BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Выйсці з натоўпу: католікі святкуюць Вербную нядзелю [фота]

Кім ты сёння бачыш сябе ў Евангельскай гісторыі?

20 сакавіка католікі адзначаюць Пальмавую нядзелю (у мясцовай традыцыі - Вербную). Гэта дзень урачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Ерусалім, калі народ вітаў Яго і клаў пад ногі сваю вопратку і пальмавыя галіны, усклікаючы: «Гасанна! Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!» Паколькі на нашай тэрыторыі цяжка знайсці пальмы, у гэты дзень вернікі прыходзяць у храм з вярбовай галінамі, папараццю ды іншымі букетамі.

Пробашч гомельскай каталіцкай парафіі айцец Славамір Ласкоўскі адзначае, што пры ўрачыстым уваходзе Госпада ў Іерусалім натоўп радасна вітаў Ісуса, а ўжо праз некалькі дзён патрабаваў укрыжаваць Яго.

- Ісус заклікае не жыць у натоўпе, прыняць у сваё сэрца Збаўленне, навярнуцца, стаць на калені перад Богам: Госпадзі, памілуй мяне, я зграшыў. Каб прыняць Камунію, якая з'яўляецца ежай для таго, каб быць умацаваным у веры. Мы не можам ісці ў Нябесны Ерусалім, жывучы ў натоўпе, робячы тое, што робіць натоўп, жадаючы ўсяго, акрамя Бога: жыць без праблем, без пакут, адпачываць, забаўляцца. А сёння Ісус кажа: Я прыйшоў вырваць цябе з з натоўпу, з повязяў граху. Заклікаю рэальна адкрыць сваё жыццё, сваё сэрца для Хрыста, таму што Ён да канца палюбіў кожнага з нас, - кажа айцец Славамір.

Ён падкрэслівае, што самае страшнае для верніка сёння - гэта быць абыякавым да Евангельскіх падзеяў і не бачыць сябе ў іх:

- Не гэтак важна, кім ты сябе бачыш у Велікоднай гісторыі. Можа, ты Пілат - чыноўнік, дырэктар, начальнік, які мае ўладу і толькі слепа выконвае законы, але не слухае свайго сумлення - умывае рукі. Пілат, ведаючы праўду, рабіў так, каб спадабацца народу.

Можа, нехта ўбачыў сябе ў гэтым натоўпе - бо большасць людзей жыве ў натоўпе. Ёсць натоўп язычніцкі, а ёсць і натоўп хрысціянскі. Ты схаваны, нідзе і ніколі галавы не высоўваеш, не вызнаеш веру. Маеш дома шмат абразоў, бясконца молішся, але не вызнаеш Ісуса сваім жыццём.

Магчыма, ты сярод апосталаў, якія разбегліся. Ты шмат гадоў у Царкве, ідзеш за Езусам, але атрымалася так, што ў гэты Вялікі пост ты зламаўся, не адстаяў веры, упаў.

Можа, ты той, хто крычыць, каб адпусцілі Варраву, а не Ісуса Хрыста. Ты прывык ўсяго дабівацца гвалтам, крыкам - у сваёй сям'і, на працы.

Ці ты з тых жанчын, якія плачуць па Езусе. А Ён кажа: не плачце па мне, але па сабе і па дзецях вашых! Магчыма, ты даўно ў Царкве, але нікога з тваіх блізкіх і сяброў тут няма. Калі яны праз цябе не пазналі Хрыста - гэта сапраўдная трагедыя.

Нагадаем, праз тыдзень, 27 сакавіка, католікі завершаць Вялікі пост і будуць адзначаць галоўнае хрысціянскае свята Вялікдзень - Уваскрасенне Хрыстова.

Фота Вольгі Цярэшчанка

Last modified onПанядзелак, 21 Сакавік 2016 13:21
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць