«Кожная цемра змяняецца святлом». Пасланне біскупа Велікасельца на Вялікдзень
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, заклікаў каталіцкі іерарх
Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся з пастырскім пасланнем на Вялікдзень, які католікі адзначаць 4 красавіка.
Пасха для вернікаў - гэта гарантыя ўваскрасення да новага жыцця ў міры, справядлівасці і бясконцай славе, адзначае іерарх:
- Уваскрасенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць - гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці. Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху - свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзей. Цялесная смерць - гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы.
Радасная навіна аб уваскрасенні Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці, нагадаў біскуп Велікаселец. Таксама ён падкрэсліў, што ўжо больш як год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні:
- Пандэмія каранавірусу яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій. Нябачны воку вірус уціхамірвае людскую пыху. Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць пакуль церпяць невінаватыя. Хрыстус вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў. Пустая магіла, у якую паклалі цела Езуса, сімвалізуе мост, які пабудаваў Хрыстус, - мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй.
Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання. Праз гэта мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрасення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі, падкрэсліў іерарх. Ён асабліва заклікаў «бескарысліва дапамагаць тым у нашай светлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе»:
- Што б ні адбывалася вакол нас - не бойцеся чыніць дабро.
Біскуп Велікаселец адзначае, што сёлета не ў кожнай сям’і велікодная радасць будзе поўнай:
- Горача прашу Бога, каб Ён у сваёй міласэрнасці дапамог усім нам - пастырам і вернікам - супрацьстаяць выклікам нашага часу. Кожная цемра змяняецца святлом. Разам з вамі малюся аб гэтым святле. Беларуская паэтэса Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: «Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас». Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён - «дарога і праўда і жыццё».
Related items
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- Не фэйкі і не хакеры: «Радыё Марыя» працягвае збор і тлумачыць непаразуменні
- У Ізраілі католікі з Беларусі спакойна перажылі атаку Ірана, але «вайна дастала»
- Без цуду, але з падтрымкай: як «Радыё Марыя» выходзіць з цяжкай сітуацыі
- Паранены святар, пасадка бульбы: як жывуць пры абстрэлах вернікі Харкава і рэгіёну