Таррэс'юдад - прыгажосць сярод гор [ВІДЭА]
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Гэты санктуарый Божай Маці ў Іспаніі ўжо 40 гадоў прыцягвае многіх пілігрымаў.
Таррэс'юдад (Torreciudad) — санктуарый у Іспаніі, месца «жыхарства» Маці Божай, вядомы мясцовым з 11 стагоддзя і адроджаны ў 70-х гадах дваццатага стагоддзя па ініцыятыве святога Хосэмарыі Эскрывы (ФОТА глядзіце тут >>>). Велічны храм з комплексам будынкаў і галерэямі на горных сцежках знаходзіцца ў правінцыі Уэска (Huesca), у дваццаці кіламетрах ад Барбастра — горада, дзе нарадзіўся і жыў у дзяцінстве Хосэмарыя Эскрыва. Праект святыні быў распрацаваны вядомым архітэктарам Эліядора Долсам (Heliodoro Dols). Будаўніцтва санктуарыя скончылася летам 1975 года, неўзабаве пасля смерці «святога штодзённасці». 5 ліпеня 2015 года Таррэс'юдад адзначыў сорак гадоў, паведамляе старонка Opus Dei Belarus.
Калі Хосэмарыі было два гады, ён цяжка захварэў, і урач — сябар сям'і, не даваў малому ніякіх шанцаў на тое, каб выжыць. Але яго бацькі — пабожныя католікі, маліліся, і абяцалі, што здзейсняць з сынам пілігрымку ў Таррэс'юдад, калі той ачуняе. Так і адбылося. Урач вельмі здзівіўся, калі на пытанне: «Аб якой гадзіне памерла дзіця», маці правяла яго ў пакой, дзе 2-гадовы Хосэмарыя весела скакаў па ложку. Праз дзесяткі гадоў пасля гэтага святы наведаў занядбаны санктуарый. Ён гаварыў, што тут будзе новы храм, велічны, прыгожы, і ў Таррэс'юдад будуць з'язджацца тысячы і мільёны пілігрымаў са ўсяго свету. Тады, на пачатку 70-х, напэўна мала хто даваў веры гэтым словам святара. Але зараз усё сказанае спраўдзіліся — кожны дзень да святыні едуць людзі з розных краін свету.
У санктуарыі каля алтара ўсталявана скульптура святога Хосэмарыі, які кленчыць. На вялізным алтары размешчаны сцэны з жыцця Маці Божай — Заручыны, Дабравесце, Нараджэнне Езуса Хрыста, Уцёкі ў Егіпет, жыццё ў Назарэце, Укаранаванне Панны Марыі. Храм мае сорак канфесіяналаў, капліцы Піларскай, Ларэтанскай, Гвадалупскай Маці Божай, Маці Святога Сямейства, Хрыста Укрыжаванага. Арган з 4 тысячамі труб стварае незабыўную атмасферу велічнасці і сакраментальнасці. Пілігрымы са ўсяго свету прывозяць у санктуарый статуэткі і абразы Маці Божай. Так з'явіўся цэлы музей, некалькі галерэй з выявамі Маці Божай. З Японіі, Кітая, Гватэмалы, Італіі, Польшчы, краін Афрыкі і Амерыкі, іспанскіх правінцый. Тут мы сустрэлі абразы з нашых краін-суседак Літвы, Украіны, Расіі. Вось толькі абраза з Беларусі не было. А зараз ёсць — Маці Божая Будслаўская.
«Ці вядзе гэтая дарога да храма? - Не, гэтая дарога не вядзе да храма. - А навошта тады дарога, якая не вядзе да храма?», - пыталася ў фільме «Пакаянне» Тэнгіза Абуладзэ старая кабета. У Таррэс'юдадзе ўсе накіроўвае думкі да Пана Бога. Тут неверагодным і цудоўным чынам спалучыліся тое, што створана Госпадам для чалавека — маляўнічая прырода, і тое, што чалавек стварыў на хвалу Бога і яго Маці — велічны санктуарый. Галерэі змяшчаюць усе таямніцы Ружанца. Сцэны з жыцця нашага Госпада выкананы з мазаікі дасканала і прыгожа. Алтарная частка не дае адарваць вочы ад сцэн жыцця Маці Божай, і паглыбіцца ў свае мітуслівыя думкі пра часовае-зямное.
У ціхім месцы, на сцяжынцы да старога санктуарыя, размешчаны на скалах сцэны з жыцця Святога Юзафа, якога вельмі шануюць у Opus Dei. Жыццё ў санктуарыі не спыняецца: увесь час прыходзяць і прыязджаюць пілігрымы са ўсяго свету, некалькі разоў у дзень цэлебруецца Святая Імша, праходзяць розныя культурныя і рэлігійныя мерапрыемствы.
Media
Related items
- У Беларусі засталося менш за 500 рыма-каталіцкіх парафій
- Сталі вядомыя імёны чыноўнікаў і мецэнатаў, якія дапамагаюць Каталіцкай царкве ў Беларусі
- «Ніколі ні ад каго не атрымлівалі скаргаў». Што вядома пра сітуацыю святара, якога судзяць у Шуміліна
- Зноў без католікаў – прэміі «За духоўнае адраджэнне» не прысуджаюць прадстаўнікам Касцёла шосты год запар
- Навагодні фільм-канцэрт ад «Радыё Марыя»: 13 нумароў, выкананых ад душы