«Я супраць гвалту, хлусні». Біскуп Касабуцкі пракаментаваў напад на Курыю ў Мінску
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Іерарх заклікаў да малітвы за ўсіх, каму найбольш патрэбна Божая ласка, каб вытрымаць у выпрабаваннях
Каталіцкі біскуп Юры Касабуцкі напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што шматлікія людзі скіравалі да яго словы падтрымкі і салідарнасці пасля інцыдэнту ў ноч на 19 траўня, калі быў здзейснены напад на Курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Невядомыя перабраліся праз плот, трапілі на прыватную тэрыторыю, разбілі шкло ў прыпаркаваным аўто, кінулі вазай у дзверы, пашкодзілі дамафон.
Афіцыйныя органы пра гэта пакуль не паведамлялі, а ў сацсетках пачалі выказваць меркаванне, што напад зможа быць здзейснены з-за заявы біскупа Касабуцкага з падтрымкай незалежных журналістаў і партала Tut.by.
- Не варта кагосьці абвінавачваць, пакуль не скончыцца следства. Гэта важна, таму што заўсёды ёсць небяспека абвінаваціць нявіннага чалавека, - напісаў іерарх.
Ён падзякаваў усім за падтрымку і заўважыў:
- Гэта вельмі важна, бо наша людская салідарнасць з'яўляецца праявай чалавечай дасканаласці і здольная рабіць нават цуды... Мяне найбольш кранае тое, што звяртаюцца людзі розных канфесій, нацыянальнасцей, поглядаў і выказваюць сваю падтрымку. У гэтым адзінстве наша моц, бо мы праяўляем сябе як адзіны беларускі народ... Вы - найлепшыя людзі ва ўсім свеце!
Біскуп Касабуцкі адзначыў, што заўсёды падтрымлівае «чалавека церпячага, пераследаванага, якому цяжка»:
- Я малюся і заахвочваю маліцца за ўсіх тых, каму найбольш патрэбна Божая ласка, каб вытрымаць у выпрабаваннях. Я быў, ёсць і буду супраць гвалту, насілля, здзекаў, катаванняў, рэпрэсій і хлусні...
Іерарх папрасіў аб малітве праз заступніцтва благаслаўлёнага Ежы Папялушкі - польскага святара, закатаванага камуністычнымі спецслужбамі.
Related items
-
Цяпер – і ў Дзень працы. Католікам у Беларусі дазволілі не трымаць пятнічны пост 1 мая
-
Сваю «Радаўніцу» адзначылі і католікі – у адзіным такім месцы ў Беларусі
-
Асноўную частку некаторых парафій у РФ складаюць замежнікі. Чаму гэта можа стаць праблемай?
-
У беларускім Касцёле адрэагавалі на крытыку ў адрас Папы – але не афіцыйна
-
У чым сімвалізм, новыя дэталі і пры чым польскі святар да сітуацыі з грэка-католікамі Брэстчыны