BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Урачыстую працэсію Божага Цела правядуць католікі ў Гомелі

Дзеці будуць высцілаць пялёсткамі дарогу для Езуса Хрыста

23 чэрвеня ў Гомелі каталіцкія вернікі правядуць традыцыйную працэсію Божага Цела. Урачыстасць Цела і Крыві Хрыстовых прыходзіцца на чацвер, 20 чэрвеня, а працэсія пераносіцца на нядзелю, каб больш вернікаў змаглі прыняць у ёй удзел і даць сведчанне веры.

Свята пачнецца ў 10.00 святой Імшой, затым парафіяне пройдуць урачыстай працэсіяй па вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы, каб дабраславіць горад, памаліцца за дамы і працоўныя месцы, за тое, каб Гасподзь бярог ад голаду і вайны, каб нагадаць пра ахвяру Хрыста і засведчыць аб сваёй веры. Штогод у працэсіі Божага Цела ў Гомелі ўдзельнічаюць 200-300 вернікаў.

- Езус асвячае нашы дамы, месцы працы і заклікае: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя», - кажа біскуп Казімір Велікаселец.

Наперадзе працэсіі будуць ісці дзеці ў белым адзенні і высцілаць дарогу пялёсткамі кветак для Езуса Хрыста. Яго Цела пад выглядам хлеба будзе несці святар у манстрацыі - адмысловым прыстасаванні для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. Па дарозе працэсія будзе спяваць і рабіць прыпынкі ля чатырох алтароў для пакланення Целу Хрыста, для малітвы і чытання Евангелля.

У гэты дзень у касцёле адбудзецца толькі адна святая Імша да абеду, таксама будзе служба ў 17.00.

У многіх гарадах, у тым ліку ў Мінску, працэсіі Божага Цела ўжо прайшлі ў пачатку чэрвеня. А ў Гродне, дзе працэсіі найбольш масавыя, урачыстасць адбудзецца ўвечары ў чацвер, 20 чэрвеня.

Last modified onНядзеля, 23 Чэрвень 2019 15:51
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць