BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Май - месяц Марыі. Маёвыя набажэнствы

Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі.

Маёвыя набажэнствы маюць вельмі багатую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў Егіпце. Ужо ў V стагоддзі хрысціяне (копты) збіраліся на працягу ўсяго месяца мая, каб спяваць песні ў гонар Марыі. Упершыню май быў названы месяцам Марыі ў 1549 г. у Германіі ў кнізе «Май духоўны».

У 1814 г. папа Пій VII выдаў булу, у якой адобрыў практыкаванне маёвых набажэнстваў. Папа Пій IX заахвоціў праводзіць гэту малітоўную практыку з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Афіцыйнае папскае адабрэнне маёвых набажэнстваў паспрыяла іх распаўсюджванню ў Касцёле. З часам з’явіўся звычай праводзіць набажэнствы каля прыдарожных каплічак, бо некаторым вернікам было далёка дабірацца да касцёла.

Вельмі важна практыкаваць маёвыя набажэнствы і сёння, запрашаць і заахвочваць іншых, асабліва дзяцей і моладзь, да ўдзелу ў гэтай малітве. Звычайна падчас мёвых набажэнстваў чытаецца або спяваецца Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi (Ларэтанская). Малітва Марыі Няшмат напісалі евангелісты на тэму малітвы Марыі. Некалькі радкоў, якія пачынаюцца словамі: «Велічае душа мая Пана...». Безумоўна, Марыя малілася многа, аднак толькі гэтыя словы запісаў евангеліст Лука.

Варта звярнуць увагу на тры аспекты малітвы Марыі: малітва Святым Пісаннем, малітва сваім жыццём, малітва гісторыяй свету. Малітва Марыі «саткана» з цытатаў са Старога Запавету. Гэта кажа пра тое, што Марыя вельмі добра ведала Святое Пісанне і ўмела маліцца, разважаючы над гэтымі тэкстамі, а ў пабожных асобах, пра якіх апавядалася, бачыла для сябе ўзор. Таму паўтарала іх словы.

Другі аспект малітвы Марыі — здольнасць маліцца ўласным жыццём, бачыць у ім Божае дзеянне. Марыя заўважае Бога і дзякуе Яму, што «ўзглянуў на пакору слугі сваёй» і ўчыніў ёй справы вялікія. Прыгожая здольнасць! Бачыць падзеі свайго жыцця як справы Бога, а не выпадковасці, бачыць у іх самога Бога. Хто разумее, што вялікія справы ўчыніў яму Усемагутны, і ўмее за тое дзякаваць Богу, той моліцца на ўзор Марыі. Марыя, аднак, не абмяжоўваецца толькі асабістай падзякай, асабістымі справамі. Яна бачыць, што Божая міласэрнасць ідзе з пакалення ў пакаленне, на тых, хто Яго баіцца.

Марыя ведае, што Бог «прыніжае вяльможных, а ўзвышае духоўна заможных», дапамагае бедным і прыніжаным. Марыя бачыць справы Бога і праслаўляе Яго. Яна бачыць Божае дзеянне ў сваім жыцці, у жыцці свайго народа і ў гісторыі свету. Прыклад Марыі заахвочвае нас іначай паглядзець на сваё жыццё, каб убачыць у ім і ў гісторыі свету Божае дзеянне, Божую прысутнасць.

Падрыхтаваў кс. доктар Уладзіслаў Мрувка, Catholic.by.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць