Закрыццё Святых дзвярэй: міласэрнасць не адмяняе Божую справядлівасць
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (3)
Магістр тэалогіі растлумачыў, што такое міласэрнасць, і як быць міласэрным.
На завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці парафію наведаў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, магістр тэалогіі ксёндз Андрэй Рылка. Ён патлумачыў, што заканчэнне Года міласэрнасці і закрыццё Святых дзвярэй - гэта знак таго, што ўсё заканчваецца, у тым ліку і зямное жыццё. Таму прыйдзе момант, калі мы ўжо не зможам атрымаць тыя дары, ласкі, якія Бог дае тут, на зямлі:
- Не зможа прыйсці і паспавядацца той чалавек, які памёр, бо споведзь - толькі для жывых. І прыняць Святую Камунію, перажыць Святую Эўхарыстыю, гэту найвялікшую таямніцу нашай веры - не прыдуць тыя, хто ляжыць у магілах. А мы яшчэ можам прыйсці. І гэта вялікі дар Божы. Людзі, якія памерлі, ужо не могуць чытаць Слова, для іх ужо скончыўся час слухання Божага слова. А мы яшчэ можам чуць і слухаць, дазволіць, каб гэтае слова перамяніла нашае жыццё. І гэта - Божая міласэрнасць.
Некаторыя людзі задаюць сабе пытанне, як зразумець тое, што Бог справядлівы і Бог міласэрны? Божая справядлівасць не адмяняе Божую міласэрнасць, і наадварот. Калі святая Фаустына Кавальская перажывала прыватнае аб'яўленне Хрыста, Ён сказаў: перад тым, як прыйсці ў свет як Справядлівы Суддзя, Я хачу прыйсці да людзей, як сама Міласэрнасць. І Бог прыходзіць нагадаць, што дае нам яшчэ адзін шанс. Бог не для таго нас стварыў, каб нас пакараць. А для таго, каб мы жылі шчасліва і не пераставалі Яму дзякаваць за тое, што Ён такі міласэрны, што так шмат нам дае. Бог схіляецца над чалавекам, хаця мог бы гэтага не рабіць. І гэта вялікая таямніца Божай міласэрнасці заахвочвае нас, каб адкрыць спачатку - што значыць, што Бог міласэрны? А пасля зрабіць наступны крок і сказаць: а што значыць, што я, хрысціянін, таксама пакліканы быць міласэрным?
Што значыць быць міласэрным? Гэта маўчаць і пагаджацца, калі нехта робіць зло? Не казаць яму праўду - ці гэта міласэрнасць? Падліваць алкаголіку ў шклянку - ці гэта міласэрнасць? Сапраўды быць чалавекам міласэрным - значыць вучыцца міласэрнасці ў самога Хрыста - міласэрнасці любячай, ахвярнай аж да крыжа, да смерці. Міласэрнасці, якая нічога не шкадуе і нічога сабе не пакідае. Міласэрнасці ў праўдзе, ад якой часам можа быць вельмі балюча. Але гэта лекі, якія нас аздаравяць.
Езус кажа: не спяшайцеся судзіць, казаць, што вы ўсё ведаеце і ўсё ўмееце, самі ўсё здолееце. Езус кажа: не жадай быць Богам, бо ніколі ім не станеш. Старайся быць лепшым, наколькі ты сёння гэта можаш. Можа, твая вера, твае сілы сёння вельмі слабыя, і табе вельмі хацелася б быць добрым чалавекам, але ты бачыш, што сваіх сіл у цябе мала. Езус кажам: дазволь, каб Я, Бог, быў тваёй сілай, тваёй мудрасцю, паказаў табе дарогу, даверся мне.
Многія хрысціяне ламаюцца ў сваёй веры, бо думаюць, што Бог ставіць ім патрабаванні і чакае, пакуль мы справімся. А праўда ў тым, што перамагае толькі той, хто давярае не сабе, а Яму, Яго мудрасці, сіле, міласэрнасці. Давяраць Езусу - значыць, Яго слухаць. Знайсці час, месца, навастрыць сваё вуха. Няма міласэрнасці, веры і збаўлення ў таго, хто не мае часу для Бога, для таго, каб хаця б дзве хвіліны раніцай памаліцца: «Езу, давяраю табе. Прызнаюся: мне так хочацца давяраць самому сабе, што я ўсё паспею, зараблю грошы, буду здаровы, пабудую дом, паклапачуся пра сям'ю». Але не зможаш, калі будзеш давяраць толькі сабе, бо ўсё не прадумаеш, не прадбачыш. Ён - той, хто бачыць усё. Як важна, каб мы сказалі: Божа, табе давяраю, Цябе буду слухаць.
І наступны крок - задаць сабе пытанне: што значыць, што я пакліканы быць міласэрным. Быць міласэрным па-хрысціянску - гэта быць такім, як Езус, які заўсёды працягвае руку, каб дапамагчы, падтрымаць, а не рабіць усё за нас. Колькі людзей пакутуе з-за таго, што нехта кажа: давай я буду несці твой крыж, я за цябе ўсё зраблю. Наша хрысціянскае пакліканне - дапамагчы, падтрымаць, падказаць, быць арыенцірам, які паказвае шлях да Бога. Быць міласэрным - гэта не маўчаць. Быць міласэрным - гэта свяціць, саграваць. Нават калі ты не верыш, што тваё добрае слова дапаможа чалавеку - скажы яму гэта слова, і гэта значыць быць міласэрным. Нават, калі не верыш, што нешта можа змяніцца, - зрабі гэты маленькі ўчынак і давер яго Езусу. Калі рабіць маленькія справы міласэрнасці разам з Богам, убачыш, як праявяцца слава і сіла Божая. А без Бога - усё пустое і мёртвае.
І наадварот - за якую б складаную справу не браўся чалавек, калі ён робіць яе разам з Богам і давярае Яму, заўсёды Езус яе давядзе да перамогі, адзначыў кс. Андрэй.
Related items
- Царква не асуджае смяротнае пакаранне, заявіў Патрыярх Кірыл, маніпулюючы Бібліяй
- Аб ахвярах рэпрэсій маліліся ў Данецку і гарадах РФ. А ў Мінску?
- Топ-5 фота: у Беларусі адзначылі Дзяды
- Гарбузовы суп і Імша – як правільна адзначыць Хэлаўін
- Як ушанаваць памяць родных, калі не можаш наведаць іх магілы, патлумачылі святары
Вам сюда: Не хватает денег - дай милостыню! - katolik-gomel.by/.../...
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу