Пытанне не закрыта. Загадкавы лот з рэліквіямі ні то Ефрасінні, ні то Параскевы: фальшыўка ці памылка?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Пакуль спецыялісты дыскутуюць і ўскрываюць таямнічыя пласты гісторыі, кошт лота расце.
Не да канца высветленым застаецца пытанне з продажам на інтэрнэт-аўкцыёне быццам бы рэліквій вядомай беларускай праваслаўнай святой Ефрасінні Полацкай. На пляцоўцы Ebay з'явіўся лот з коштам каля 1,8 тыс. даляраў і назвай «Срэбраны рэліквіяр з парэшткамі святой Ефрасінні Полацкай + дакумент».
Каталіцкія вернікі, сярод якіх знаўцы, гісторыкі, даследчыкі, абмеркавалі тэму ў сацсетках і выказалі меркаванні, што прадстаўлены дакумент, хутчэй за ўсё, з'яўляецца фальшывым. Падазрэнні ў падмане адразу былі выкліканы і тым, што на стужцы над косткамі пазначана імя не Ефрасінні, а Параскевы (Праксэды) – гэта гаворыць пра тое, што гаворка можа ісці пра парэшткі Параскевы Полацкай. Лічыцца, што гэта іншая святая, князёўна XIII ст., якая кананізавана ў Каталіцкай царкве.
У той жа час, Параскева – гэта магчымае хроснае імя Ефрасінні. Да таго ж, мяркуецца, што на праўдзе Параскевы Полацкай увогуле не было, а адным з яе правобразаў можа быць святая Ефрасіння Полацкая.
Як адзначыў для Katolik.life перакладчык з лацінскай мовы Канстанцін Чарухін, пасведчанне ў лоце не дае падставаў зрабіць выснову, што рэліквіяр месціць парэшткі святой Ефрасінні:
«Апісанне на ангельскай мове не супадае з лацінскім тэкстам. Цікава было б даведацца ў прадаўца, чаму ён вырашыў, што гэта менавіта святая Ефрасіння, але лічу, што чалавек проста загугліў, якія там у нейкім Полацку святыя, і не стаў пераймацца дакладнасцю. Хутчэй за ўсё, маем справу с памылкай, а не з фальсіфікацыяй».
Абмеркаванне падсумаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку грэка-каталіцкі журналіст Ігар Бараноўскі:
«Сапраўднасць дакументу – недакладнасць у назве царкоўных структур і асабліва пячатка і подпіс біскупа Слосканса – выклікае вялікі сумнеў. Магчыма, каштоўны рэліквіяр з мошчамі паходзіць з уніяцкай катэдры св. Сафіі ў Полацку? Сапраўды, гэтыя рэліквіі маглі патрапіць да біскупа Баляслава Слосканса ў часы змагання з рэлігіяй у 1920-я, калі ён апекаваўся католікамі ў Магілёве, Віцебску і іншых мясцовасцях, а потым, пасля яго арышту, да кагосьці з яго сваякоў або блізкіх супрацоўнікаў і нарэшце вось выплыў на аўкцыёне. Што тут фальсіфікат – дакумент? Ці рэліквіяр і мошчы таксама? Вялікае пытанне».
У тым ліку выказаўся праваслаўны святар Сяргей Лепін і наконт адрозненняў почырку і подпісу біскупа ў параўнанні з іншымі яго дакументамі адзначыў:
«Розніца ў дзесяцігоддзі зробіць сваю справу, і плюс мой "афіцыйны" почырк, калі я стараюся, і калі "проста пішу" – дзве вялікія розніцы. Да таго ж у сертыфікаце можа быць нават дзве рукі: адна запаўняе бланк, іншая падпісвае. Адна справа пісаць чарніламі, а іншая – шарыкавай ручкай. Мяне больш пераконвае рассінхрон ў назвах катэдры. Але, з іншага боку, я не веру, што калі гэта фальсіфікат, то фальсіфікат прадаўца».
Таксама і адзін з каталіцкіх святароў у непублічным абмеркаванні задаўся пытаннем, «ці рэнтабельна за такія грошы прадаўцу ці тым асобам, што зрабілі падробку, ашуканцам, вывучаць столькі матэрыялаў, подпісы, пячаткі, праводзіць працы ў архівах, супастаўляць перыяды і г.д., каб прадаць за кошт, які не ва ў многім пакрые ўсе намаганні».
Адзін з удзельнікаў абмеркавання адзначыў, што «мошчы святой Ефрасінні былі муміфікаваны, таму ніякіх падобных костак не можа быць»:
«Да таго ж мошчы заўсёды былі ў праваслаўных (акрамя часу, калі знаходзіліся ў віцебскім атэістычным музеі). Ёсць фота і апісанне, як ускрывалі раку ў 20-х. У мошчаў Ефрасінні не хапае толькі некалькі фалангаў пальцаў, якія пакінулі ў Кіеве. Калі гэта сапраўды нейкая рэліквія, то Параскевы».
Яшчэ адзін з удзельнікаў дыскусіі паведаміў, што напісаў прадаўцу і спытаў, які год указаны на сертыфікаце:
«Адмовіліся адказаць, бо я не прапанаваў ніякай сумы за лот. Таксама на старонцы піша, што лот знаходзіцца ў Ватыкане, але калі мне адказваюць у чаце – Чарнагорыя».
У выніку пытанне аб сапраўднасці рэліквій і аб тым, каму яны належаць, застаецца цалкам не высветленым. Калі гэта ўсё ж фальсіфікацыя, то цікава, кім яна можа быць выканана і калі. Тым часам, кошт лота вырас і ужо амаль дасягнуў 2 тыс. даляраў.
Related items
- Каляндар каталіцкіх святаў у 2025 годзе – Вялікдзень у адзін дзень з праваслаўнымі і 4 выходных на Каляды
- Напярэдадні выбараў у Польшчы абвешчана 9-месячная малітва
- Манахіня ў Гродна здымае на відэа, як стварае вышыўку на літургічных прадметах
- У касцёлах пачаліся асаблівыя службы – Рараты. Як яны праходзяць, паказалі ў Пінску
- Аб поўным аднаўленні касцёла заявілі ў Смаленску. Ці вернуць яго католікам?