Урачыстасці ў гонар Божай Маці прайшлі ў Лагішыне і Браславе
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
«Мы заклікаем Маці Божую дапамагчы сучаснаму чалавеку вызваліцца ад зла».
21-22 жніўня ў каталіцкіх санктуарыях у Лагішыне (Пінская дыяцэзія) і Браславе (Віцебская дыяцэзія) прайшлі ўрачыстасці ў гонар Божай Маці - Каралевы Палесся і Божай Маці - Уладаркі азёраў. На абедзве ўрачыстасці ў санктуарыі прыбылі сотні паломнікаў, у тым ліку - у складзе пешых пілігрымак, якія правялі ў шляху некалькі дзён.
Падчас урачыстасці ў Лагішыне Біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім прысутным вернікам, каб Панна Марыя дала ім «адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, атмасферу міру і любові».
- Няхай Марыя паспрыяе, каб гэтая атмасфера чароўнай Божай мелодыі напоўніла цябе, а ты, напоўнены ёю, вяртаўся ў гэты свет Божы, і Божую любоў перанёс у паўсядзённае жыццё тваё і нашай любай Бацькаўшчыны», - гэтыя словы іерарх скіраваў да кожнага з удзельнікаў урачыстасцяў, цытуе Catholic.by. Цэлебраваў імшу ў Лагішыне біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Напярэдадні падчас імшы для пілігрымаў ён адзначыў:
- Мы заклікаем Маці Божую дапамагчы сучаснаму чалавеку, дапамагчы нам вызваліцца ад зла. Найперш ад зла, якое месціцца ў нашых сэрцах, нашых імкненнях, жаданнях. Тут павінна фармавацца наша жыццёвая пастава, тут павінен закараніцца біблейскі прынцып: зло перамагай дабром.
На пачатку Імшы ў Браславе віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч сардэчна прывітаў усіх тых, хто сабраўся ў гэты дзень каля абраза Маці Божай Валадаркі азёраў, каб раздзяліць радасць урачыстасці з вернікамі Віцебскай дыяцэзіі: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможных біскупаў архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага SDВ.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў прысутных зноў угледзецца ў абраз Маці Божай Валадаркі азёраў і звярнуў увагу, што Марыя на абразе трымае маленькага Езуса - «і хацела б трымаць на руках кожнага з нас, Яна прытуляе да сябе свайго Сына і гэтаксама хацела б прытуліць кожнага».
- Няхай Марыя будзе для нас прытулкам, – пажадаў іерарх, заахвоціўшы прысутных у цяжкія хвіліны жыцця маліцца і прасіць Маці Божую дапамагчы прыняць правільнае рашэнне.
Related items
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы