BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пасол Ватыкана на Пяцідзесятніцы ў Гомелі: дзяржаве не трэба баяцца хрысціян [фота]

Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заклікаў прасіць аб дарах Духа Святога, каб Ягоны агонь дапамагаў не быць абыякавымі і змяняць гэты свет.

Высокага госця сустракалі 19 траўня ў Гомелі: на свята Пяцідзесятніцы - спаслання Святога Духа - рыма-каталіцкую парафію Нараджэння Божай Маці ўпершыню наведаў Апостальскі Нунцый, яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Пасол Ватыкана прыехаў у Гомель па запрашэнні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца. Свае стасункі з гомельскімі каталікамі высокі госць пачаў з усмешкі. Акрапляючы вернікаў святой вадой, ён пажартаваў: «Гэта святая вада супраць камароў!» (куслівыя насякомыя ў апошнія дні апанавалі Гомель - рэд.).

Ва ўрачыстай Святой Імшы таксама ўдзельнічалі Апостальскі візітатар для грэкакаталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

- З людзей, якіх нічога не аб'ядноўвае, Дух Святы робіць Царкву. Не будзем думаць, што гэта толькі знак ці сімвал - прысутнасць Духа Святога сярод нас рэальная сёння, - сказаў падчас гаміліі Апостальскі Нунцый. - Мы, хрысціяне, хочам толькі аднаго: быць напоўненымі Божай любоўю, каб змяняць гэтую Зямлю. Каталікі, праваслаўныя, пратэстанты - мы ўсе хочам аднаго: паказаць іншым Божую любоў. Вельмі часта мы слабыя, і губляем палову нашага часу, каб спрачацца паміж сабой. Такім чынам, праблема для нас у тым, як нас называюць, а не кім мы з'яўляемся.

Таксама Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што пастараецца зрабіць усё магчымае, каб супольнасць гомельскіх каталікоў магла мець больш месцаў для малітвы (пакуль у 500-тысячным Гомелі дзейнічае толькі адзін касцёл - рэд.):

- У вернікаў няма межаў для выражэння сваёй любові да Бога. Царква чымсьці падобная на торт, якога заўсёды мала. Можна накарміць дзесяць, а можна і сто, і тысячы людзей. Дзяржава можа толькі выйграць ад прысутнасці хрысціян, і нічога не можа страціць. Не трэба баяцца вернікаў, таму што яны шукаюць толькі дабра. Але нам неабходны Дух Святы. Мы падобныя на тых, хто шукае за што ўхапіцца, калі выпіў занадта шмат. Але павінны памятаць, што гэты цэнтр, на які можна абаперціся, ёсць унутры нас. І гэты цэнтр - Дух Святы. Нам патрэбныя месцы, дзе мы можам сябе выразіць, і нам трэба рыхтаваць сябе, каб умець гэта зрабіць. І просім, каб Дух Святы напоўніў нас сваімі дарамі, каб Яго агонь заўсёды гарэў у нас, каб мы не былі абыякавымі. І тады мы выканаем Ягоны загад, мы зменім гэты свет.

Апостальскі Нунцый падзякаваў біскупу Казіміру Велікасельцу і пробашчу парафіі Славаміру Ласкоўскаму за іх служэнне, а гомельскія парафіяне падарылі госцю кветкі і сучасны абраз.

Таксама ў нядзелю Пасол Ватыкана наведаў Гомельскую дзіцячую вёску, у якой служаць сёстры-Бэнэдыктынкі, і адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці ордэна Маці Тэрэзы.

У панядзелак Апостальскі Нунцый сустрэнецца са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, мэрам і губернатарам.

 

Last modified onНядзеля, 19 Май 2013 18:24
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць