BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«1% падатку на дабрачыннасць». Ці патрэбна гэта ў Беларусі?

Арганізацыі маглі б планаваць дзейнасць, а грамадзяне - адчуваць адказнасць

Прыняцце закона аб дабрачыннасці і ўнясенне зменаў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс перыядычна абмяркоўваецца ў Беларусі. У прыватнасці гаворка ідзе пра распрацоўку «правіла аднаго працэнта», якое даўно дзейнічае ў многіх краінах. Згодна з гэтым правілам, грамадзянін можа накіраваць адзін працэнт свайго падаходнага падатку на дзейнасць некамерцыйных, часцей за ўсё - дабрачынных арганізацый. Пры гэтым не істотна, ці гэты грамадзянін звычайны працаўнік, ці прадпрымальнік, або пенсіянер.

Спецыялісты адзначаюць, што эфект атрымліваецца станоўчым: дабрачынная або іншая некамерцыйная арганізацыя атрымлівае шырокія магчымасці ў рэалізацыі праектаў. Таксама пасля ўкаранення «правіла аднаго працэнта» выяўляецца, што шматлікія людзі, якія ніколі не ахвяравалі на дабрачыннасць, пачынаюць гэта актыўна рабіць, што ўрэшце павышае сацыяльную адказнасць грамадзянаў.

На жаль, у Беларусі такой практыкі пакуль няма, але ідэя можа абмяркоўвацца, тым больш, у краіне дзейнічаюць шматлікія дабрачынныя арганізацыі, сярод якіх - каталіцкая «Карытас».

Сваё меркаванне на гэты конт выказаў у інтэрв'ю Беларускай службе Vatican News Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кадрусевіч. Каталіцкі іерарх лічыць, што ідэя прыняцця «правіла аднаго працэнта» - актуальная для Беларусі:

«Гэтае пытанне я задаю сабе ўжо амаль трыццаць гадоў - з таго часу, як стаў біскупам. Бо калі спаткаюся з дабрачыннымі арганізацыямі, мясцовымі Касцёламі ў Літве, Польшчы, Германіі, Італіі - усюды такая практыка. Яна ёсць у многіх краінах, і гэта вельмі вялікая дапамога. Магчыма, нават няверуючыя людзі бачаць, што ёсць дабрачынная каталіцкая арганізацыя, і давяраюць Касцёлу свае грошы, вераць, што яны не расплывуцца, дойдуць да адрасата. І таму хочуць прымаць удзел у дабрачыннай дзейнасці. У Беларусі такога няма, але я неаднойчы ўздымаў гэта пытанне - можа, нехта нарэшце пачуе».

Беларускі арцыбіскуп нагадаў, што, напрыклад, у Італіі ёсць і іншая праграма, па якой 0,8% падаткаў грамадзянаў пералічваецца на Касцёл, і з гэтых грошаў ён таксама многім дапамагае, асабліва краінам трэцяга свету, місіям. Падобная дапамога - дабравольная, нагадвае Мітрапаліт. Так ці інакш чалавек аддае гэтыя грошы дзяржаве як падатак. Але тое, што аддае на дабрачыннасць - гэта таксама валанцёрства, тэму якога якраз абмяркоўвалі на апошнім паседжанні Рады Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Еўропы ў Познані:

«Біскупы Еўропы падкрэслівалі: дзе ёсць валанцёрства, там грамадства развіваецца добрым шляхам. Кожны можа адчуваць сваю адказнасць за іншага чалавека. Калі б у Беларусі рэалізавалася такая праграма, было б вельмі добра. Гэта адбывалася б у сусветным стрыме, і ў выніку большую дапамогу атрымалі б тыя, хто чакае яе», - упэўнены Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама ён адзначыў, што не толькі католікі, але й іншыя рэлігійныя супольнасці Беларусі зацікаўлены ва ўкараненні практыкі «працэнта на дабрачыннасць».

У той жа час вядомы беларускі юрыст Леанід Судаленка падкрэслівае, што ў Беларусі дзейнічае іншы закон - 1% заробку кожны працаўнік аддае на дзейнасць афіцыйных прафсаюзаў.

«Чаму б лепей не аддаваць адзін працэнт на дабрачыннасць? Я б асабіста гэта рабіў, калі б ведаў, што ўсё чыста і празрыста, ідзе на добрыя мэты», - гаворыць юрыст.

Ён патлумачыў механізм, які б дазволіў прыняць «правіла аднаго працэнта» ў Беларусі. Патрэбна, каб прапанова аб адпаведных зменах заканадаўства была ўнесена ў парламент, затым дэпутаты абмяркоўваюць і прымаюць або не прымаюць новы закон. Улічваючы беларускія рэаліі, для таго, каб закон быў зменены, ініцыятыва павінна паступіць ад прэзідэнта краіны, лічыць юрыст.

Дырэктар Дабрачыннай каталіцкай Місіі «Карытас-Міласэрнасць» кс. Юрый Варанко таксама падтрымлівае ідэю аб укараненні «правіла аднаго працэнта» ў Беларусі. Паводле святара, гэта было б вялікай дапамогай для мясцовых харытатыўных арганізацый:

«Іх становішча даволі складанае, даводзіцца разлічваць толькі на знешнюю дапамогу, цяжка шукаць рэсурсы ўнутры краіны. Але пры наяўнасці такога падатку, можна было б планаваць сваю дзейнасць на год і на большы тэрмін, разлічваць бюджэт».

Ад «правіла аднаго працэнта» выйгралі б і грамадзяне, бо мелі б магчымасць аддаваць свае сродкі на канкрэтную праграму, праект і бачыць іх плён - грошы б не губляліся ў агульнай масе, так, што цяжка прасачыць, куды іх накіроўваюць, гаворыць дырэктар «Карытас-Міласэрнасць».

Святар адначае, што арганізацыі, якія б маглі разлічваць на сродкі ад падаткаў, імкнуліся б развіваць найбольш актуальныя, цікавыя праекты, што спрыяла б здаровай канкурэнцыі і развіццю дабрачыннага руху.

Важнай праблемай кс. Юры лічыць і тое, што для замежных спонсараў застаецца незразумелым, чаму выключна за іх дапамогу праекты могуць рэалізоўвацца ў Беларусі, і чаму мясцовае грамадства не ўдзельнічае асаблівым чынам у фінансаванні харытатыўных праграмаў:

«Новы закон быў бы знакам таго, што беларускае грамадства ідзе ў добрым накірунку - дасягае такой ступені, што пачынае клапаціцца не толькі пра сябе асабіста, але і аб патрэбе іншых», - упэўнены дырэктар арганізацыі.

Last modified onАўторак, 11 Снежань 2018 14:19
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць