BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Адзін дзень у пілігрымцы і фэст у Будславе - 70 лепшых фота + відэа

Праз спякоту і дождж сотні кіламетраў паломнікі з радасцю ішлі да Божай Маці.

30 чэрвеня - 1 ліпеня ў беларускім мястэчку Будслаў прайшоў традыцыйны каталіцкі фэст у гонар Панны Марыі. Каб памаліцца ля старадаўняга цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай прыбылі тысячы паломнікаў, з іх каля 2,5 тысяч ішлі пешшу з розных куткоў Беларусі. Самай шматлікай - больш за 260 чалавек - стала пілігрымка з Баранавічаў, якая за 9 дзён прайшла амаль 300 кіламетраў.

Большасць удзельнікаў адправіліся ў шлях не першы раз, бо пілігрымка - гэта заразна. Многія ўвесь год чакаюць гэтай падзеі, якая становіцца самай яркай прыгодай лета. Дзевяць дзён выпрабаванняў і велізарнай радасці, гара цяжкасцяў і мора эмоцый... У адной з песень, якую спяваюць у дарозе пілігрымы, гаворыцца пра тое, як многія людзі думаюць, што ў пілігрымаў «не ўсё ў парадку з галавой».

Сапраўды, па-чалавечы - глупства ісці па спякоце па 30-40 кіламетраў у дзень, шаруючы да крыві ногі. Навошта столькі намаганняў дзеля малітвы, тым больш калі можна проста прыехаць у Будслаў? Але ў гэтай жа песні ёсць адказ, навошта паломнікі ідуць на такія ахвяры: іх кліча на сустрэчу Божая любоў - адчуўшы яе, немагчыма не адказаць узаемнасцю. Гэта любоў, якая творыць цуды і ўзносіць душу ўгору, зараджае велізарнай энергіяй і радасцю, хоць, вядома, стомленасць цягне да зямлі і вельмі баляць ногі. З такім зарадам, у цёплых зносінах, з малітвамі, песнямі і нават танцамі моладзь, дарослыя, пенсіянеры, святары і сёстры законныя ідуць дзень за днём і не хочуць, каб пілігрымка завяршалася.

Мы далучыліся да баранавіцкага паломніцтва на фінальным адрэзку шляху і сустрэлі пілігрымаў у вёсцы Даўгінава. Пасля стомнага дня хуткай хады вернікі - з пагарэлымі тварамі, перавязанымі нагамі - не леглі адразу спаць. Зусім наадварот - пасля малітвы ў касцёле, вячэры і лазні паломнікі да паўночы скакалі пад канцэрт праслаўлення Бога, які зладзілі ў школе, дзе начавалі.

У Будславе пілігрымы традыцыйна прайшлі апошнія метры да абраза Маці Божай на каленях, прадставіўшы Панне Марыі свае просьбы, якія неслі ў пілігрымцы. Вечарам для паломнікаў зладзілі адмысловую святую Імшу, а каля паўночы ля святыні прайшла працэсія, якую суправаджалі тысячы вернікаў з запаленымі свечкамі і святая Імша. З трэцяй гадзіны ночы і да самага ўсходу сонца ў намётавым лагеры пілігрымаў ішоў канцэрт праслаўлення Бога - моладзь ізноў танчыла без стомы. У суботу, пасля цэнтральнай святой Імшы, паломнікі пакідалі блаславёнае месца са слязамі на вачах і развітваліся адзін з адным да наступнага года.

Нагадаем, мы вялі Twitter-трансляцыю з розных пілігрымак у Будслаў. Пілігрымы ў дарозе выкладалі фота і відэа, дзяліліся сваімі ўражаннямі ў онлайн-рэжыме.

Media

Last modified onНядзеля, 02 Ліпень 2017 17:28
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць