсцы Новая Мыш айцец Павел Врубель. Духоўныя практыкаванні таксама пройдуць падчас святой Імшы ў панядзелак - 8.00 і 18.30 і ў аўторак - 8.00 і 19.00 (Літургіі пакаяння).

- Як і Хрысту, нам неабходна ўвайсці ў пустыню, усвядоміць яе важнасць. Таму што пустыня - гэта месца сустрэчы з Панам, месца выпрабавання нашага сэрца, нашай веры. Чым напоўнена наша сэрца, якое яно? І Бог дапускае розныя выпрабаванні, спакусы для нас, дзякуючы якім можам убачыць праблемы нашага сэрца, нашых адносін з Богам і блізкімі, - сказаў айцец Павел.

Але сёння, як ён адзначыў, чалавек баіцца пустыні, баіцца цішыні, таму што прывык жыць у шуме, у сучасным «патоку жыцця»:

- І часта нас адводзяць ад пустыні, ад жадання сустрэцца з Богам і самім сабой. У сучасных людзей ёсць заняткі, якія адымаюць вельмі шмат часу і нічога не прыносяць, напрыклад, прагляд тэлевізара. Вельмі важна адмовіцца ад таго, што нам не прыносіць духоўнай карысці, аддаляе ад Бога. Неабходна стварыць цішыню, застацца сам-насам, пабыць з Богам, знайсці час для ціхай і глыбокай малітвы, бо малітва - гэта размова з Богам. Мы кажам пра тое, што ў нас няма часу для малітвы. І нічога не зможаш зрабіць акрамя аднаго - ўставаць раней хаця б на паўгадзіны і маліцца ў гэты час. Неабходна выдзяляць для малітвы заўсёды канкрэтны час. Таму што молячыся, як многія, па дарозе на працу, у аўтобусе, цяжка застацца ў цішыні і сустрэцца з Богам.

Гаворачы аб надыходзячым Вялікадні айцец Павел адзначыў, што няшчасны той чалавек, які спадзяецца на Хрыста толькі ў зямным жыцці:

- Гасподзь адкрывае нам таямніцу пакуты, крыжа - гэта самае цяжкае пытанне для чалавека. Але толькі крыж прыводзіць да ўваскрасення. Як чулі мы ў Евангеллі, калі зерне, што ўпала ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Ісус нам адкрывае праўду пра пакуты, якія маюць вялікае значэнне ў нашым жыцці. Той чалавек, які не зразумеў сутнасці хрысціянства, будзе старацца ўцячы ад пакут, прасіць Бога, каб ўратаваў, абараніў ад пакут. Але Бог дапамагае нам прыняць пакуты, прыняць і несці крыж, дае нам сілы. Праз пакуты, праз цяжкасці, праз крыж мы ідзем да праслаўлення.

Слова «рэкалекцыі» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «зноў збіраць нешта раскіданае». Духоўныя практыкаванні штогод ладзяцца ў перыяд Вялікага посту, дапамагаючы вернікам рыхтавацца да святкавання Вялікадня, даюць убачыць, што трэба змяніць у жыцці. Таксама рэкалекцыі раскрываюць сакрэт Літургіі пакаяння, даючы магчымасць змагацца са сваімі слабасцямі, абапіраючыся на Госпада.

Last modified onНядзеля, 22 Сакавік 2015 17:04
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць