BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Гомелі маліліся аб ахвярах Чарнобыльскай катастрофы

«Шмат дабра Бог вывеў з гэтай трагедыі - як і ў асабістых цяжкасцях кожнага чалавека».

У мінулую нядзелю, бліжэйшую да даты катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у гомельскай рыма-каталіцкай царкве прайшла святая Імша ў інтэнцыі ахвяраў трагедыі. 30-я гадавіна тэхнагеннай аварыі будзе адзначацца 26 красавіка.

Падчас Імшы вернікі маліліся аб шматлікіх ахвярах катастрофы і прасілі дапамогі Госпада ў пераадоленні яе наступстваў.

- Шмат каго з нас кранула гэтая трагедыя, многім давялося пакінуць свае дамы, некаторыя сур'ёзна адчулі Чарнобыль на сваім здароўі. Колькі людзей да гэтага часу адчуваюць наступствы трагедыі на здароўі, колькі душэўных перажыванняў, слёз! Гэта трагедыя нашага пакалення, вельмі сур'ёзнае выпрабаванне, - адзначыў падчас казання пробашч парафіі айцец Славамір. - Але з гэтай трагедыі Бог вывеў вельмі шмат дабра. Колькі дабрачыннай дапамогі аказалі нам з краін Еўропы, колькі дзяцей пабывалі за мяжой і аздаравіліся. Гэтая трагедыя абудзіла дабрыню сэрцаў вельмі многіх людзей, якія пачалі дапамагаць нам. І не было б мяне перад вамі, калі б не было Чарнобыля. Калі я прыехаў у 1989 годзе ў Гомель, улады мне сказалі прама: едзь назад у Польшчу, табе ніхто не дасць дазвол на служэнне. Але я застаўся, і праз пару месяцаў з Мінска прыйшоў дазвол. Тады мне сказалі чыноўнікі: калі б не было Чарнобыля, вам бы ніколі не далі гэты дазвол. І менавіта Чарнобыль дапамог разбурыць Савецкі Саюз, інакш бы мы да гэтага часу, магчыма, спявалі камуністычныя песні і жылі ў атэізме.

Айцец Славамір прапанаваў таксама параўнаць Чарнобыль з жыццёвымі выпрабаваннямі кожнага чалавека:

- Калі прыходзяць выпрабаванні, прыходзіць і дапамога ад Бога. Цяжкасці, перш за ўсё, вучаць нас разуменню, што мы слабыя, недасканалыя. Выпрабаванні ў першую чаргу звязаны з любоўю да Бога і бліжняга. Дзякуючы выпрабаванням мы можам адкрыць у сабе праўду, што не здольныя любіць іншых. Мне было значна лягчэй пабудаваць храм і Дзіцячую вёску для сірот-інвалідаў, чым любіць іншых, - прызнаўся святар.- Праз выпрабаванні мы павінны знайсці ў сабе гэтую слабасць, якая мае вялікую патрэбу ў Езусе Хрысце ўваскрослым. Гэта выдатны адказ: я слабы, але Ён мацнейшы мяне, усё магу ў Госпадзе, які мяне ўмацоўвае! Таму самае страшнае, што можна зрабіць - адыйсці ад Бога. Езус збірае нас менавіта для таго, каб дапамагчы ў справе любові.

Таксама святар параўнаў з Чарнобылем грэх, які робіць кожны чалавек: у любога граху ёсць наступствы, якія ўплываюць на іншых. І каб патушыць гэты пажар граху, трэба «выклікаць» Ратавальніка - Ісуса Хрыста.

Нагадаем, у гэтую ж нядзелю ў Гомелі выступіў эксперыментальны праект «Балцкі Субстрат» [ФОТА, ВІДЭА]. Канцэрт быў прысвечаны 30-годдзю катастрофы на ЧАЭС. Таксама ў мінулую нядзелю ў каталіцкіх парафіях сабралі ахвяраванні для Украіны.

З нагоды 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС таксама ў Мінску і Магілёве пройдуць святыя Імшы ў інтэнцыі ахвяр Чарнобыльскай катастрофы. Пачатак у 18.30 26 красвіка.

У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава у інтэнцыі ахвяр катастрофы на ЧАЭС памоліцца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Last modified onАўторак, 26 Красавік 2016 09:51
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць