"Недапушчальна і незаконна". Біскупы заявілі пратэст аб дзеяннях сілавікоў у Чырвоным касцёле
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
АМАП заблакаваў дзверы храма падчас разгону мірнай акцыі на плошчы Незалежнасці - магчыма, для таго, каб у касцёл не змаглі схавацца людзі
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заяўляе рашучы пратэст на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўвечары 26 жніўня заблакавалі ўваход і выхад у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).
Іерарарх папярэджвае дзяржаўныя ўлады Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва сілавых структур, што падобныя дзеянні з’яўляюцца недапушчальнымі і незаконнымі. Касцёл з’яўляецца святыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя.
Блакаванне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь праву грамадзянаў на свабоду сумлення і веравызнання, абражае пачуцці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых.
Пратэст Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага падтрымлівае Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерархі выказваюць надзею на тое, што падобныя дзеянні сілавых структур на тэрыторыі святыняў больш ніколі не паўтарацца.
Назаўтра кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заявіў свой рашучы пратэст "супраць неправамерных дзеянняў сілавых структур, якія па сваім прызначэнні пакліканы абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнання, а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам":
- Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя панесці пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве.
Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY
Media
Related items
-
Вядомы святар з Мінска пераведзены ў мястэчка на перыферыі. Па якой прычыне?
-
Пра жыццё Тадэвуша Кандрусевіча выйшла кніга на беларускай мове
-
«Даўно такога не бачыў». Біскуп выказаў захапленне звычаем у вясковай парафіі
-
Як гучыць Бах на 100-гадовым аргане ў драўляным беларускім касцёле, паказала парафія
-
Трансляцыя Імшы на беларускім радыё засталася. Разабраліся, чаму вернікі яе не чулі