Фота: да Раства агонь з Бэтлеему даставілі ў Гомель ды іншыя гарады Беларусі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Святыню у скаўтаў прыняў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Падпаліць лампаду ў касцёле можна пасля кожнай Імшы.
«Бэтлеемскае святло свету» каталіцкія скаўты прывозяць у Беларусь ужо больш за 15 гадоў. Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам з Бэтлеема - месца зямнога нараджэння Ісуса Хрыста. Затым агонь перадаюць у Чэхію, Польшчу і вязуць да беларускай мяжы, дзе ўрачыста ўручаюць мясцовым скаўтам. У Гродна агонь прыбыў 20 снежня, а ў Мінск - 21 снежня. Дарэчы, Папу Францішку Бэтлеемскі агонь перадалі 18 снежня. Таксама яго даставілі вернікам больш за 30 краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
З беларускай сталіцы скаўты развезлі Бэтлеемскі агонь амаль ва ўсе рэгіёны краіны. У гомельскую рыма-каталіцкую царкву агонь з Бэтлеема ўрачыста ўнеслі на нядзельнай святой Імшы 22 снежня. Ужо чацвёрты год запар у Гомель яго дастаўляе група парафіяльных скаўтаў.
Каб паспець раздаць агонь вернікам, скаўты адправіліся за ім раніцай у суботу. Яны падпалілі сваю лампаду ў Мінскай архікатэдры і па дарозе ў Гомель заехалі ў іншыя гарады, каб перадаць святыню ў мясцовыя касцёлы, - Мар'іну Горку, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Светлагорск, Рэчыцу. Важна было прасачыць, каб агонь у дарозе не згас, інакш давялося б зноў вяртацца за ім у Мінск.
У Гомелі ўсе жадаючыя могуць падпаліць свае лампады пасля службаў, каб занесці агонь з Бэтлеема ва ўласныя дамы або перадаць родным. Як кажуць святары, не варта ставіцца да Бэтлеемскага агню як да містычнай з'явы. Гэтая святыня мае глыбокі духоўны сэнс, для хрысціяніна гэта сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі варта дзяліцца адзін з адным.
Related items
-
Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік
-
Рэдкі выпадак: дэлегацыя дзяржслужачых разам з біскупамі і праваслаўным святаром наведалі касцёл
-
Вакол Чырвонага касцёла ў Мінску будуюць сцяну. Што гэта можа быць?
-
На новы навучальны год благаславілі ў касцёлах Беларусі – топ-9 фота і відэа
-
У Мінску пачалі будоўлю на месцы старых каталіцкіх могілак. У парафіі моляцца аб захаванні астанкаў незвычайнай малітвай