BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«За тых, хто церпіць пераслед». Біскуп Касабуцкі - аб тым, як правесці Вялікі пост

А вядомыя хрысціяне краіны заклікалі да агульнанацыянальнай малітвы за Беларусь

У Папялец, 17 лютага, біскуп Юры Касабуцкі апублікаваў свае разважанні на Вялікі пост, які пачаўся ў католікаў.

- Абрад пасыпання попелам на пачатку гэтага літургічнага перыяду нагадвае нам аб тым, што жыццё чалавека на гэтым свеце часовае і хутка прамінае. «Памятай, што ты - прах і ў прах вяртаешся», - кажа святар, пасыпаючы сімвалічна попел на нашыя галовы. Гэтыя словы заахвочваюць нас звярнуць увагу на справы вечнага жыцця і духоўныя каштоўнасці, якія нярэдка ў штодзённым жыцці пад уплывам шматлікіх справаў, заняткаў, перажыванняў і клопатаў мы забываем.

Біскуп нагадаў, што «Кайцеся і верце ў Евангелле», - так гучыць другая форма словаў пры пасыпанні попелам.

- Гэта ўжо заклік знайсці адпаведны час, каб зрабіць рахунак сумлення, задумацца над сваім жыццём, сваімі ўчынкамі, адказаць самому сабе на пытанне, што ў маім жыцці было дрэнным, якія я раблю памылкі, можа я кагосці пакрыўдзіў і т.п., зразумець сваю слабасць і ўсведаміць сабе свае грахі. Пакаянне з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця хрысціяніна, бо гэта крок да працы над сабой, якая вядзе да дасканаласці.

Другая частка заахвочвае нас умацоўваць нашу веру, нашу сувязь з Богам, дадаў іерарх. Гэтаму паспрыяе большая колькасць часу, які мы прысвяцім малітве і духоўным практыкам, чытанню Бібліі і іншай духоўнай літаратуры, часцейшае наведванне кацёла для асабістай малітвы і для ўдзелу ў спецыяльных набажэнствах (Крыжовы шлях, Песні жальбы).

- Час Вялікага посту павінен паспрыяць нашаму духоўнаму росту, зрабіць нас хоць трошкі лепшымі. Гэта час пэўнага змагання са сваімі недахопамі і слабасцямі, якое бывае нялёгкім, але калі мы зможам асягнуць хоць маленькую перамогу і стаць хоць трошкі ў чымсці лепшымі, то мэта будзе асягнута, і мы зробім крок наперад.

Мэта пастановаў, якія вернік робіць на пачатку посту, - наблізіцца да Бога і зрабіцца трошкі лепшымі:

- З гэтымі пастановамі мы злучаем пэўныя абмежаванні (устрымліваемся ад гучных вясёлых забаваў, паводле магчымасці і стану здароўя робім абмежаванні ў ежы і інш.). Без малітвы і духоўных практык, без працы над сабой, без учынкаў міласэрнасці гэтыя абмежаванні маюць невялікі сэнс. Напрыклад, абмежаванне ў ежы можа быць звычайнай дыетай, якая трошкі аздаравіць нашае цела, але для духоўнага жыцця не прынясе карысці.

Асабліва падчас Вялікага посту біскуп Юры Касабуцкі заахвоціў маліцца за Бацькаўшчыну і за народ, ахвяраваць свае велікапосныя практыкі і малітвы за тых, хто церпіць пераслед і каму найбольш патрэбная Божая дапамога.

Таксама 17 лютага вядомыя хрысціяне краіны апублікавалі сумеснае відэа з заклікам да агульнанацыянальнай малітвы за Беларусь:

- Давайце аб’яднаемся ў малітве кожны дзень а 21-ай гадзіне, а таксама будзем маліцца за Беларусь на багаслужэннях, асабліва ў пятніцу вечарам. Мы хочам, каб гэты час стаў часам агульнанацыянальнай малітвы за Беларусь.

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць