BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Ліквідатары катастрофы на ЧАЭС сустрэліся ў Ватыкане з Папам Рымскім

Праз дзейнасць гомельскіх сужэнцаў-ліквідатараў за мяжой аздаравіліся больш за тысячу дзяцей.

20 красавіка на аўдыенцыі з Папам Францішкам прысутнічалі ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з Беларусі і Украіны. У Ватыкан прыехалі каля 20 асоб - 8 ліквідатараў з Беларусі і 14 - з Украіны, а з імі і іерархі, у тым ліку беларускі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаяцель Рыма-каталіцкай царквы ва Украіне арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, а таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкай і евангельска-лютэранскай цэркваў Украіны.

Сустрэча Пантыфіка з ліквідатарамі была прымеркавана да 30-годдзя з дня аварыі на ЧАЭС і прайшла па ініцыятыве Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Там адзначылі, што спатканне запланавалі менавіта з Папам Францішкам, паколькі Цэнтр кіруецца ў сваёй працы хрысціянскай мараллю, якая заклікае да захавання Божага стварэння. У паездку запрасілі тых ліквідатараў, якія на працягу апошніх гадоў удзельнічалі ў чарнобыльскіх праграмах Дортмундскага цэнтру.

Адны з тых, хто сустрэўся з Францішкам - Адам і Клаўдзія Варанец з вёскі Вуць Добрушскага раёна Гомельская вобласці. На момант чарнобыльскай аварыі маладая сям’я настаўнікаў жыла ў Брагінскім раёне, у вёсцы Астрагляды, што ў 20 кіламетрах ад атамнай станцыі.

- Падчас аварыі мы займаліся эвакуацыяй дзяцей з нашай і суседніх вёсак, адвозілі ў піянерскі лагер ля Гомеля. Таксама нас прымушалі мыць дахі, адносіць зямлю ад будынкаў - займацца дэзактывацыяй, таму мы з’яўляемся ліквідатарамі. Нас перасялілі ў Добрушскі раён, дзе, як потым высветлілася, таксама радыяцыя. Усё гэта адбілася на здароўі - да чарнобыльскай аварыі ў мяне нават не было амбулаторнай карткі. А праз пяць гадоў пасля выбуху пачаліся праблемы: павялічылася шчытавідка, пачаў хварэць страўнік, здарыўся мікраінсульт, а самае страшнае - дачка захварэла на анкалогію. Яна перанесла ўжо дзве аперацыі, хіміятэрапію. Вельмі цяжка ад таго, што не ведаеш, што далей будзе, - гаворыць Клаўдзія Варанец.

З 1995 года і па цяперашні час сужэнцы-ліквідатары займаюцца грамадскай дзейнасцю - аздараўленнем дзяцей за мяжой. Школьнікі з Добрушскага раёна выязджаюць на аздараўленне ў Італію, Германію, Францыю, Швейцарыю, іншыя краіны. За гэтыя дваццаць гадоў дзякуючы дзейнасці сям’і Варанец за мяжой аздаравіліся ўжо больш за тысячу дзяцей.

Цікава, што абодва сужэнцы з’яўляюцца католікамі, хоць нарадзіліся ў розных месцах: Клаўдзія - на Гарадзеншчыне, а Адам - на Гомельшчыне. Іх дзяцінства прайшло ў савецкі час, калі наведваць храм было забаронена, і бацькі выхоўвалі дзяцей без веры. Але калі адбылася перабудова, з’явілася свабода рэлігіі, сужэнцы Варанец павярнуліся да Касцёла. Бліжэйшая святыня да іх знаходзіцца ў Гомелі, і калі яе пачыналі будаваць у 1990-я гады, яны некалькі разоў ездзілі ў абласны цэнтр, каб дапамагаць на будоўлі.

- Сустрэча з Папам Францішкам - гэта вельмі вялікая падзея і дапамога, бо чарнобыльскую праблему ў апошнія гады імкнуцца забыць, гавораць, што Чарнобыля няма, што ў нас усё нармальна, а на самой справе наступствы ёсць, і людзі захворваюць на рак вельмі часта. Мы бачым, колькі нашых знаёмых ужо памерлі ад гэтай хваробы. Наша запрашэнне ў Ватыкан сведчыць аб тым, што ў свеце памятаюць пра нас, і яшчэ раз заявіць аб праблемах Чарнобыля вельмі карысна. Асабіста для мяне гэта таксама вельмі важная падзея, бо кожны католік лічыць сустрэчу з Папам Рымскім святам усяго жыцця. Я нават не марыў аб гэтым, - прызнаўся Адам Варанец.

Таксама сярод дэлегатаў ад Беларусі былі вернікі-католікі Сафія Сініла з Мінска і Людміла Кузьміна з Баранавічаў. Сафія працавала лекарам у Брагінскім раёне і ўдзельнічала ў эвакуацыі вяскоўцаў, а Людміла займалася харчаваннем міліцыянтаў, якія ахоўвалі зону радыяцыйнага забруджвання ў Нараўлянскім раёне.

У аўдыенцыі ўдзельнічалі і праваслаўныя вернікі: гэта двое вайскоўцаў-ліквідатараў з Мінска Уладзімір Грамадскіх і Валерый Скараход. Уладзімір служыў у інспекцыі, якая займалася аб'ектамі падвышанай небяспекі, а Валерый - у будаўнічых войсках і займаўся ўладкаваннем войскаў, якія прыбывалі ў зону. Таксама з Папам Францішкам сустракаўся Міхаіл Вобразаў з Мінска, які ў 1986 годзе працаваў у Белгідраметэаслужбе і ў складзе радыяцыйнай разведкі ў якасці бортназіральніка прыбыў на верталёце ў Нараўлянскі раён, дзе браў пробы глебы, вады, паветра, складаючы першую карту радыяцыйнага забруджвання. Адну з такіх карт ён узяў у Ватыкан, каб перадаць на памяць Пантыфіку.

- Бог адзін. Папа Францішак і Патрыярх Кірыл паказалі прыклад, як трэба імкнуцца да адзінства, - адзначылі ліквідатары-праваслаўныя.

Last modified onСерада, 20 Красавік 2016 12:46
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць