Абыякавасць ці апатыя? Што паказала рэакцыя ў Беларусі на сітуацыю з Папам Францішкам
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Хрысціянскае меркаванне
- Add new comment
Замала «каталіцкасці» або адлюстраванне стану грамадства ў цэлым – меркаванне.
Амаль праз тыдзень пасля шпіталізацыі Папы Рымскага і праз суткі пасля таго, як у Францішка выявілі цяжкую хваробу, якая пагражае ягонаму жыццю, каталіцкія парафіі ў Беларусі пакуль так і не адрэагавалі на гэта.
Ёсць выключэнні – некаторыя парафіі рабілі рэпост сторыс біскупа Аляксандра Яшэўскага з заклікам аб малітве за Пантыфіка, але ў цэлым рэзанансу няма ў інфармацыйнай прасторы беларускіх католікаў у сацсетках. Вядома, што менавіта там, у асноўным у Instagram, дзе многія парафіі маюць свае старонкі, цяпер найбольш шырока адбываецца камунікацыя святароў з вернікамі.
Верагодна, падчас святых Імшаў у касцёлах Беларусі моляцца аб аздараўленні Францішка, у некаторых парафіяльных чатах паведамлялі пра сітуацыю, але ж для запрашэння да тэрміновай масавай малітвы выкарыстоўваюцца менавіта сацсеткі.
Разважаем, чаму ў той час, калі за Пантыфіка турбуюцца ў розных канцах свету, у Беларусі водгук слабы.
Мала каталіцкасці, паўсюднасці – адно з меркаванняў. Вернікі жывуць сваім уласным жыццём, жыццём парафіі і мала цікавяцца тым, што адбываецца ў дыяцэзіі, іншым рэгіёне, а тым больш у іншых краінах.
Яшчэ адна версія – неадназначнае стаўленне да асобы Папы Францішка, хоць якім бы гэта стаўленне не было, для кожнага католіка ён з'яўляецца намеснікам святога Пятра.
Але больш глыбокія разважанні прыводзяць да думкі, што сітуацыя ў каталіцкім асяроддзі адлюстроўвае стан грамадства ў цэлым. Адзін з беларускіх вернікаў апісаў яго так:
«Многія людзі замкнуліся самі ў сабе. Нічым не цікавяцца. Ёсць атмасфера страху, прыгнечанасці. І не бачна прасвету».
Акрамя таго, траўматычныя падзеі апошніх гадоў адбіліся на псіха-эмацыйным стане такім чынам, што ў людзей ужо не хапае рэсурсу, каб суперажываць, цікавіцца чымсьці акрамя ўласнага жыцця.
Таму слабая рэакцыя католікаў на сітуацыю з Францішкам можа сведчыць не столькі пра абыякавасць, колькі пра апатыю, дэпрэсіўны стан, у якім знаходзіцца грамадства.
Спадзяемся нашы разважанні не выглядаюць як асуджэнне, а толькі як канстатацыя тэндэнцыі. Сваімі меркаваннямі на гэты конт запрашаем дзяліцца ў каментарах.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
«Дзе няма справядлівасці, няма дзяржавы». Папа Рымскі – пра важныя аспекты жыцця грамадства
-
Папулярны праваслаўны манах з Гомеля раскрытыкаваў Ватыкан і моцна памыліўся
-
Вакол Чырвонага касцёла ў Мінску будуюць сцяну. Што гэта можа быць?
-
Пра ксяндза Акалатовіча няма звестак ужо паўтара месяцы
-
Што адбываецца ў Нацыянальным санктуарыі на фоне маўчання, даведваліся вернікі